Трансфармацыя Беларусі пакуль у тумане
Беларускаму палітычнаму жыццю, акрамя іншага, уласцівая такая рыса, як цыклічнасць. Закручванне гаек змяняецца лібералізацыяй, канфлікты з Еўропай — сваркамі з Расіяй, палітычныя "пасадкі" — памілаваннямі.
Многім ужо здаецца, што дэжавю будзе вечным. Але прынамсі дзве прычыны не дадуць гэтым цыклам паўтарацца бясконца. Па-першае, як паказвае гісторыя, аўтарытарныя рэжымы схільныя да самаразбурэння,
а па-другое, правадыры такіх рэжымаў, як і ўсе людзі, не вечныя.
І пытанне, якое стаіць сёння перад экспертамі і грамадскай супольнасцю: да чаго рыхтавацца? Толькі ведаючы, да якога менавіта выніку прыйдзе цяперашняя сістэма, можна распрацаваць эфектыўную
стратэгію дзеянняў.
Эвалюцыя рэжыму малаверагодная
Самым малаверагодным сцэнарыем, на думку многіх назіральнікаў, з'яўляецца варыянт унутранай плаўнай трансфармацыі ўлады. І звязана гэта перадусім з прыродай беларускага рэжыму.
Так, на думку кіраўніка Аналітычнага беларускага цэнтра Уладзіміра Роўды, беларускі рэжым — гэта "аўтарытарызм спецыфічнага толку, гэта персаналісцкая
дыктатура".
У такіх умовах усё залежыць ад волі лідара, а ён, на думку эксперта, "баіцца стварыць нейкую канкурэнцыю нават унутры сістэмы. Любыя канкурэнтныя фарміраванні, утварэнні —
няважна, адносяцца яны да эканомікі або да палітыкі — для яго небяспечныя".
Згодны з гэтай ацэнкай палітолаг Юрый Чавусаў, які, аднак адзначае, што "гаворка можа ісці не аб эвалюцыйным або рэвалюцыйным шляху, але аб накапленні перадумоў для трансфармацыі
беларускага грамадства, а не рэжыму".
Суразмоўца БелаПАН падкрэслівае ўнікальнасць беларускай сітуацыі ў гэтай сувязі: "Беларусь перажывае не толькі сур'ёзны пераход ад камандна-адміністрацыйнай эканомікі да рыначнай, але
таксама працэс стварэння ўласнай незалежнай дзяржавы".
Толькі ўсведамленне сябе самастойным народам, лічыць эксперт, можа стварыць удалы фон для магчымай эвалюцыі рэжыму.
Ну а пакуль мы бачым, што ўлады не праяўляюць аніякай цікавасці да ініцыятывы ЕС "Еўрапейскі дыялог аб мадэрнізацыі з Беларуссю".
Каляровая рэвалюцыя таксама не праглядаецца
Большасць насельніцтва ў цяперашніх умовах не схільная да сапраўды масавых пратэставых выступленняў. Адбіваецца і тое, што ўлада забяспечвае прымальны сярэдні ўзровень жыцця, і палітычная апатыя
насельніцтва, і татальны кантроль вертыкалі над палітычнай і эканамічнай сферамі.
Страх людзей выходзіць на вуліцы (ты рызыкуеш страціць працу, вучобу, а часам і волю) падмацоўваецца пастаянствам улады ў пытанні барацьбы з палітычнай актыўнасцю. Людзі бачаць, што
адбываецца з лідарамі і ўдзельнікамі апазіцыйных выступленняў.
Нават жорсткія эканамічныя ўзрушэнні ўзору 2011 года не здольныя разбудзіць сапраўдныя пратэсты ў грамадстве. Прычыны гэтага Уладзімір Роўда бачыць у адсутнасці кансалідаваных сіл, якія
рыхтуюць такія выступленні.
