Беларускамоўны буккросінг MOVABOX ужо ў 7 гарадах краiны!
Пасля паспяховага старту ў Мінску 10 кніжных боксаў з творамі сучасных беларускіх пісьменнікаў з’явiлiся і ў іншых гарадах рэспублікі. Пагартаць старонкі добрых кніг на роднай мове можна ў кавярнях Брэста, Віцебска, Гомеля, Гродна, Магілёва i Мазыра.
Буккросінг – гэта грамадскі рух, які ўяўляе сабою абмен кнігамі паміж незнаёмымі людзьмі. Кожны яго ўдзельнік можа пакінуць кнігу, якой хоча падзяліцца, у спецыяльна абазначаным месцы і замест яе ўзяць любую іншую. Па ініцыятыве кампаніі velcom кніжныя боксы для буккросінгу, на якіх змяшчаюцца кнігі з творамі сучасных беларускіх аутараў, усталяваныя ў папулярных кавярнях гарадоў Беларусі.
Інтэрактыўная мапа з усімі ўстановамі, у якіх усталяваны боксы для буккросінга:
Першымі сваё месца ў боксах для буккросінгу занялi кнігі Людмілы Рублеўскай з цыкла аб прыгодах Пранціша Вырвіча – «Авантуры студыёзуса Вырвіча» і «Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча». Менавіта творам гэтай пісьменніцы прысвечаны першы MOVABOX – унікальны набор, у які ўваходзяць кніга і звязаныя з ёй артэфакты. Атрымаць яго змогуць 20 шчасліўчыкаў, якiя пройдуць адпаведны тэст на сайце праекта www.movabox.by.
MOVABOX робіць акцэнт на творчасцi прадстаўнікоў сучаснай беларускай літаратуры. Таму ў боксах таксама прадстаўлены такія кнігі, як раман Юрыя Станкевіча «Паўночны вецер для спелых пладоў», зборнік літаратурных эсэ Андрэя Федарэнкі «Сечка», калекцыя літаратурных замалёвак ад Адама Глобуса пад назвай «Партрэты».
Праект MOVABOX і беларускамоўны буккросінг як адна з яго частак – далёка не першы вопыт velcom у справе азнаямлення жыхароў рэгіенаў Беларусі са скарбамі нацыянальнай культуры, мовы і літаратуры. Ен вынікае з яшчэ адной ініцыятывы кампаніі – «Чытаем па-беларуску з velcom», мэта якой пазнаёміць вучняў малодшых класаў з беларускімі пісьменнікамі, паэтамі і іх творамі, зацікавіць дзяцей родным словам. Настаўнікамі на такіх уроках для вучняў 2-3 класаў выступаюць вядомыя дзіцячыя пісьменнікі і паэты: Уладзімір Ліпскі, Раіса Баравікова, Алёна Масла, Наталля Бучынская. Да канца 2016/2017 навучальнага года праект «Чытаем па-беларуску з velcom» ахопіць усю Беларусь і ў агульнай колькасці каля 20 000 вучняў малодшых класаў. «Творы сучасных беларускіх аўтараў сапраўды вартыя таго, каб іх чыталі і дзеці, і дарослыя – як вартая таго і беларуская літаратура ўвогуле.
Стартам беларускамоўнага буккросінгу ў праекце MOVABOХ мы імкнемся дапамагчы кнігам прыйсці да свайго чытача, незалежна ад таго, жыве ён у сталіцы, дзе сёння засяроджаны асноўныя падзеі літаратурнага жыцця, ці ў іншых гарадах. Яшчэ адна наша мэта – паказаць усю разнастайнасць і шматграннасць беларускага літаратурнага працэсу. Спадзяёмся, што праз некаторы час гэтая калекцыя папоўніцца не менш цікавымі экземплярамі – магчымасць зрабіць свой унёсак у развіццё праекта мае кожны», – адзначыў Вячаслаў Смiрноў, кiраўнiк аддзела карпаратыўных камунiкацый кампаніі velcom.
Кнігі сучасных аўтараў для беларускамоўнага буккросінгу прадстаўленыя кампаніяй velcom і грамадска-культурнай кампаніяй «Будзьма беларусамі!». Для тых, хто хоча палепшыць свой узровень валодання беларускай мовай ці ўзяцца за яе вывучэнне з самага пачатку, арганізатары дадалі у спіс кніг падручнік «20 крокаў да беларускай мовы» ад бясплатных курсаў беларускай мовы «Мова Нанова». Побач з кнігамі чытачы знойдуць таксама літаратурна-мастацкую перыёдыку – у прыватнасці, часопіс «Дзеяслоў».
Паводле прэс-рэлізу