Затрыманую ў Расіі беларуску Яну Пінчук змясцілі пад варту ў СІЗА ў Санкт-Пецярбургу
Сёння ў Санкт-Пецярбургу адбыўся суд аб абранні меры стрымання да экстрадыцыі ў Беларусь 24-гадовай Яны Пінчук. Да суда двое сутак яна ўтрымлівалася ў ІЧУ Васілевостраўскага раёна. Як распавяла адвакат Яны, пад вартай яна будзе знаходзіцца ў СІЗА-5 у Санкт-Пецярбургу мінімум да 10 снежня. Затым пракуратура будзе вырашаць яе лёс і пытанне аб экстрадыцыі ў Беларусь.
Крымінальную справу супраць Яны Пінчук распачалі ў траўні гэтага года праз тое, што яна «вяла нейкі тэлеграм-канал». Пакуль невядома, пра канкрэтна які тг-канал ідзе гутарка. Па папярэдняй інфармацыі, у дачыненні да беларускі распачатая справа па артыкулах аб распальванні варожасці і заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспекі. Як высветлілася, дзяўчыну абвясцілі ў вышук на радзіме. Цэлы год яна не ездзіла ў Беларусь, але на заўтра ў яе быў набыты квіток у Віцебск, каб разабрацца з крымінальнай справай. Затрымалі Яну 1 лістапада дома ў яе маладога чалавека, які з'яўляецца грамадзянінам Расіі.
Падтрымаць беларуску ў расійскім СІЗА можна праз анлайн-сэрвіс "ФСВП-ліст" (даходзяць на працягу трох рабочых дзён): fsin-pismo.ru/client/app/letter/create.
Пакуль Яна змяшчаецца па адрасе: СІЗА-5 (Арсеналка), 195009, Санкт-Пецярбург, вул. Арсенальная, дом 11, Пінчук Яна.
Вясна