Таццяна Процька: «Рускую праваслаўную царкву пасля вайны ва Украіне чакае вялікі крызіс»

Калі кіраўнік царквы не абараняе свае храмы, якія руйнуюцца бомбамі і снарадамі, як гэта адбываецца ў Чарнігаве і Харкаве, то які можа быць да такога кіраўніка давер? У Рускай праваслаўнай царкве ва Украіне пачаўся ўжо пратэст.

procka.jpg.webp

Ва Украіне ў полымі вайны гінуць не толькі людзі, у тым ліку мірныя. Ракетамі і бомбамі знішчаюцца старажытныя храмы і манастыры. Як на гэта рэагуе царква як інстытут? Ці заўсёды царкоўныя іерархі паводзяць сябе ў гэтай сітуацыі адпаведным чынам? Пра гэта «Народная Воля» пагаварыла з кандыдатам філасофскіх навук, аўтарам кніг па гісторыі праваслаўнай царквы Таццянай Процька.

— Спадарыня Таццяна, чацвёрты тыдзень ідзе вайна, у якую ўцягнута і наша краіна. Ці дастаткова выразна і зразумела, на ваш погляд, ставяцца да вайны прадстаяцелі дзвюх асноўных канфесій Беларусі — каталіцкага касцёла і праваслаўнай царквы?

— Вайна — з’ява страшная, але яна паказвае нам, хто ёсць хто і хто чаго варты. Вайну як з’яву асуджае і Каталіцкі касцёл і Праваслаўная царква. Але пры пастаноўцы такога пытання мы павінны ўлічваць розныя ўзроўні: епіскапат, святары і простыя вернікі. Мітрапаліт Ануфрый, кіраўнік Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату, правільна сказаў, што сённяшняя вайна — гэта Каінава злачынства, братазабойства. У сваю чаргу патрыярх Кірыл вайны не ўбачыў наогул. Беларускае вышэйшае праваслаўнае духавенства ніяк не выказалася пра вайну ва Украіне. Мітрапаліт Мелхіседэк, які ўзначальваў Беларускую праваслаўную царкву ў 1920-я гады, казаў, што ад святара залежыць нават болей, чым ад архірэя, бо ён непасрэдна кантактуе з паствай. На жаль, у БПЦ роля святара абсалютна прыніжана. Ён успрымаецца як служка, які амаль непрыкметны, ён нічога не вырашае, толькі выконвае. Таму пазіцыя праваслаўных святароў адносна вайны проста не агучваецца.

— Чаму ж, я ведаю праваслаўных святароў, якія не маўчаць і ў сацыяльных сетках выказваюцца супраць вайны.

— Гэта, скажам так, неафіцыйна. Што да праваслаўных вернікаў, то тут стаўленне рознае. Частка падтрымлівае афіцыйную версію пра «спецаперацыю», лічыць дзеянні расійскага кіраўніцтва правільнымі. Частка — асуджае. І не толькі Пуціна, але і кіраўніцтва царквы. Расійскія даследчыкі праваслаўя адзначаюць нават пачатак крызісу ў РПЦ. Каталіцкі касцёл адразу асудзіў вайну ва Украіне. Папа Францыск нават пешшу хадзіў у расійскую амбасаду, каб выказаць свае стаўленне. Беларускія біскупы, ксяндзы разам з вернікамі моляцца за сканчэнне братазабойчай вайны.

— З аднаго боку, мы пачулі заяву Папы Рымскага Францыска: «Ва Украіне цякуць рэкі крыві і слёз. Вайна — гэта вар’яцтва. Калі ласка, спыніцеся!» А з другога боку, Патрыярх Маскоўскі Кірыл у храме Хрыста Збаўцы перадае камандзіру Расгвардыі генералу Золатаву абраз — фактычна дабраслаўляе тую гвардыю на вайну.

