Навумчык: Скончыцца ў народа цярпенне — і паўнамоцтваў СБ хопіць толькі, каб паспець у аэрапорт

«Якія б прыкметы «транзіту ўлады» ў праекце так званай «канстытуцыі» ні знаходзілі аналітыкі, Лукашэнка не будзе перадаваць уладу ніякім «пераемнікам», роўна як і не будзе дзяліцца паўнамоцтвамі з ніякім «Саветам бяспекі», — піша ў сваім тэлеграме журналіст і палітык Сяргей Навумчык.

img_0383_1_logo_1_logo.jpg

Мне смешна чытаць, што вось, маўляў, па новым праекце прэзідэнт будзе меней уплываць на судовую сістэму (між іншым, кіраўнік выканаўчай улады ўвогуле не павінен на яе ўплываць, нават у мізэрнай ступені — калі захоўваюцца нормы падзелу заканадаўчай, выканаўчай і судовай уладаў).

Бо ў дзяржаве, дзе падзел уладаў ужо амаль тры дзесяцігоддзі адсутнічае, абсалютна не важна, што будзе запісана ў канстытуцыі. У Канстытуцыі СССР не было пасады «генеральны сакратар». Але ўсе ведалі, што Сталін ці Брэжнеў могуць зняць старшыню Вярхоўнага суду ці генпракурора, а любы суддзя вынесе прысуд, спушчаны яму з райкома ці абкома.

У дыктатарскім рэжыме замацаваныя ў канстытуцыі нормы не маюць ніякага значэння (як не маюць значэння і «гарантаваныя» «правы грамадзянаў»). Сёння суды штодня парушаюць Канстытуцыю, той яе раздзел, які гарантуе грамадзянам права на мітынгі, пікеты і шэсці.

Ёсць, аднак, адна заканамернасць. У сітуацыі, калі ў дзеянне ўступаюць народныя масы, нормы канстытуцыі таксама не дзейнічаюць. Ужо наколькі складанай была працэдура выхаду савецкай рэспублікі з СССР, заканадаўча замацаваная пры Гарбачове (патрэбныя былі згода ўсіх іншых рэспублік, рэферэндумы, зацверджанне з’ездам народных дэпутатаў СССР) — але ў 1991 годзе, калі народы запатрабавалі свабоды, пра З’езд дэпутатаў (роўна як і пра Канстытуцыю) мала хто прыгадаў.

Тое ж можа быць і з лукашэнкаўскім праектам (якому, не сумняюся, напішуць на рэферэндуме 85% ці нават болей). Скончыцца ў народа цярпенне — і паўнамоцтваў членаў Савета бяспекі хопіць толькі на тое, каб паспець даехаць да аэрапорта.