Што за «жэстачайшая лібэралізацыя» закону пра мітынгі?
Сёння дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі ў першым чытанні змены і дапаўненні да закону «Аб масавых мерапрыемствах», які сярод іншага прадугледжвае частковае ўвядзенне ў краіне заяўнага прынцыпу правядзення масавых мерапрыемстваў.
За гэта прагаласавалі ўсе 104 чальцы Палаты прадстаўнікоў, якія ўдзельнічаюць у пасяджэнні. У нюансах лібералізацыі разбіралася svaboda.org.
Законапраект прадставіў міністар унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч. Ён адразу адзначыў, што асноўная навацыя гэтага заканадаўчага акту — паведамляльны прынцып.
«Паведамляльны прынцып пры арганізацыі масавых мерапрыемстваў — гэта жэстачайшая лібералізацыя заканадаўства», — сказаў міністар, назваўшы новаўвядзенне «агульнасусветнай нормай».
Цяпер чалавек альбо арганізацыя, якія жадаюць правесці нейкае масавае мерапрыемства, павінны не пазней як за 10 дзён паведаміць пра гэта ў адпаведныя органы. А яны ў сваю чаргу не пазней як за 5 дзён мусяць даць адказ, калі захочуць адмовіць. Але адмова прадугледжаная толькі ў двух выпадках:
- калі нехта іншы ўжо падаў заяўку на той жа час і тое ж месца,
- калі заяўка не адпавядае заканадаўству.
Ігар Шуневіч спэцыяльна ўдакладніў, што паведамляльны прынцып дзейнічае толькі для тых месцаў, якія вызначаны ўладамі для правядзення масавых мерапрыемстваў. Калі ж нехта пажадае праводзіць сваю акцыю ў іншым месцы, то ў такім выпадку паведамляльны прынцып ня дзейнічае, а вяртаецца дазвольны.
На чым акцэнтаваў увагу міністар?
Заяву на правядзенне масавага мерапрыемства ня могуць падаваць асобы, у якіх ёсьць нязнятыя або непагашаныя судзімасці паводле некаторых артыкулаў Крымінальнага кодэксу.Вызначаецца пералік прадметаў, якія катэгарычна забараняецца прыносіць на мерапрыемства, уключаючы, напрыклад, піва.Павышаецца адказнасць палітычных партый за правядзенне мерапрыемстваў.Журналісты, якія асвятляюць гэтае мерапрыемства, павінны мець пасведчанне, а замежныя журналісты — абавязкова быць акрэдытаванымі ў МЗС Рэспублікі Беларусь.Аплата паслуг за правядзенне мерапрыемства арганізатарамі будзе праводзіцца постфактум. То бок плату за медычнае абслугоўванне, прыборку тэрыторыі і г.д. арганізатары будуць уносіць пасля правядзення мерапрыемства, а не загадзя, як гэта робіцца цяпер.Арганізатарам мерапрыемстваў забараняецца перадаваць у СМІ, уключаючы інтэрнэт, інфармацыю пра месца і час правядзення акцыі загадзя.
Пра што казалі дэпутаты?
Уладзіслаў Шчэпаў звярнуў увагу, што журналістам патрэбна на гэтых акцыях мець нейкі ясна бачны знак. Ён лічыць, што гэта недакладная фармулёўка і трэба больш дакладна прапісаць, што павінна быць: напрыклад, камізэльку альбо нейкую павязку, інакш, як думае дэпутат, праз гэта могуць быць спрэчкі ў судах.
Дэпутат Аляксандар Старавойтаў сказаў: а што будуць рабіць улады, калі арганізатары мерапрыемства адмовяцца аплочваць паслугі пасьля правядзення? На гэта міністар адказаў, што падобная сітуацыя будзе прапісаная ў спецыяльнай пастанове ўраду.
Алена Анісім запыталася ў міністра, якім чынам МУС узгадняе дзеянні з палітычнымі партыямі па арганізацыі мерапрыемстваў. Міністар сказаў, што ў такіх выпадках рыхтуецца план правядзення мерапрыемства, міліцыя прымае пад увагу колькасць удзельнікаў, магчымы маршрут і г.д. Ёсць спецыяльная схема выкарыстання супрацоўнікаў міністэрства, і тут, як сказаў Шуневіч, больш арыфметыкі, чым палітыкі. Што тычыцца непасрэдных кантактаў з палітычнымі партыямі, то міністар запэўніў, што калі хтосьці з арганізатараў мерапрыемства запросіць у МУС нейкую кансультацыю альбо дадатковую дапамогу, то міністэрства заўжды гатова дапамагчы.
Дэпутатка Ганна Канапацкая запыталася, наколькі новы прынцып будзе дзейнічаць у правапрымяняльнай практыцы. Міністар сказаў, што жыццё пакажа:
«Мы ня можам адразу адкрыць шлюз. Мы спрагназавалі наступствы і аддаём сабе справаздачу ў тым, што ў дадзеным аб’ёме гэтыя захады, якія мы прапаноўваем, можна ўжываць».
Дэпутат Андрэй Рыбак запытаўся, як міліцыя адрознівае ўдзельнікаў мерапрыемства ад выпадковых мінакоў. На гэта міністар сказаў, што ў міліцыі ёсьць адпаведны досвед, і тут памылак звычайна ня робіцца.