— Гэта не дзіўна. Руская праваслаўная царква да 1917 года была часткай дзяржаўнага апарату. Царкоўны Свяшчэнны сінод з’яўляўся нечым накшталт міністэрства. Святары атрымлівалі ад дзяржавы заробак — як чыноўнікі. Што цікава, святарскія заробкі ў Беларусі былі вышэйшымі, чым у глыбіннай Расіі, паколькі лічылася, што святары на беларускай зямлі нясуць не проста людзям слова Божае, а яшчэ і дзяржаўную ідэалогію. Тую, якую цяпер называюць «русский мир». Тое самае працягваецца і сёння. Помніцца, Лукашэнка нават назваў БПЦ «галоўным ідэолагам нашай краіны». Яшчэ Хрысту задавалі пытанне: як суадносіцца з уладай? І Ён сказаў: «Аддайце кесару кесарава, а Богу — богава». І калі Папа Францыск пешкі пайшоў да расійскай амбасады, ён сваім прыкладам пацвердзіў гэты пастулат: мы падпарадкоўваемся ўладзе. Але пазіцыя царквы не абавязкова павінна супадаць з пазіцыяй дзяржавы, дзе царква знаходзіцца.

— Не пра ўладу ж як такую ідзе гаворка, а пра вайну, пра парушэнне Божай запаведзі: не забі. Калі ўлада загадвае забіваць мірных жыхароў, вернікаў у тым ліку, як можа апраўдваць яе дзеянні царква?

— Ва Украіне ёсць дзве праваслаўныя царквы — Праваслаўная царква Украіны (ПЦУ), якая падпарадкоўваецца Канстанцінопальскаму патрыярху, і Украінская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату (УПЦ МП; афіцыйная дзяржаўная назва гэтай царквы — Руская праваслаўная царква ва Украіне). Расійскія войскі забіваюць сёння сваіх аднаверцаў, бо многія з іх належаць да адной царквы. Відаць, некаторыя царкоўныя іерархі забылі, што ёсць сутнасцю хрысціянства. Зло злом не вынішчаецца, з ім змагаюцца толькі дабром і любоўю. Гэта вельмі важна для рэлігійнага чалавека. І, канешне, малітва. На жаль, ні касцёл, ні царква пакуль не заклікалі грамадзян Беларусі да супольнай малітвы за заканчэнне вайны.

— Помніце, быў такі савецкі кінасерыял «Вызваленне»? Там у апошняй серыі святар ідзе па зруйнаванай вуліцы Берліна, які стаў арэнай вайны, і заклікае спыніць агонь. Ці не ёсць гэта прыкладам сапраўднага хрысціяніна?

— Чалавек рэлігійны заўсёды паводзіць сябе як той святар. Ён супраць вайны, супраць братазабойства. Не важна, хто каго забівае, важна, што забіваюць чалавека — Божае стварэнне. Вайна — гэта смяротны грэх Каіна, які забіў свайго брата Авеля. І Бог жа не пакараў забойцу, не забіў, пакінуў жыць, але сказаў яму: ты будзеш пракляты ўсімі. І Каін жыў сярод людзей, нават меў нашчадкаў, але стаў адмоўным прыкладам для чалавецтва: так нельга сябе паводзіць!

— Да Маскоўскага патрыярха звярнуўся мітрапаліт Дубнінскі Іаан, які кіруе Архіепіскапіяй заходнееўрапейскіх прыходаў (гэта ў межах РПЦ): «Прабачце, але Вы няправільна разумееце і тлумачыце Евангелле». Такога разыходжання яшчэ ніколі не было. Да чаго гэта можа прывесці?

