Улады апублікавалі праект Канстытуцыі, у якім прапануецца імунітэт для былога кіраўніка краіны
З’явіўся тэкст праекту новай Канстытуцыі, прапанаваны Канстытуцыйнай камісіяй, створанай Лукашэнкам, паведамляе «Свабода».
Праект змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Беларусі з’явіўся ў інтэрнэце на сайце дзяржаўнага агенцтва БелТА. Зялёным колерам у тэксце вылучаныя прапановы.
Канстытуцыйны рэферэндум запланаваны на люты 2022 году, але дагэтуль няма канкрэтнай даты, а тэкст праекту дакументу, хоць і абяцалі апублікаваць яшчэ ўвосень, выклалі толькі 27 снежня. Ніводзін эксперт з ліку апанентаў Лукашэнкі да выпрацоўкі праекту Канстытуцыі не быў дапушчаны. На грамадскае абмеркаванне застаецца меней за два месяцы часу.
Шэраг паўнамоцтваў прэзідэнта прапануецца замацаваць за ўрадам, заявіў падчас пасяджэння камісіі яе кіраўнік, старшыня Канстытуцыйнага суду Пётра Міклашэвіч. Паводле яго, могуць быць пашыраныя паўнамоцтвы прэм’ер-міністра.
Што абяцала Канстытуцыйная камісія, скліканая Лукашэнкам
Шэраг паўнамоцтваў прэзідэнта прапануецца замацаваць за ўрадам, заявіў падчас пасяджэння камісіі яе кіраўнік, старшыня Канстытуцыйнага суду Пётра Міклашэвіч, перадавала БелТА.
Паводле яго, могуць быць пашыраныя паўнамоцтвы прэм’ер-міністра.
«Прапануецца пашырыць паўнамоцтвы прэмʼер-міністра, узмацніўшы яго ролю ў фармаванні ўраду шляхам унясення прэзідэнту прапаноў аб структуры ўраду, прызначэння на пасаду намеснікаў прэмʼер-міністра, міністраў і іншых чальцоў ураду», — адзначыў ён. Пры гэтым Міклашэвіч заявіў, што ў Беларусі нібыта «няма аб’ектыўнай неабходнасці мяняць форму кіравання».
Што ў праекце новай Канстытуцыі
Шлюбам прапануюць называць саюз мужчыны і жанчыны.
Замацоўваецца статус Усебеларускага народнага сходу як паралельнай парламенту структуры, якая вышэйшая за яго па паўнамоцтвах.
Здымаецца артыкул аб бестэрміновым прэзідэнцтве, вяртаецца не больш за 2 тэрміны: «Адна і тая ж асоба можа быць прэзідэнтам не больш за два тэрміны». Але гэта будзе дзейнічаць ужо для новаабраных прэзідэнтаў.
Імунітэт для было прэзідэнта: «Прэзідэнт, які спыніў выкананне сваіх паўнамоцтваў, не можа быць прыцягнуты да адказнасці за дзеянні, учыненыя ў сувязі з ажыццяўленнем ім прэзідэнцкіх паўнамоцтваў».
Закрываюць магчымасць абірацца тым, хто часова з’ехаў:
«Прэзідэнтам можа быць абраны грамадзянін Рэспублікі Беларусь па нараджэнні, не маладзейшы за 40 гадоў, які валодае выбарчым правам, пастаянна пражывае ў Рэспубліцы Беларусь не менш за 20 гадоў непасрэдна перад выбарамі, які не мае і не меў раней грамадзянства замежнай дзяржавы або віду на жыхарства або іншага замежнага дакумента дзяржавы, якая дае права на льготы і іншыя перавагі».