Пётр Кузняцоў: Аслаблення рэпрэсій наўрад ці варта чакаць у 2022 годзе
Ва ўнутранай палітыцы беларускія ўлады не збіраюцца адкручваць гайкі, затое не стануць паліць масты ў адносінах з Украінай і зусім адмовяцца ад падагравання міграцыйнага крызісу, лічыць палітычны аглядальнік Пётр Кузняцоў.
Пра тое, чаго чакаць у 2022 годзе ад беларускіх уладаў, дэмакратычных сіл і якой можа быць палітыка іншых краін у дачыненні да Беларусі, эксперт расказаў у інтэрв'ю Еўрарадыё.
Вайна замест дыялогу
Дыялогу паміж дэмакратычнымі сіламі і беларускай уладай не будзе, таму што ні адзін з бакоў гэтага не хоча, адзначае Пётр Кузняцоў. Пры гэтым не абавязкова ў 2022 годзе будзе ўзмацненне санкцый заходніх краін.
— Людзі, якія выказаліся за дыялог, зазаналі астракізм у інфармацыйнай прасторы. Раней таксама былі размовы пра перамовы. Але тады гэта гучала менавіта як перамовы пра правядзенне новых выбараў альбо пра сыход Лукашэнкі. Цяпер гэта такі торг: спыненне рэпрэсій у абмен на санкцыі.
Гэтая ідэя не знаходзіць падтрымкі з боку дэмакратычнага руху. І рэжым зусім не імкнецца ні да якога дыялогу. Там, наадварот, увесь час ваенная рыторыка. Раз'ярыліся, увайшлі ў азарт па пераследзе сваіх апанентаў.
Што да санкцый, мы пакуль нічога не ведаем пра наступны пакет. Зусім неабавязкова, што ён будзе вельмі сур'ёзны. Ці будзе ўзмацненне ціску, залежыць ад агульнай сітуацыі ў рэгіёне. На рашэнні можа паўплываць канфліктная сітуацыя паміж Захадам і Расіяй. У гэтым ураўненні мноства зменных, якія ў тым ліку могуць уплываць на курс Еўропы ў дачыненні да Мінска.
Шмат што будзе залежаць ад паводзінаў уладаў. Мы бачылі, што Еўропа вельмі неахвотна ішла на ўзмацненне санкцый. Санкцыі пасля 2020 года былі слабейшыя, чым пасля 2010 года. Больш сур'ёзныя крокі былі справакаваныя рэзкімі дзеяннямі беларускіх уладаў. Гэта, вядома, пасадка самалёта і міграцыйны крызіс.
Стварыць новую міграцыйную хвалю не выйдзе
Міграцыйны крызіс блізкі да завяршэння. Хоць невялікія групы мігрантаў яшчэ будуць заставацца ў Беларусі і спрабаваць трапіць у Еўропу, бо цэнтралізавана вывезці ўсіх немагчыма, адзначае Пётр Кузняцоў.
— Не апраўданы чаканні і не дасягнуты мэты беларускіх уладаў. Як мінімум пастаўлена пад сумнеў мэтазгоднасць далейшых спроб падаграваць крызіс. Гэта ўсё-ткі патрабуе рэсурсаў.
Еўрасаюз не даў ніводнай падставы сумнявацца, што ён будзе цвёрды і паслядоўны ў гэтым пытанні. Шмат мігрантаў ужо вярнулася дадому. Таксама шмат мігрантаў трапіла ў Еўропу. Яны расказваюць пра халодныя беларускія лясы, пра гвалт, пра безвыходнасць. Таму не атрымаецца зноўку запусціць гэтую хвалю.
У адносінах з Расіяй і Украінай лёсавызначальных рашэнняў не будзе
У адносінах з Расіяй і Украінай беларускія ўлады будуць старацца балансаваць так, каб не разарваць адносіны з Украінай канчаткова.
— Аляксандр Рыгоравіч больш за ўсё сябраваў з антырасійскімі прэзідэнтамі Украіны. З Януковічам у яго былі досыць прахалодныя адносіны. А вось з Юшчанкам — выдатныя. Вельмі добрыя прагматычныя адносіны былі з Парашэнкам. І гэта мае сваю логіку.
Выбудоўваючы добрыя адносіны з украінскім кіраўніцтвам, беларускі рэжым заўсёды атрымліваў добрага лабіста на Захадзе. І атрымліваў козыры ў гульнях з Масквой.
Яшчэ ва Украіны і Беларусі ёсць велізарныя ўзаемныя эканамічныя інтарэсы. Часткова таму Украіна, пачынаючы з 2020 года, не спяшалася займаць адназначна антылукашэнкаўскую пазіцыю. Але некаторыя моманты прымушалі Зяленскага займаць пэўную пазіцыю. Таму што беларускі бок не вельмі ўдала ўлез у аперацыю з арыштам прадстаўнікоў ПВК "Вагнер". Для Украіны было вельмі балюча, калі іх выдалі Расіі.