— Як я ўжо гаварыла, да крызісу ў РПЦ. Калі кіраўнік царквы не абараняе свае храмы, якія руйнуюцца бомбамі і снарадамі, як гэта адбываецца ў Чарнігаве і Харкаве, то які можа быць да такога кіраўніка давер? У Рускай праваслаўнай царкве ва Украіне пачаўся ўжо пратэст. У Івана-Франкоўскай, Ровенскай, Мукачоўскай, Львоўскай, Уладзімір-Валынскай, Жытомірскай і Сумскай епархіях перасталі памінаць імя патрыярха Кірыла на багаслужэннях. Памінанне прадстаяцеля — гэта важная акалічнасць, мэта якой — паказаць адзінства царквы. Паводле звестак даследчыцы Наталлі Васілевіч, частка браціі Кіева-Пячэрскай лаўры таксама перастала памінаць Кірыла. А лаўра — гэта адзін з самых значных манастыроў УПЦ МП, у ім знаходзіцца рэзідэнцыя мітрапаліта Ануфрыя і ўсе цэнтральныя царкоўныя інстытуты. Кіруе ёй мітрапаліт Павел, які заўжды выступаў за адзінства з Масквой. Сацыялагічнае апытанне засведчыла: 52 працэнты прыхаджан УПЦ МП падтрымліваюць «ідэю разрыву сувязяў з РПЦ». І толькі 13 працэнтаў выступаюць супраць гэтага.

— Дык патрыярху Кірылу перастаюць давяраць не толькі святары пад бомбамі, але і іхнія аднаверцы ў зацішнай Еўропе. А святары Валынскай епархіі ўжо выступілі за аб’яднанне праваслаўных украінцаў ва ўлонні адной царквы. Ці можа гэта быць канцом РПЦ ва Украіне?

— Усё ж я так катэгарычна пытанне не ставіла б. Украінцы бачаць, што іхнюю дзяржаву і войска адразу і адназначна падтрымала праваслаўная царква на чале з мітрапалітам Епіфаніем, і робяць высновы. Ва Украіне святары масава выступаюць супраць вайны і падштурхоўваюць епіскапаў, каб яны прымалі адпаведныя рашэнні. І епіскапы ўздымаюць свой голас. Так, епіскап Валынскі і Луцкі Нафанаіл прапанаваў склікаць архірэйскі сабор і абмеркаваць пытанне аб’яднання ПЦУ і УПЦ МП. Што будзе далей — пакажа час.

— Рада прадстаяцеляў украінскіх цэркваў звярнулася да Беларускай праваслаўнай царквы з просьбай паўплываць на палітычнае кіраўніцтва Беларусі, каб не пасылаць ва Украіну беларускае войска. Мітрапаліт Веньямін маўчыць. Пра што сведчыць яго маўчанне?

— БПЦ — гэта толькі экзархат у складзе РПЦ, гэта ўсё ж высокая ступень залежнасці. Вобразна кажучы, экзархат — гэта як школьны клас, аўтаномная царква — як школа, а аўтакефальная — як міністэрства адукацыі. Маўчанне ўладыкі Веньяміна — спроба пазбегнуць адказнасці, характэрная ўвогуле з’ява для яго паствы. Вось, напрыклад, мае праваслаўныя суседкі. Яны ўсе маюць магчымасць заходзіць у інтэрнэт, але яны лепш глядзяць Беларускае тэлебачанне. Чаму так? А таму, што ім прасцей успрымаць тое, што ідзе з тэлебачання, там за ўсё адказвае Лукашэнка. Суседкі не хочуць ведаць ніякіх іншых трактовак. Бо калі ведаеш, то трэба неяк рэагаваць, браць на сябе адказнасць. Біблія гаворыць: чалавек створаны на падабенства Божае, ён адрозніваецца ад іншых жывых істот тым, што мае права выбару. А выбар — гэта адказнасць.

— Тут адразу прыходзіць на згадку выбар, які паўстаў у раі перад Адамам і Евай.

— Так, з’ясі ты яблык ці не з’ясі. Богу ўсё роўна, але ты прымаеш адказнасць за свой учынак на сябе. Бог кажа: ты жывеш паводле маіх законаў, я вяду цябе, я люблю цябе і раблю для цябе ўсё найлепшае. Але калі ты выбіраеш свае законы, то і адказвай за свае паводзіны. І беларусы ў пераважнай большасці стараюцца пазбегнуць адказнасці: у іх то апазіцыя вінавата, то Лукашэнка.

