Расія працягвае сцягваць войскі да мяжы з Украінай — CNN

Расія нарошчвае ваенную моц. На мяжы з Украінай, па даных амерыканскай выведкі, разгорнута больш за 50 так званых батальённых тактычных груп, па 900 чалавек у кожнай, піша korrespondent.net.

Фота: Global Look Press

Фота: Global Look Press

Расійскія ўлады працягваюць нарошчваць войскі ля мяжы з Украінай, нягледзячы на размову прэзідэнтаў ЗША і РФ Джо Байдэна і Уладзіміра Пуціна на мінулым тыдні, падчас якога амерыканскі лідар папярэдзіў Крэмль аб «жорсткіх мерах» у адказ на ўварванне. Пра гэта паведамляе CNN са спасылкамі на крыніцы ў амерыканскай выведцы.

Адзначаецца, што ў апошнія дні ў прыгранічныя раёны было адпраўлена вялікая колькасць ваенных. Таксама Расія пачала выкарыстоўваць камерцыйныя паветраныя і чыгуначныя сістэмы для падтрымкі вайсковых намаганняў. Аналагічная дзейнасць у паветры і на чыгуначных шляхах была заўважная вясной.

Паводле апошніх звестак амерыканскай выведкі, на мяжы з Украінай і вакол яе разгорнута звыш 50 так званых батальённых тактычных груп (па 900 чалавек кожная). Гэтыя групы з'яўляюцца дыверсіфікаванымі і вельмі самадастатковымі баявымі адзінкамі з камбінацыяй войскаў, артылерыі, супрацьтанкавага ўзбраення, разведвальных і інжынерных частак.

Як паведамляецца, яны адыгрывалі вядучую ролю падчас наступу РФ на Данбас у 2014-м.

Аднак адміністрацыя Байдэна спадзяецца, што агрэсію Расіі ўдасца стрымаць дыпламатыяй.

Афіцыйны прадстаўнік Белага дома ў каментары CNN падкрэсліў: «Мы лічым, што перамовы былі б больш прадуктыўнымі, калі б адбываліся ва ўмовах дээскалацыі, а не эскалацыі».

Атрыманыя тэлеканалам спадарожнікавыя здымкі сведчаць, што Расія сканцэнтравала войскі і тэхніку за ўсё ў 30 мілях ад Украіны. З 7 верасня да 5 снежня колькасць расійскай вайсковай тэхнікі ў вёсцы Салаці на паўднёвым захадзе Расіі павялічылася.