Таццяна Кузіна: За кожнае слова — 2,5 месяцы жыцця

Таццяна Кузіна сказала ў судзе, што, відаць, на сённяшні момант яна — самы пераацэнены прадстаўнік экспертнай супольнасці ў Беларусі. Бо за 340 слоў у чаце яе вырашылі «пакараць» 10 гадамі зняволення.

Фота www.facebook.com/sympa.belarus

Фота www.facebook.com/sympa.belarus

Сябры апрылюднілі (не)апошняе слова эксперткі Таццяны Кузінай у судзе. Гэту прамову Таццяна Кузіна агучыла замест апошняга слова на адкрытым судовым пасяджэнні, што адбылося 13 сакавіка 2023 года ў Мінскім гарадскім судзе.

Экспертак Таццяну Кузіну і Валерыю Касцюгову абвінавацілі па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса. Сёння, 17 сакавіка, суд вынес ім прысуд — па 10 гадоў пазбаўлення волі, як і запрасіў падчас судовага працэсу пракурор.

— Я досыць доўга думала пра змест і мэтазгоднасць гэтага слова і таго, ці варта мне ў прынцыпе выкарыстоўваць гэта права выступіць з апошнім словам і што менавіта я хацела б сказаць у ім?

У мяне было больш за паўтара года на разважанні і спробы знайсці нейкія адказы на пытанні пра тое, ці абавязкова палітычная барацьба і палітычная канкурэнцыя з'яўляюцца змовай і ці павінны бакі і ўдзельнікі гэтай палітычнай барацьбы абавязкова інтэрпрэтаваць дзеянні сваіх супернікаў як змову з мэтай захопу дзяржаўнай улады?

Ці сапраўды трэба тлумачыць альтэрнатыўныя погляды, напрыклад, на развіццё краіны як ідэалагічную варожасць?

Ці варта мне тлумачыць сваю экспертную пазіцыю па санкцыях, якая не мяняецца ўжо больш за 10 гадоў і не з'яўляецца таямніцай у экспертнай супольнасці? І ў цэлым палягае ў тым, што гэты інструмент не з'яўляецца эфектыўным, бо асабістыя санкцыі кансалідуюць групу, супраць якой яны ўводзяцца, а сектаральныя санкцыі наносяць шкоду і выклікаюць падзенне ўзроўню жыцця людзей у краіне, а таксама ўзмацняюць залежнасць нашай эканомікі ад адной крыніцы. Гэтыя аргументы былі выказаны мноства разоў, яны не з'яўляюцца таямніцай, яны не з'яўляюцца маёй інтэлектуальнай уласнасцю і не маюць патрэбы ў тлумачэннях у экспертнай супольнасці.


Ці варта мне казаць аб тэксце, прадастаўленым нам «экспертам»? Тэксце, на якім грунтуецца абвінавачанне, паколькі казаць аб ім варта ў сувязі з даследчай этыкай. З гэтага тэксту мы шмат даведваемся аб унутраным свеце чалавека, які называе сябе «Сіманаў», але мала разумеем сутнасць пастаўленых пытаннях. І зусім не бачым, што гэты чалавек кіруецца нейкай надзейнай метадалогіяй, ці што ён з'яўляецца сапраўды прызнаным адмыслоўцам у дадзенай сферы. Тым больш што ў цэлым ёсць пытанні да наяўнасці такой метадалогіі і правамернасці прымянення такога метаду.

Улічваючы, што я з'яўляюся на сённяшні момант, напэўна, самым пераацэненым прадстаўніком экспертнай супольнасці ў Беларусі, таму што за 340 слоў — «значных слоў», выяўленых у чаце абвінавачаннем, — запрасілі 120 месяцаў пазбаўлення волі. Гэта значыць, за кожнае слова — запыт на 2.5 месяцы, у прынцыпе, жыцця. І, мусіць, таму я не буду прамаўляць свайго апошняга слова.