— Аднойчы ва ўкраінскім горадзе Каневе, дзе пахаваны Тарас Шаўчэнка, каля мясцовай царквы, што належала Маскоўскаму патрыярхату, я пабачыў пастамент з чорнага мармуру. Як аказалася, на тым пастаменце стаяла труна з целам паэта падчас адпявання, і святар ужо ў нашы дні распарадзіўся вынесці яго з храма. І той выкінуты пастамент бачылі тысячы ўкраінцаў, якія з’ехаліся на 200-годдзе Шаўчэнкі. Што гэта, калі не распальванне той самай нацыянальнай варажнечы?

— Вы прывялі вельмі добры прыклад таго, як «русский мир» ставіцца да культурных каштоўнасцяў другіх народаў. У Ерусаліме ў Храме Дамавіны Гасподняй ёсць каменная пліта, на якой ляжала цела Ісуса Хрыста. Як было б успрынята хрысціянамі ва ўсім свеце, калі б тую пліту ў свой час вынеслі з храма? А для ўкраінцаў памяць пра Шаўчэнку — святая, і пастамент той — рэліквія. Учынак таго святара проста абразіў іх. Вось што адбываецца, калі царква выконвае яшчэ і ідэалагічныя функцыі.

— Расійскія бомбы пашкодзілі Святагорскую праваслаўную лаўру ў Данецкай вобласці, дзе знаходзіліся манахі і бежанцы. Мітрапаліт Святагорскі Арсеній (дарэчы, гэта Маскоўскі патрыярхат) назваў тое бамбаванне вар’яцтвам. Вы ўжо прыгадалі Кіева-Пячэрскую лаўру, якую пакуль не бамбяць. І вось я думаю: якім будзе лёс гэтых святыняў пасля вайны?

— Кіева-Пячэрская лаўра — не проста манастыр, ізатэрыкі свету ў адзін голас гавораць пра цудадзейную энергію, якая ідзе ад мошчаў святых, што там знаходзяцца. А па значнасці для рускіх, беларускіх і ўкраінскіх праваслаўных вернікаў лаўра — як Афон у Грэцыі. Думаю, і пасля вайны яна будзе даступнай для ўсіх.

— Маскоўскі і Канстанцінопальскі патрыярхаты з часу атрымання аўтакефаліі Украінскай праваслаўнай царквой страцілі сувязі. Ці магчыма, што Усяленскі патрыярх пазбавіць томаса РПЦ?

— Атрыманне томаса Рускай праваслаўнай царквой — самае цёмнае месца ў яе гісторыі. А што ёсць томас? Гэта як ліцэнзія на права лічыцца самастойнай праваслаўнай царквой. У 2018 годзе прадстаўнік Канстанцінопальскага патрыярхату архіепіскап Тэльміскі Іоў паведаміў, што томаса ў РПЦ няма. Ён растлумачыў сітуацыю наступным чынам: аўтакефалія РПЦ была самаабвешчанай, мітрапаліта Іону абралі ў 1448 годзе ў Маскве без дазволу Канстанцінопаля… Сёння самае актуальнае пытанне — адносіны да братазабойства, і яно пастаўлена жыццём. Чым больш украінцаў гіне падчас вайны, тым мацней становіцца грамадскае ганьбаванне сувязяў з Маскоўскім патрыярхатам. Чым даўжэй ідзе вайна, тым больш храмаў падвяргаюцца абстрэлам. Дарэмна кіраўніцтва РПЦ гэтага не заўважае. У Старым Запавеце сказана, што за ўчынены грэх будуць адказваць нашчадкі да чацвёртага калена, а ў некаторых выпадках — нават да шостага. Так што чыёсьці маўчанне яшчэ адгукнецца ў будучыні.

 “Народная Воля