Таварыства аховы помнікаў заклікала урад не скарачаць Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў

Добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры звярнулася да намесніка прэм`ер-міністра Анатоля Тозіка з лістом, у якім выказвае занепакоенасць запланаваным скарачэннем Дзяржаўнага спіса гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі.



bobruysk_245.jpg

Як паведаміў БелаПАН старшыня таварыства Антон Астаповіч, ад "надзейных афіцыйных крыніц" стала вядома аб даручэнні Саўміна ад 23 сакавіка № 05/206-88 прааналізаваць гэты спіс і ўнесці прапановы па яго скарачэнні.

"Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры звяртаецца да вас з просьбай адклікаць даручэнне Савета міністраў і згарнуць працы з боку Міністэрства культуры, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў па рэалізацыі дадзенага даручэння", — гаворыцца ў лісце на імя Тозіка.


Астаповіч падкрэсліў, што мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі ў выкананні вышэйназванага даручэння ўжо рыхтуюцца прапановы па цэлым шэрагу нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў для далейшага разгляду на пасяджэннях Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Мінкультуры з мэтай іх далейшага выключэння з Дзяржаўнага спіса гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. "Напрыклад, у мяне ёсць звесткі пра тое, што Бабруйскі гарвыканкам рэкамендаваў пазбавіць статусу 15 аб`ектаў з 49 на тэрыторыі Бабруйскай крэпасці, якія знаходзяцца пад аховай дзяржавы", — кажа Астаповіч.


Ён падкрэслівае, што зараз сапраўды могуць знайсціся аб`екты, якія страцілі сваю каштоўнасць. Пункт 3 артыкула 23 закона "Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь" прадугледжвае, што "матэрыяльныя аб`екты і нематэрыяльныя праяўленні творчасці чалавека могуць быць пазбаўленыя статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці Саветам міністраў Рэспублікі Беларусь ў выпадку страты імі іх адметных духоўных, мастацкіх і (або) дакументальных вартасцяў, якія абумовілі наданне ім статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, а таксама ў выпадку іх знішчэння, страты ці знікнення ў выніку ўздзеяння прыродных фактараў або іншых сітуацый пры немагчымасці іх аднаўлення".


Аднак, лічыць Астаповіч, узнікае пытанне аб адказнасці ўладальніка аб`екта, "які давёў помнік да разбурэння". "Чаму ён не прыцягваецца да адказнасці згодна з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь — дзяржава ж мае ўсе механізмы і рэсурсы для таго, каб прымусіць уласніка зрабіць аднаўленне помніка?" — задаецца пытаннем Астаповіч. Ён лічыць, што вышэйзгаданая ініцыятыва Савета міністраў "накіравана не на ўмацаванне прадугледжаных заканадаўствам захадаў па ахове помнікаў гісторыі і культуры, а паспрыяе распаўсюджванню прававога нігілізму сярод юрыдычных і фізічных асоб — уласнікаў і ўладальнікаў гісторыка-культурных каштоўнасцяў".


Астаповіч лічыць, што скарачэнне спіса на руку тым чыноўнікам, якія хочуць пазбавіцца адказнасці, што накладаецца на іх дзейным заканадаўствам па ўтрыманні і захаванні помнікаў.


У Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь ўключана 5 532 помнікі; сярод іх помнікі архітэктуры — 1 763, археалогіі — 2.350, гісторыі — 1 191, мастацтва — 60, горадабудаўніцтва — 11, запаведныя мясціны — чатыры. Таксама ў спіс уваходзяць па 77 аб`ектаў рухомых і нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў.

Алена Спасюк, БелаПАН