Той самы Касцян, што ганіў Васіля Быкава
Як вядома, так званы «Беларускі славянскі камітэт» плануе правесці круглы стол на тэму «Русский мир и место в нём Беларуси». Ініцыюе яго былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Касцян. Што ж гэта за асоба?
Той самы Касцян, што хоць і быў вельмі далёкі ад літаратуры, тым не менш узначаліў у 2002-м Рэдакцыйна-выдавецкую ўстанову «Літаратура і мастацтва», у якую былі гвалтоўна ўключаны літаратурныя часопісы «Полымя», «Маладосць», «Нёман», «Крыніца» і «Всемирная литература», а таксама газета «Літаратура і мастацтва». «Касцянізацыяй» літаратуры афарыстычна-дакладна назваў Сяргей Законнікаў (шматгадовы галоўны рэдактар «Полымя», які ў выніку стварэння так званага холдынгу аказаўся беспрацоўным) тыя працэсы, што пачалі ў той час адбывацца.
У звязку з гэтым варта, мусіць, узгадаць адну цытату з тагачаснага інтэрв’ю новаспечанага літаратурнага кіраўніка Касцяна Анатолю Нязванаву для «Белорусской деловой газеты»: «Перад намі пастаўлена задача адрадзіць ролю беларускіх літаратурна-мастацкіх часопісаў, на базе якіх і ствараецца гэта выдавецкая аб’яднанне, даць магчымасць заявіць пра сябе не толькі той маленькай групе людзей, якая ў апошнія некалькі гадоў друкавалася ў гэтых выданнях, але і маладым аўтарам. [...] Дарэчы, на днях я прачытаў інтэрв’ю Някляева ў “Народнай волі”, у якім ён кажа, што вось, маўляў, дэбілы задушылі, “знішчылі беларускую мову”, беларускіх пісьменнікаў. А што, пытаецца, “знішчаць”? Усё, што маглі, ужо “знішчылі”. Сёння мы вымушаны прызнаць, што беларуская кніга на рынку не карыстаецца попытам, яна ўжо практычна не выдаецца. Быкаў — так, таленавіты пісьменнік, але ён ужо ўсім надакучыў. Гэта раней было ў модзе, у пачатку 80-х: “Пакуль Шамякін пыкаў-мыкаў, заваяваў Еўропу Быкаў”. Сёння гэтак жа, як і Салжаніцын, памучыўшыся ў Еўропе, вярнуўся назад у матухну Расію, і Быкаў вернецца дадому. Там ён нікому не патрэбен. І тут ён сёння аўтарытэт страціў, — чытаць яго ўжо не хочуць, нават у школах. Хоць чытаць яго ніхто нікому не забараняе. Калі ласка, у мяне таксама ў хатняй бібліятэцы стаяць кнігі Быкава. Калісьці я чытаў іх з вялікай павагай. Але сёння я да Быкава не імкнуся» («Белорусская деловая газета», 19 красавіка 2002 г.).
І сапраўды, новыя мётлы адразу пачалі па-новаму грэсці: павыляталі з нумароў Васіль Быкаў, Генадзь Бураўкін, акадэмік Барыс Кіт. Забралі з рэдакцыйных «партфеляў» свае матэрыялы шматгадовыя аўтары галоўных літаратурных часопісаў краіны (у тым ліку народныя пісьменнікі Янка Брыль і Рыгор Барадулін) і пасля з’яўлення часопіса «Дзеяслоў» друкаваліся ўжо пераважна толькі там. І што істотна — ім па-ранейшаму было што сказаць, хоць намесніца Касцяна па «холдынгу» Таіса Бондар безапеляцыйна заявіла: «Старэйшае пакаленне ўжо ўсё сказала. Людзі, дзякуй Богу, фізічна жывыя, але Літаратуру яны больш не робяць».
Сяргей Касцян з мітрапалітам Паўлам. Фота з сайта belslavkom.by
Тым часам Касцян не супакойваўся і, называючы ў іншым інтэрв’ю ПЭН-цэнтры «самымі сапраўднымі масонскімі арганізацыямі», гаварыў, што «трэба яшчэ паглядзець, чым яны займаюцца»; у адказ жа на пытанне, хто будзе гэтым займацца, выказваў шчырае здзіўленне: «У нас што, няма Камітэта дзяржаўнай бяспекі, ці што? Ёсць пракуратура, іншыя органы, Савет бяспекі! А як жа? Ёсць каму заняцца!»
