Выйшаў апошні нумар газеты «Наша слова», бо Вярхоўны Суд ліквідаваў заснавальніка газеты — ТБМ
29 снежня выйшаў апошні нумар газеты «Наша слова».
Як нагадвае БАЖ, паколькі Вярхоўны суд ліквідаваў заснавальніка газэты — ТБМ, выданне, у адпаведнасці з заканадаўствам, павінна спыніць свой выхад.
Рэдактар газеты з Ліды Станіслаў Суднік, які 24 гады рэдагаваў выданне, развітаўся з газетай і з чытачамі:
«Сёння, пасля 24 гадоў рэдагавання газеты "Наша слова", я хачу выказаць шчырую падзяку ўсім, хто быў з газетай усе гэтыя гады, усім, хто чытаў, усім, хто пісаў... Дзякую ўсім карэспандэнтам, наборшчыкам, карэктарам, бухгалтарам, экспедытарам, валанцёрам-распаўсюджвальнікам. Дзякую кіраўніцтву ТБМ усіх складаў, сябрам Рады, Сакратарыята, кіраўнікам і сябрам рэгіянальных структур за арганізацыю падпіскі. Дзякую беларускім прафсаюзам за шматгадовую падтрымку. Дзякую ўсім дабрадзеям, якія падтрымлівалі газету фінансава».
Паводле слоў Станіслава Судніка, з 5 студзеня 2022 года, пачне выходзіць электронная газета «Наша слова.pdf». Гэта не электронная версія «Нашага слова», а новая газета.
Станіслаў Суднік просіць усіх карэспандэнтаў, як пісалі, так і пісаць па тых жа адрасах, на тую ж тэматыку: «Мы не можам дапусціць, каб пытанні беларускай мовы, беларускай культуры, нацыянальнай свядомасьці ўзялі і вось так проста адышлі на задні план ці зусім у небыццё. Няхай маленькі агменьчык, але павінен цепліцца. Мы актывізавалі тэлеграм-канал "Наша слова". Чытайце, падпісвайцеся, дасылайце на адрас "Нашага слова" кароткія, аператыўныя паведамленні для размяшчэння ў тэлеграм-канале», — сказаў Станіслаў Суднік.