«Дзмітрыю пагражаюць катаванні». Расія выдасць Беларусі яшчэ аднаго ўдзельніка акцыі пратэсту

Расія выдасць Беларусі ўдзельніка акцыі пратэсту, які абвінавачваецца ў прычыненні маральнай шкоды міліцыянту.



photo_2021_12_28_18_04_06.jpg

Расія выдасць Беларусі грамадзяніна Рэспублікі Дзмітрыя Падлобнікава, якога на радзіме абвінавачваюць у прычыненні маральнай шкоды супрацоўніку міліцыі на мітынгу. Пра гэта паведаміла “Дажджу” адвакат Марыя Красава.

Па яе словах, экстрадыцыя праводзіцца з парушэннямі.

Доказам па справе Падлобнікава лічыцца раздрукоўка праслухоўвання тэлефонных размоў яго знаёмых, паведаміла адвакат.

"Няма сумневаў, што дома Дзмітрыю пагражаюць катаванні, і што яго не чакае справядлівае судовае разбіральніцтва", — адзначыла Красава.

Дзмітрыя Падлобнікава затрымалі пасля акцыі пратэсту 9 жніўня 2020 года ў Жлобіне. Ён правёў трое сутак у раённым аддзеле міліцыі.

Пазней Падлобнікаў з'ехаў на працу ў Расію. У траўні 2021 года яго затрымалі на запыт беларускіх уладаў, ён знаходзіцца ў СІЗА ў падмаскоўнай Каломне.

У сакавіку прозвішча Дзмітрыя Падлобнікава згадваў схаваны сведка па справе траіх жыхароў Жлобіна, абвінавачаных у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і гвалце ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў на жнівеньскай акцыі пратэсту. Па словах сведкі (праваабаронцы паведамлялі, што гэта міліцыянт), удзельнікі акцыі білі па міліцэйскіх шчытах.