Палітолаг заўважае: "Народныя пратэсты трэба рыхтаваць, і апазіцыя павінна працаваць на гэты сцэнарый, каб заваяваць давер. Пакуль яна гэтым, мякка кажучы, не займаецца". А стыхійныя
выступленні, на думку эксперта, ні да чаго не прыводзяць.
Уладзімір Роўда падкрэслівае: "аранжавыя" сцэнарыі маглі б стаць больш рэалістычнымі пры ўмове аб'яднання апазіцыі і выпрацоўкі агульнай стратэгіі: "Калі апазіцыя пачне
вучыцца на ўласных памылках і аб'яднае ўсе сілы, якія выступалі за байкот парламенцкіх выбараў, тады ў нас будзе зусім іншая якасць народных пратэстаў".
Аднак улічваючы сённяшнія тэндэнцыі раз'яднання ў апазіцыі, гаварыць аб высокай верагоднасці гэтага варыянту развіцця падзей яўна дачасна.
Ці вырашыць праблемы наменклатурны пераварот?
Палітолаг Юрый Чавусаў не бачыць перадумоў для ажыццяўлення нейкага палацавага перавароту: "Дзяржаўны апарат поўнасцю захоўвае кантроль над самім сабой. Тое, што адбываюцца некаторыя
перастаноўкі, не сведчыць аб расколе правячай эліты".
Раздзяляе гэты пункт гледжання і Уладзімір Роўда: "Персаналісцкі рэжым сам расстаўляе кадры і імкнецца да таго, каб не ўзніклі нейкія групоўкі, аб'яднанні ўнутры тых ці іншых кланавых
груп".
Аднак разам з тым эксперт лічыць такі варыянт развіцця падзей найбольш верагодным у доўгатэрміновай перспектыве. На думку палітолага, гэты працэс "можа паскорыцца, калі будуць
дапускацца найбольш грубыя памылкі. Калі ў эканоміцы атрымаем чарговы крызіс, тады хто яго ведае, як будзе паводзіць сябе тая ж самая наменклатура".
У такім выпадку паўстае іншае пытанне: хто з правячай эліты прыйдзе да ўлады пасля Лукашэнкі? На думку Юрыя Чавусава, рухаючай сілай такіх перамен могуць стаць так званыя чырвоныя дырэктары,
беларускія алігархі.
Гэтыя людзі, на думку эксперта, могуць стаміцца ад сітуацыі, "калі яны ў любы момант могуць быць замененыя вярхоўным правіцелем. Калі яны ўсвядомяць, што прававое гарантаванне
ўласнасці і магчымасці перадачы яе ў спадчыну — у інтарэсах гэтай эліты, тады працэс пойдзе па гэтым шляху".
Затым, на думку палітолага, адбудзецца сапраўдная прыватызацыя, якая пацягне за сабой фарміраванне новай сістэмы — сістэмы, дзе палітычная трансфармацыя будзе суправаджацца канкурэнцыяй
нейкіх груп уплыву.
Застаецца толькі гадаць, як хутка такія наменклатурныя гульні прывядуць краіну да дэмакратыі і ці прывядуць наогул. Напрыклад, у Расіі дзесяцігоддзе, якое азнаменавалася прыватызацыяй, магутнасцю
алігархаў і адноснай палітычнай свабодай, змянілася новым вітком аўтакратыі, карупцыі і палітычнага застою.
Не дапусціць чужых памылак у маленькай еўрапейскай краіне, якая не сядзіць на нафтавай іголцы, магчыма. Мадэрнізацыя ў Беларусі, улічваючы высокі ўзровень адукацыі насельніцтва і не да канца
разваленую прамысловасць, можа быць хутчэйшай і больш паспяховай, чым у суседзяў.
Але для гэтага ў краіне павінна знайсціся магутная кансалідаваная сіла, гатовая ўзяць на сябе адказнасць за гэтую мадэрнізацыю і не дапусціць распілоўвання нацыянальнага багацця. Пакуль такой сілы на
палітычным полі не бачна. І ўмовы для яе фарміравання на рэдкасць неспрыяльныя.