У Лондане палічылі малаверагоднай адпраўку войскаў ва Украіну для абароны ад Расіі
Украіна — не сябра NATO, таму адпраўка туды вайскоўцаў у выпадку расійскага ўварвання «вельмі малаверагодная», заявіў кіраўнік Мінабароны Вялікабрытаніі Бэн Уолес, павеламляе www.dw.com.
Міністр абароны Вялікабрытаніі Бэн Уолес усумніўся ў тым, што Лондан і яго саюзнікі адправяць войскі ва Украіну ў выпадку расійскага ўварвання. «Украіна не з'яўляецца чальцом NATO, таму вельмі малаверагодна, што хто-небудзь адправіць туды салдат, каб кінуць выклік Расіі», — заўважыў Уолес у відэаінтэрв'ю для часопіса The Spectator, якое выйшла ў суботу, 18 снежня.
«Мы не павінны падманваць людзей, што маглі б гэта зрабіць. Украінцы пра гэта ведаюць», — дадаў міністр.
Па словах Уолеса, Вялікабрытанія можа дапамагчы Украіне ў «нарошчванні патэнцыялу». Пры гэтым пагроза жорсткіх эканамічных санкцый — тая форма стрымлівання Расіі, якой Лондан будзе прытрымлівацца з найбольшай імавернасцю, адзначыў ён. Адной з такіх мер, па словах кіраўніка Мінабароны Вялікабрытаніі, можа стаць адключэнне Расіі ад міжнароднай аплатнай сеткі SWIFT.
Канфлікт Масквы і Захаду
Захад абвінавачвае Маскву ў эскалацыі канфлікту з Украінай і пагрозе ваеннага ўварвання ў гэтую краіну. Масква адмаўляе такія намеры і ў сваю чаргу абвінавачвае Захад ва ўзбраенні Украіны і правядзенні манеўраў каля расійскіх межаў.
17 снежня МЗС Расіі апублікаваў спіс патрабаванняў да NATO, якія прадугледжваюць адмову ад далейшага пашырэння на Усход і ад прыёму Украіны ў склад Альянсу, ад вядзення вайсковай дзейнасці на тэрыторыі краін Усходняй Еўропы, Закаўказзя і Цэнтральнай Азіі, а таксама адмову ад размяшчэння ракет сярэдняй і малой далёкасці на пазіцыях, з якіх яны могуць трапіць на тэрыторыю Расіі.