У 2021 годзе Беларусь набрала ў доўг 1 млрд 65,5 млн долараў. 80% усіх пазык — з Расіі
У 2021 годзе асноўным крэдыторам Беларусі была Расія. Ва ўмовах санкцый беларускі ўрад не здолеў прыцягнуць прыкметныя сумы з Еўропы і ад заходніх фінансавых структур. На Расію прыпала 80,4% ад усіх знешніх запазычанняў нашай краіны, адзначае «Еўрарадыё».
Калі ў лічбах, дык усяго за 2021 год Беларусь набрала ў доўг
1 млрд 65,5 млн долараў. З іх з Расіі прыйшло $857 млн.
Астатнія грошы — ад Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця (163,5 млн долараў), фонду міжнароднага развіцця АПЕК (20 млн долараў), Кітая (14,9 млн долараў), а таксама ЕБРР і СІБ (10 млн долараў).
Звяртае на сябе ўвагу нізкі ўдзел Кітая. У прыватнасці, гэтая краіна спыніла
фінансаваць будаўніцтва Нежынскага горна-ўзбагачальнага камбіната пад Любанню.
Скарачэнне крэдытнай падтрымкі прывяло да запаволення гэтага праекта, якім
займаецца сябар Лукашэнкі, расійскі алігарх Міхаіл Гуцарыеў.
У 2022 годзе Беларусь хоча атрымаць ад Расіі яшчэ адзін
крэдыт — $3,5 млрд. Пра гэта на нарадзе пра супрацьдзеянне санкцыйным мерам у
Аляксандра Лукашэнкі распавёў віцэ-прэм'ер Мікалай Снапкоў.
«На гэты момант у прапрацоўцы заключэнне новай стабілізацыйнай праграмы з Еўразійскім фондам стабілізацыі і развіцця з выдзяленнем дзяржаўнага фінансавага крэдыту Расійскай Федэрацыяй. Агульная сума запытаных сродкаў — $3,5 млрд, што дазволіць кампенсаваць выпадаючыя еўрапейскія грошы па рэфінансаванні пазыкаў», — матываваў неабходнасць крэдыту Снапкоў.