Што рабіць, калі ў дзіцяці выявілі піеланефрыт? Спытайце ў педыятра

У кагосьці піеланефрыт можа здарыцца раз у жыцці, у кагосьці яго не было ніколі. А ў некаторых дзяцей піеланефрыты здараюцца па тры разы на год. Ад чаго гэта залежыць, як лекаваць? Тлумачыць педыятр Мая Церакулава.

65235000_2425743647675027_6953993415948238848_n_logo.jpg

Піеланефрыт

Піеланефрыт — гэта інфекцыйнае захворванне, звычайна бактэрыяльнае, калі бактэрыі паражаюць ныркі. Для яго характэрная тэмпература, непрыемны пах мачы. Нейкіх больш выяўленых сімптомаў кшталту болю ў паясніцы або болю пры мачавыпусканні можа не быць.

Інфікаванне нырак звычайна адбываецца па мачаточніках, узыходзячым шляхам. Бактэрыі трапляюць ва ўрэтру з навакольнага асяроддзя, падымаюцца да мачавога пухіра, дзе часам выклікаюць цыстыт. Але некаторыя бактэрыі аддаюць перавагу тканкам нырак і падымаюцца далей, па мачаточніках да іх. Там яны паражаюць ныркавыя тканкі, што можа прывесці да сур'ёзных наступстваў для здароўя. Таму важна своечасовая зрабіць дыягностыку і атрымаць адэкватнае лячэнне піеланефрыту.

Дыягнастуецца гэтая хвароба з дапамогай аналізу мачы. У мачы будуць знойдзеныя бактэрыі, імунныя клеткі — лейкацыты, магчымы бялок як прыкмета парушэння фільтрацыйнай функцыі нырак.

Лечыцца піеланефрыт заўсёды антыбіётыкамі, звычайна цэфаласпарынамі. Але адэкватную антыбіётыкатэрапію ў залежнасці ад узросту, спадарожных захворванняў, антыбіётыкаў, якія ўжываліся раней, павінен падбіраць лекар індывідуальна. Неабходна таксама багатае пітво.

Дзецям рэдка прызначаюць мачагонныя сродкі, звычайна толькі ва ўмовах стацыянару — яны маюць небяспечныя пабочныя эфекты, развіццё якіх трэба кантраляваць. Але прынцып «больш піць — больш пісаць» можна рэалізаваць і ў хатніх умовах. Гэта дапаможа механічна пазбавіць ныркі ад навалы мікраарганізмаў. Адвары траў і ўзвары з журавін не маюць дастатковай эфектыўнасці, але калі яны дапамагаюць пацыенту больш піць — то на здароўе.

Пухірна-мачаточнікавы рэфлюкс, або Везікаўрэтральны рэфлюкс (ВУР)

У кагосьці піеланефрыт можа здарыцца раз у жыцці, у кагосьці яго не было ніколі. Хоць цыстыты бываюць у большасці. А ў некаторых дзяцей піеланефрыты здараюцца па тры разы на год. Ад чаго гэта залежыць?

У дзяцей бывае такі паталагічны стан, як пухірна-мачаточнікавы рэфлюкс. Ныркі злучаюцца з мачавым пухіром мачаточнікамі. Паміж мачаточнікамі і мачавым пухіром існуе клапан, які перашкаджае закіду змесціва мачавога пухіра назад у мачаточнікі. У дзіцячым узросце часам сустракаецца дысфункцыя гэтага клапана. Закід змесціва мачавога пухіра назад у мачаточнікі і называецца рэфлюксам.

Калі ў дзіцяці з пухірна-мачаточнікавым рэфлюксам здарыцца цыстыт, з вялікай доляй верагоднасці ў яго будзе і піеланефрыт.

Дыягнастуюць рэфлюкс метадам мікцыйнай цыстаграфіі. З дапамогай катэтара праз урэтру ў мачавы пухір уводзіцца рэнтгенакантраснае рэчыва. Працэс мачавыпускання фіксуецца з дапамогай рэнтгеналагічных здымкаў. Такім чынам можна візуалізаваць не толькі працэс зваротнага закіду мачы ў мачаточнікі, але і ацаніць форму мачаточнікаў, іх расцяжэнне і звілістасць, а таксама змены ў нырках.

Цяжкія ступені пухірна-мачаточнікавага рэфлюксу патрабуюць хірургічнага ўмяшання. Такія пацыенты павінны знаходзіцца пад наглядам профільных спецыялістаў — нефролагаў.

Больш лёгкія ступені ВУР у дзяцей часцяком праходзяць самі з узростам. Да таго часу неабходная прафілактыка піеланефрытаў.

Кансерватыўная тэрапія раней прадугледжвала прызначэнне антыбіётыкаў у прафілактычных мэтах. Але ў гэтага падыходу ёсць істотны мінус: фармаванне антыбіётыкарэзістэнтнасці. Бактэрыі становяцца непаражальнымі, і вылечыць такі піеланефрыт вельмі складана.

У практыцы ўчастковага педыятра замест прафілактыкі я аддавала перавагу кантролю. Мае пацыенты з ВУР здавалі пасеў мачы з адчувальнасцю да антыбіётыкаў раз на два месяцы і атрымлівалі курс антыбіётыкаў толькі ў выпадку выяўлення захворвання. І, вядома, мае пацыенты ведалі пра неабходную прафілактыку цыстытаў (спасылка на артыкул пра цыстыты).

Педыятр Мая Церакулава

Педыятр Мая Церакулава