Расія можа неўзабаве выдаць Яну Пінчук беларускім уладам
Пракуратура Санкт-Пецярбургу у хуткім часе мае вырашыць пытанне аб выдачы Яны Пінчук беларускім уладам. Адвакат кажа, што Яна будзе знаходзіцца ў СІЗА-5 у Санкт-Пецярбургу мінімум да сярэдзіны снежня...

4 снежня ў Санкт-Пецярбургу адбыўся суд аб абранні меры стрымання да экстрадыцыі ў Беларусь 24-гадовай жыхаркі Віцебску Яны Пінчук. На думку адваката, дзяўчына будзе знаходзіцца ў СІЗА-5 у Санкт-Пецярбургу мінімум да сярэдзіны снежня. Пасля пракуратура будзе вырашаць яе лёс і пытанне аб экстрадыцыі ў Беларусь.
Па дадзеных следства, 24-гадовая жыхарка Віцебска з верасня 2020 году па лістапад 2021-га ў месенджары Telegram адміністравала тры каналы.
Следства лічыць, што Яна Пінчук, дзейнічаючы з іншымі асобамі, збірала і размяшчала ў каналах персанальную інфармацыю грамадзян, публікавала паведамленні, у якіх змяшчаліся заклікі да захопу дзяржаўнай улады, гвалтоўнай змене канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь, размяшчала ў дачыненні пацярпелых заведама ілжывыя звесткі, якія іх зневажаюць, абвінавачванні ва ўчыненні злачынстваў.
25 сакавіка 2021 года рашэнням суддзі суду Чыгуначнага раёну Віцебску Святланы Варатынскай прадукцыя гэтых каналаў прызнаная экстрэмісцкімі матэрыяламі.

Цяпер адносіна дзяўчыны распачатыя і расследуюцца крымінальныя справы па ч.3 арт.130 (распальванне сацыяльнай варожасці і варожасці, учыненыя групай асоб); арт.188 (паклёп); ч.3 арт.203-1 (незаконныя дзеянні ў адносінах да персанальных даных іншай асобы); ч.3 арт.361 (заклікі да захопу дзяржаўнай улады, гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь, ажыццяўленню дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, учыненыя з выкарыстаннем глабальнай камп'ютарнай сеткі Інтэрнэт); ч.1 і ч.2 арт.361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і кіраўніцтва ім) КК Рэспублікі Беларусь.
Зараз усе эпізоды справы злучаныя ў адну вытворчасць, а “саўдзельнікі” па справе Яны Пінчук знаходзяцца ў вышуку.
Міхась Пісараў, viciebskspring.org