Тое, што камеры яны павесяць, — другаснае
Аналітык у
пытаннях бяспекі, стваральнік сайта Belarus security blog Андрэй Паротнікаў
пракаментаваў для «Нашай Нівы» навіну пра стварэнне Рэспубліканскай
сістэмы маніторынгу грамадскай бяспекі, пра якую расказаў Ігар Шуневіч.
«Найперш трэба бачыць праект указа. Пакуль гэта выглядае так, што яны хочуць зрабіць цэнтралізаваную сістэму відэаназірання і супрацьпажарнай бяспекі. Там жа гаворка ідзе не толькі пра камеры назірання, але і пра пажарныя датчыкі.
Для чаго гэта робіцца? Можа быць шмат варыянтаў: каб цэнтралізаваць падачу інфармацыі і больш арганізавана выдаткоўваць сілы падчас надзвычайных здарэнняў ці злачынстваў, каб захаваць грошы за кошт зняцця дадатковага патрулявання, каб проста папіліць бюджэтныя грошы ці пралабіраваць чыесьці інтарэсы, можа, проста чакаюць, што ў сувязі з эканамічным крызісам, пачнецца рост злачыннасці. Можа быць, бюджэт не дазваляе павялічыць колькасць міліцыі і танней укласціся ў тэхнічныя сродкі. Можа быць, што заўгодна.
Я не думаю, што гаворка вядзецца толькі пра камеры назірання, калі б толькі пра гэта, то такое пытанне не разглядалася асабіста Лукашэнкам. Ён жа не будзе разбірацца, якое праграмнае забеспячэнне лепшае, а якое горшае.
Канечне, гэта можа быць звязана з апошнімі пратэстамі. Дадаткова фіксаваць нейкія моманты, адсочваць перасоўванні людзей, месцы збору. Гаворка ідзе пра татальны кантроль над сітуацыяй.
Што тычыцца агульнай сістэмы відэаназірання, то яны ёсць у Сінгапуры, Лондане, ды шмат дзе.
Калі злачыннасць змяншалася і не было вострага крызісу, то нікому гэта не было трэба. Усталёўвалі, канечне, камеры, на тым жа чыгуначным вакзале іх больш за 200, але чамусьці менавіта цяпер гэта вырашылі цэнтралізаваць.
Важным з'яўляецца тое, хто будзе размяркоўваць гэтую інфармацыю, якія структуры, які рэгламент рэагавання. Там, хутчэй за ўсё, указ тычыцца базавых прынцыпаў, базавай архітэктуры і сістэмы рэагавання. Гэта самае цікавае. А тое што камеры яны павесяць — гэта другаснае».