Увогуле, тое інтэрв’ю Марыны Бяляцкай для «Свободных новостей плюс» было па-журналісцку бліскучым, бо Касцян высек сам сябе, як унтэр-афіцэрская ўдава, — вось толькі пару фрагментаў з той размовы:
«М. Бяляцкая: Хто з класікаў захацеў бы працаваць і жыць, падпарадкоўваючыся нейкаму кіраванню?
С. Касцян: Прычым тут прозвішчы? Калі называць імёны, можна аднаго узвысіць, а іншага пакрыўдзіць. Таму і ставілася мэта: вакол холдынгу (або ўпраўлення) аб’яднаць усе сілы, каб яны займаліся творчым справай, а не палітычнай барацьбой.
М. Б.: Вы выдатна разумееце, што заняцце палітыкай — асабістая справа кожнага, і дзяржава не мае права ўмешвацца. Вы добра разумееце і тое, што творцы, незалежна ад таго, як яны ставяцца да прэзідэнта, не маюць патрэбы ў такім кіраванні.
С. К.: Вы ўпэўнены ў гэтым?
М. Б.: Абсалютна. Гэта трэба толькі для таго, каб паказаць: той, хто не прычасаны пад агульны грэбень, будзе пазбаўлены Дома літаратара, Дома адпачынку, магчымасці друкавацца. [...] Калі вы пазбавіце нашых літаратараў усіх цацак, самыя слабыя вымушаныя будуць пайсці пад агульны дах.
С. К.: А я ўпэўнены ў іншым.
М. Б.: У адрозненне ад вас магу назваць прозвішчы тых, хто не трапіць на вуду: гэта Быкаў, Гілевіч, Бураўкін, Барадулін, Някляеў, Алексіевіч, Арлоў... Працягваць?
С. К.: Ну, два дзясяткі назавеце і што? Ну і што, што яны Імёны? Заўтра з’явяцца такія, што ні Гілевіч, ні Барадулін іх падноскаў не будуць вартыя! Хто яны ўвогуле такія? Цяпер галоўнае, каб літаратурныя газеты і часопісы хтосьці чытаў! Тут трэба ўглыбіцца. Пісьменнікі напішуць, а каб вызначыць, наколькі гэта неабходна, ствараецца адзіны рэдакцыйны савет. Ён і вызначыць якасць. Там спецыялісты вышэйшага класа. Чым Мікола Мятліцкі, як паэт, горшы за таго ж Сяргея Законнікава? Ці Барадуліна? Не, нічым не саступае! А чым Гніламёдаў горшы? Або Праўдзін той жа? Шамякін? [...]
М. Б.: У хуткім часе з’езд пісьменнікаў. Цікавіцеся? […]
С. К.: Так, вядома. [...] Несумненна, там будуць розныя меркаванні, але Саюз пісьменнікаў павінен быць адзінай арганізацыяй, якая б супрацоўнічала з уладай, працавала ў інтарэсах народа і не шукала падтрымкі на Захадзе, як Алексіевіч. Яна ніколі не будзе працаваць на існуючую ўладу і інтарэсы дзяржавы. Гэтак жа і Быкаў, ён проста ўцёк...
М. Б.: Яны працуюць не ў інтарэсах улады, а ў інтарэсах краіны. На Захадзе ведаюць Беларусь у тым ліку і таму, што ёсць такія пісьменнікі, як Быкаў і Алексіевіч, ці не так?
С. К.: Але Быкаў сам збег, яго ж ніхто не выганяў! Памятаеце ягоную заяву: “Вярнуся на радзіму, калі дыктатура Лукашэнкі будзе звергнута!” Ну так і жыві там! Калі ў нас усё дрэнна, хай зойдзе ў Адміністрацыю прэзідэнта, аддасць ўзнагароды і Зорку Героя. Хай скажа: забірайце, гэта ўсё незаслужана!
М. Б.: Незаслужана? Якое дачыненне маюць узнагароды, атрыманыя на вайне і за кнігі, да адміністрацыі Лукашэнкі?
Касцян кінуў на мяне недаўменны позірк і прамаўчаў» (Свободные новости плюс, 12–19 верасня 2002 г.).
Тут ужо, як кажуць, без
каментарыяў. Трэба толькі дадаць, што неўзабаве пасля прызначэння кіраўніком «холдынга»
сваю пасаду Касцян усё ж страціў (яго змяніла Бондар). Гэткім чынам «літаратурная»
кар’ера Сяргея Іванавіча не задалася. І вось праз столькі гадоў ён зноў нагадаў
пра сябе.