Беларусь папросіць у Расіі новы крэдыт
Беларусь хоча атрымаць ад Расіі крэдыт у $3,5 млрд. Пра гэта паведаміў намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Мікалай Снапкоў на нарадзе аб процідзеянні санкцыйным мерам, якое праводзіў Лукашэнка.
«На гэты момант у прапрацоўцы заключэнне новай стабілізацыйнай праграмы з Еўразійскім фондам стабілізацыі і развіцця з вылучэннем дзяржаўнага фінансавага крэдыту Расійскай Федэрацыяй. Агульная сума запытаных сродкаў — $3,5 млрд, што дазволіць кампенсаваць выпадаючыя еўрапейскія грошы па рэфінансаванні доўгу» — цытуе яго прэс-сакратарка беларускага ўрада Аляксандра Ісаева, піша REFORM.by.
Снапкоў лічыць, што ў выпадку адсутнасці выніку ад санкцый яны будуць узмацняцца, і спрагназаваць іх накіраванасць праблематычна.
Сярод асноўных каналаў уплыву ўведзеных санкцый на эканоміку ён назваў фінансавую сферу, экспарт прадукцыі і імпарт тэхналогій. Паводле яго слоў, ключавыя рызыкі ў фінансавым сектары канцэнтруюцца ў здольнасці забяспечыць разлікі прадпрыемстваў і ў прыцягненні знешняга фінансавання.
За 10 месяцаў бягучага года ў замежных банках-карэспандэнтах было затрымана да $10 млн у эквіваленце, што складае 0,01% ад месячнага абароту па знешнеэканамічных аперацыях.
«Зыходзячы з гэтых лічбаў сітуацыя далёкая ад крытычнай», — запэўніў Снапкоў.
Паводле яго даных, агульны аб’ём сродкаў нерэзідэнтаў ва ўсіх банках Беларусі на 1 снежня склаў 17 млрд беларускіх рублёў. Рост за гэты год — 1 млрд рублёў. На 950 млн рублёў павялічыўся аб'ём сродкаў з Расіі, на 200 млн — з Кітая «пры адначасовым чаканым зніжэнні сродкаў краін ЕС на 850 млн рублёў».
Адчувальным фактарам ён назваў санкцыі ЗША супраць беларускага дзяржаўнага доўгу з пятага пакета. Ён лічыць, што гэта прамая рызыка магчымасці яго рэфінансавання, у тым ліку па ўнутраных валютных дзяржзапазыках.
Паводле яго інфармацыі, у наступным годзе Беларусі трэба будзе пагасіць $3,3 млрд, у 2023-м — $4,7 млрд знешніх даўгоў разам з абслугоўваннем.
Ён таксама адзначыў праблему з прыцягненнем інвестыцый.
«Ва ўмовах адмовы большасці міжнародных фінансавых арганізацый ад супрацоўніцтва з Рэспублікай Беларусь і іншых опцый па прыцягненні інвестыцыйных сродкаў практычна адзінай крыніцай развіцця і эканамічнага росту з'яўляюцца ўнутраныя рэсурсы і ўнутраныя рэзервы», — сказаў ён.