Барыс Акунін: Расія будзе развальвацца далей

Пісьменнік і гісторык Барыс Акунін на старонках «Новой Газеты» разважае пра падзеі стогадовай даўніны, што прывялі да рэвалюцыі і руйнавання Расійскай імперыі і пра тое, што гісторыя можа паўтарацца.

Барыс Акунін. Фота РИА «Новости»

Барыс Акунін. Фота РИА «Новости»

«Татальная "вертыкальнасць" тармозіць і душыць ўсё жывое», — лічыць Акунін. Прапануем вам некаторыя развагі пісьменніка пра тое, чаму Расія і ў 1917 годзе, і ў 1990-я гады не засталася на дэмакратычных рэйках.

Страх пераменаў, які эксплуатуе сённяшняя ўлада, звязаны з жахамі рэвалюцыйнага і пострэвалюцыйнага часу ці ён увайшоў у кроў рускіх нашмат раней?

— Гістарычны досвед — у тым ліку зусім нядаўні, дзевяностых гадоў, — паказвае людзям, што рэзкія перамены небяспечныя. Таму большасць гатовая мірыцца са шмат чым, пакуль хоць неяк можна жыць.

Цяперашні рэжым стаіць на трох кітах: «не галадаем, і добра»; «не выйшла б горш»; «гэтыя ўжо накраліся, а прыйдуць новыя...».

— Наша вертыкаль улады не спраўляецца з цяперашнімі праблемамі?

— Так. Гэта мадэль, якая вельмі дрэнна працуе. Яна імкнецца ўсё кантраляваць — і тым самым усё прытармажвае і прымарожвае. Разбурае імунную сістэму грамадства, якое, калі б было прадастаўленае сабе самому, справілася б з вельмі многімі праблемамі натуральным чынам. Я, напрыклад, з вялікай цікавасцю вывучаў эпоху «рахманай Елісавет», якая мала ў што ўмешвалася — проста не замінала падданым жыць, і краіна пры ёй расквітнела, насельніцтва прымножылася, даходы казны ўзраслі.

— Чаму Расія і ў 1917 годзе, і ў 1990-я гады не змагла ўтрымацца ў дэмакратычных рамках?

— Я думаю, галоўная прычына — у малой колькасці сярэдняга класа. Менавіта гэтая частка насельніцтва зацікаўленая ў дэмакратычных механізмах. Бяда царскай Расіі ў тым, што з 1880-х гадоў аж да пачатку Сталыпінскай рэформы дзяржава наўмысна перашкаджала росту сярэдняга класа, бачачы ў ім — справядліва! — пагрозу самадзяржаўю.

Калі б сялянам дазволілі стаць фермерамі хоць бы на чвэрць стагоддзя раней, пралетарскай рэвалюцыі ў 1917 годзе не адбылося б.

Справа не дайшла б да Кастрычніка, абмежавалася б Лютаўскай рэвалюцыяй.

— Вы лічыце, што краіна, дзяржаўнасць якой была разбураная ў 1917 годзе, да гэтага часу хворая. Як бы вы вызначылі гэтую хваробу і яе прычыны?

— Калі адным словам — звышцэнтралізаванасць. Доўгі час гэта быў адзіны спосаб утрымаць разам такую аграмадную і неаднародную дзяржаву. Але ў сучасным свеце, калі галоўным рухавіком развіцця з'яўляецца прыватная ініцыятыва, татальная «вертыкальнасць» тармозіць і душыць усё жывое, паколькі не можа, не ўмее абыходзіцца без татальнага кантролю. А ад Масквы да ўмоўнага Уладзівастока вельмі далёка, і людзям, якія там жывуць, лепш відаць, чым з Нова-Агарова, як ім ладзіць сваё існаванне. Даўно наспеў час перабудаваць Расію з «вертыкальнай» дзяржавы ў «гарызантальную». Інакш яна сама стане перабудоўвацца — і разляціцца на аскепкі.

— Расія заўсёды была вайсковай імперыяй, якая трымалася на сіле. Людзей вучылі і вучаць не баяцца вайны, бачыць у ёй гераічнае дзеянне. Гарбачоў паспрабаваў перамяніць гэтую долю — і імперыя распалася. Спробы цяперашняй улады аднавіць яе з дапамогай ваенных пагроз да якіх вынікаў могуць прывесці?

— Да таго, што ацалелая палова былой савецкай імперыі будзе развальвацца далей, як толькі аслабее страх перад цэнтрам. Імперыі або пашыраюцца, або распадаюцца, статычнымі яны не бываюць. А патэнцыялу для пашырэння ў сучаснай Расіі я не бачу. Няма ні эканамічнага, ні палітычнага, ні навукова-тэхнічнага рэсурсу, каб вярнуць сабе пазіцыі звышдзяржавы. Расія не ўваходзіць нават у першую дзясятку сусветных эканомік. Па-мойму, Паўднёвая Карэя і тое больш магутная.

— З гісторыі, і не толькі нашай, вынікае, што спакуса аднавіць грамадзянскі мір, задумаўшы вайну, моцная ва ўсе часы. Як вы пішаце, «знешні вораг аб'ядноўвае нацыю і перанакіроўвае сацыяльную агрэсію ў карыснае ўраду рэчышча». Ці ёсць такая пагроза цяпер у святле ўкраінскіх праблем?

— Наўрад. Усё ж такі, мне здаецца, асноўная частка насельніцтва даволі млява рэагуе на дзяржпрапаганду. Дый аб'яднаўчай ідэалогіі нешта не праглядаецца…