Пётр Кузняцоў пра змены ў Канстытуцыі: Прэзідэнт стане дырэктарам, якога УНС можа звольніць

Публіцыст і заснавальнік «Моцных навін» — аб прапанаваных уладамі зменах у Асноўны закон. 

aux_head_1572765784_20191103_portret_360.jpg

— Цяпер па СМІ і сацсетках паляцелі разборы прапанаваных змяненняў у Канстытуцыю — журналісты разбіраюць іх на атамы, таму спыняцца на кожным новаўвядзенні наўрад ці ёсць сэнс, — піша Пётр Кузняцоў. — Хочацца паспрабаваць уявіць сабе канцэптуальную карціну стану органаў улады пасля яе прыняцця.

Па-першае, нічога пасля ўвядзення новай рэдакцыі не зменіцца. Ужо было сказана, што нам, маўляў, пасля рэферэндуму трэба будзе зноўку сістэму адбудоўваць, таму ніякіх «датэрміновых» і «звыштэрміновых» не будзе. Пад гэта, уласна, заточана мноства пунктаў у самім тэксце — там ёсць і пра тое, як будуць працягваць дзейнічаць дзяржорганы, і пра тое, як яшчэ толькі закон, які рэгулюе фарміраванне ВНС, трэба будзе прымаць. Карацей, там вельмі шмат пра тое, каб як мага даўжэй можна было нічога не мяняць нават у рамках самімі прыдуманых змен.

Па-другое, вядома, вельмі цікава там з пасадай прэзідэнта. На самай справе, фармальна пазіцыя як бы захоўваецца, і нават паўнамоцтваў у яе, у пазіцыі, будзе дастаткова, толькі вось называць яе цяпер будзе правільна не «прэзідэнт», а, ну, хай «дырэктар». Таму што паўнамоцтвы нешта рабіць як бы ёсць, а вось што менавіта рабіць і ў якой рамцы — на тое цяпер будзе УНС. Гэты ж УНС, у выпадку невыканання, «дырэктара» можа папросту звольніць. Ну, вось, як Савет заснавальнікаў гэты наш УНС атрымліваецца, толькі не прыватнай карпарацыі, а дзяржавы.

Гэта, дарэчы, у цэлым вельмі цікавы момант, таму што важным з'яўляецца тое, як гэты Савет заснавальнікаў будзе фармавацца. Прапісана, што выбіраць (ну, як «выбіраць» — мы ж усе разумеем) туды будуць толькі прадстаўнікоў мясцовых Саветаў і грамадзянскай супольнасці. Астатнія, па ўсёй бачнасці, будуць уваходзіць туды па нейкіх квотах, у прынцыпе, як і цяпер. Так што…

Сам УНС, дарэчы, асаблівай руцінай не абцяжараны: збірацца можна раз у год і нават дэлегатаў ад асноўнай працы адцягваць не будуць — так запісана.

Звяртае на сябе ўвагу, што «дырэктар», ён жа прэзідэнт, усё ж будзе кантраляваць сілавікоў. Але гэта, мабыць, на той перыяд, пакуль гэтую пасаду будзе займаць дзеючы кіраўнік — яго ніякі УНС нікуды не пасуне.

А вось у будучыні, у выпадку смерці або адстаўкі прэзідэнта, кантроль над Радай Бяспекі будзе пераходзіць старшыні Савета Рэспублікі. Але, што праўда, наўрад ці па задумцы аўтараў гэта будзе сур'ёзна ўплываць на агульную карціну таго, што адбываецца.

Справа ў тым, што, зыходзячы з усёй канфігурацыі, аўтары новай Канстытуцыі зыходзяць з ідэальнага для сябе бачання, што ўлада ў краіне назаўжды замацоўваецца за адной групай людзей. Гэтая група інстытуцыялізуецца ў выглядзе УНС, які раз у год збіраецца, дамаўляецца, што і як далей, а потым зноў разыходзіцца — па сваіх кабінетах. І нават калі хтосьці раптам вырашыць сумленна абраць дэлегатаў з той самай грамадзянскай супольнасці або мясцовых Саветаў, большасць усё роўна будзе ў «кабінетных» і на расклад гэта не паўплывае.

І, у рамках гэтага ж «ідэальнага» бачання, прапісваюцца як механізмы гарантый былым прэзідэнтам, так і магчымасці, нават у выпадку сыходу з пасады, заставацца ва ўладзе вечна. Напрыклад, у якасці старшыні Савета Рэспублікі з патэнцыйным кантролем над сілавікамі і, не адрываючыся ад асноўнай працы, як прадугледжана — дэлегатам і старшынёй Прэзідыума УНС. Неяк так.

Схема нармальная, ёсць толькі адна патэнцыйная праблема. У гэтай рамцы магчымыя толькі два сцэнары развіцця падзей. Альбо «заснавальнікі» збіраюцца пажыццёва быць і выканаўцамі (што, вядома, выключана). Альбо, з улікам кадравага дэфіцыту нармальных маладых менеджэраў, з часам будзе нарастаць залежнасць першых ад другіх, а разам з ёй — і супярэчнасці. І менавіта тут і з'явіцца глеба для таго самага «расколу элітаў», якога так і не дачакаліся ў 2020-м.

Зрэшты, гэта-досыць аддаленая перспектыва. Ёсць мноства падстаў думаць, што і да гэтай фазы справы могуць не дайсці. Таму што нават выбудаваць зноўку палітычную сістэму, пры згаданым дэфіцыце кадраў, агульнапалітычным крызісе, эканамічных выкліках і ціску як з Усходу, так і з Захаду — той яшчэ чэлендж