Аднак нават цяпер мы бачым, што Украіна не далучылася да апошняга пакета еўрапейскіх санкцый. Да іх далучыліся ЗША, Вялікабрытанія, Канада, Чарнагорыя і ўся Скандынавія.
Нават Сербія, якая адзіная з краін — кандыдатаў у сябры ЕС па-сапраўднаму прарасійская, далучылася. Ёсць вялізныя бізнес-інтарэсы Сербіі ў Беларусі.
Але не Украіна. Яна вытрымлівае паўзу, а Лукашэнка вуснамі амбасадара ва Украіне фактычна дэзавуяваў свае ранейшыя заявы пра прызнанне Крыма. Амбасадар ва Украіне зрабіў заявы, што мы падтрымліваем тэрытарыяльную цэласнасць Украіны.
Гэта гаворыць пра тое, што ўсё-ткі ўкраінскі і беларускі бакі не хочуць канчаткова спальваць масты. Таму ў гэтым трыкутніку не варта чакаць у найбліжэйшы час нейкіх лёсавызначальных рашэнняў.
Іншы варыянт, калі Расія вырашыць усё ж напасці на Украіну, то яна скарыстаецца беларускім плацдармам, асабліва не пытаючыся. Калі яна кіне з боку Бранска праз тэрыторыю Беларусі свае дывізіі, наўрад ці Беларусь зможа перашкодзіць. Але гэта зусім апакаліптычныя сцэнары, не думаю, што яны могуць спраўдзіцца.
Далей Украіна будзе знаходзіцца ў супрацьстаянні з Расіяй. А Беларусь проста будзе шукаць тут сваё месца. Каб выглядаць саюзнікам Расіі і не пашкодзіць сваім эканамічным інтарэсам ва Украіне. Гэта звышзадача ў сённяшніх умовах.
Санкцыі не адменяць рэпрэсіі
Аслаблення рэпрэсій беларусам наўрад ці варта чакаць у 2022 годзе. І знешні ціск не адаб'ецца на ўнутранай палітыцы беларускіх уладаў, перакананы суразмоўнік.
— Унутры Беларусі адназначна абраны курс на задушэнне ўсяго і ўся. Гэта даходзіць да маразму. Абвяшчаюцца экстрэмісцкімі фарміраваннямі аўдыторыі СМІ. І мы бачым, што працяг будзе. Калі будуць прызнаныя аўдыторыі, напрыклад, пяці буйных СМІ экстрэмісцкімі фармаваннямі, гэта будзе азначаць, што мільёна паўтара-два беларусаў ужо абвешчаныя злачынцамі альбо патэнцыйнымі злачынцамі.
Я так разумею, што высновы з 2020 года зробленыя прыкладна такія: што б ні адбывалася, гэтай стратэгіі ніхто адмяняць не будзе. Таму што на шалях з аднаго боку развіццё краіны, нармальны грамадскі лад, а з другога — улада, яе будучыня і існаванне наогул. І яны выбіраюць барацьбу за ўладу любой цаной.
Таму ўсе гэтыя знешнія падзеі палітыкі на ўнутраных працэсах не адбіваюцца і не адаб'юцца, хутчэй за ўсё, у найбліжэйшы час. Іншая размова, што ў кожнай з'явы ёсць мяжа. Груба кажучы, калі ў Беларусі станецца больш экстрэмістаў, чым неэкстрэмістаў, то сітуацыя якасна зменіцца. А ўлады гатовыя на гэта пайсці, калі ім падасца, што гэта трэба.
Пуцін хацеў бы сыходу Лукашэнкі, але мяняць няма на каго
Унутраныя пытанні беларуская ўлада будзе вырашаць без празмернага ўплыву Расіі, лічыць Пётр Кузняцоў.
— Я перакананы, што Уладзімір Пуцін з велізарным задавальненнем змяніў бы першую асобу Беларусі, калі б мог гэта зрабіць. Але гэта не так проста. У Лукашэнкі ёсць патэнцыял, каб супраціўляцца.
У той момант, калі Пуцін сапраўды мог гэта зрабіць, у яго проста не было варыянтаў, на каго гэтая замена павінна адбыцца. Пуціну трэба так змяніць канфігурацыю ўлады ў Беларусі, каб Беларусь засталася цалкам у арбіце Расіі.
Цяпер Расія ўжо не можа хутка памяняць уладу ў Беларусі. Магла б у 2020 годзе, калі б Пуцін адкрыта выказаў падтрымку пратэсту, напрыклад. У той момант гэта магло б адыграць вырашальную ролю ў настроі сілавікоў. Цяпер, калі ён нават выступіць з такімі заявамі, гэта ўжо настрой сілавікоў не зменіць.
Але Расія не можа і не магла б утрымаць Лукашэнку ва ўладзе ў выпадку рэальнай пагрозы для яго. Таму што ў Расіі досыць абмежаваны набор інструментаў для гэтага. Я схільны гаварыць, што ролю і магчымасці Расіі моцна перабольшваюць.