Топ-7 нявыкананых абяцанняў чыноўнікаў у мінулым годзе
Спадзяваліся на лепшае, але атрымалася як заўсёды.
Аб росце эканомікі
Рост валавога ўнутранага прадукту у 2019 годзе ўрадам быў запланаваны на ўзроўні 4%, але па выніку ён складзе ў некалькі разоў менш — каля 1,1%. Іншымі словамі, у беларускай эканоміцы назіраўся застой.
Цікава, што яшчэ летам чыноўнікі абяцалі выканаць заданне, нягледзячы на тое, што ўжо была відавочная нерэальнасць задачы. Чыноўнікі могуць спасылацца на праблему «бруднай» нафты, з-за якой пацярпеў беларускі экспарт нафтапрадуктаў, і іншыя прычыны, але паўстае пытанне, навошта тады яны патрэбныя на сваіх пасадах.
Аб сумленных і справядлівых парламенцкіх выбарах
Аляксандр Лукашэнка асабіста абяцаў, што выбары ў парламент восенню 2019 года будуць сумленнымі і справядлівымі, без надуманых абмежаванняў, каб не было сумневаў у іх легітымнасьці.
Па факце усё было як звычайна — і нават горш, калі параўноўваць з папярэднімі парламенцкімі выбарамі. Многіх апазіцыйных кандыдатаў проста не зарэгістравалі кандыдатамі ў дэпутаты, выбаршчыкаў загналі на датэрміновае галасаванне, абвінавачванні ў фальсіфікацыі сыпаліся з усіх бакоў.
Пад канец выбараў Лукашэнка вярнуўся да сваёй традыцыйнай лексікі, выказваючыся аб выкрыцці, зробленым назіральнікам з Брэста: «Калі нейкі, прабачце мяне, мудак або прыдурак пачынае кідацца на выбаршчыкаў, (трэба) каб яму ўставілі мазгі так, каб яму больш не хацелася. Вы ведаеце, як гэта ўмеюць міліцыянты рабіць».
У АБСЕ заявілі, што парламенцкія выбары не адпавядалі міжнародным стандартам.
Аб тратах на Еўрагульні
У 2016 годзе Лукашэнка запэўніваў, апраўдваючы правядзенне ў Мінску II Еўрапейскіх гульняў: «Мы палічылі, што нават у плюсе будзем. Нам трэба будзе выдаткаваць недзе пад 50 млн даляраў за гэтыя гады. Гэта слёзы для краіны. А можа, і таго не трэба: еўрапейцы сказалі, што дапамогуць».
Па факце ніякага фінансавага «плюсу», вядома, не было. Еўрапейскія партнёры па арганізацыі спонсараў прыцягнуць не змаглі. У выніку грошай выдаткавалі істотна больш: па словах міністра фінансаў Беларусі Максіма Ермаловіча, каля 540 млн рублёў (каля 270 млн даляраў).
Пра адвязку дарожнага збору ад тэхагляду
Прэм'ер-міністр Сяргей Румас абяцаў, што ўкараняць новую схему аплаты падатку на аўто (па месяцах і з адвязкай ад тэхагляду) пачнуць з 1 ліпеня 2019 года. Але гэтага не адбылося: па нейкіх прычынах ідэю засек кіраўнік дзяржавы.
У канцы года ва ўрадзе вярнуліся да ранейшай ідэі, падрыхтаваўшы новы праект указа. Цяпер слова зноў за Лукашэнкам. Але вырашаць відавочную праблему ён не спяшаецца, і беларусы працягваюць масава ігнараваць праходжанне тэхагляду і выплату дзяржпошліны.
Аб запуску першага энергаблока БелАЭС
Першапачаткова планавалася, што першы энергаблок Беларускай АЭС ўвядуць у эксплуатацыю ў 2018 годзе. Потым чыноўнікі абяцалі, што гістарычная падзея адбудзецца восенню 2019 года.
Цяпер запуск плануюць на «пачатак» 2020-га. Нервовасці з нагоды будаўніцтва атамнай станцыі і так хапала, але ўлады ўмудрыліся яе яшчэ больш узмацніць.
Пра аб'ёмы вытворчасці «БелДжы»
Два гады таму віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка заяўляў, што ў 2019 годзе новае прадпрыемства пад Барысавам выпусціць каля 35-40 тысяч беларуска-кітайскіх аўто. Бліжэй да тэрміну першы намеснік міністра прамысловасці план істотна спрасціў, знізіўшы абяцаны аб'ём да 25 тысяч аўто.
Але і гэтай лічбы ў мінулым годзе дасягнуць не ўдалося. У снежні ўрачыста выпусцілі юбілейны 20-тысячны аўтамабіль Geely за 2019 год. Першапачатковы план недавыкананы амаль у два разы.
Аб цэнах на энерганосьбіты
Увесь 2019 год чыноўнікі давалі зразумець, што вось-вось дамогуцца ў перамовах з Масквой выгадных умоў пастаўкі энерганосьбітаў у краіну.
Да прыкладу, у пачатку года міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч заяўляў, што дакумент па цане на газ з 2020 года падпішуць да 1 ліпеня.
Па факце аб цане на газ змаглі дамовіцца толькі 31 снежня — і толькі на першыя два месяцы новага года. А кантракт па нафце да канца 2019-га так і не падпісалі.
Паводле gazetaby.com