«Трэба фіксаваць доказы»: Грамадзянін Ізраіля знайшоў тых, хто катаваў яго ў Беларусі

Аляксандр Фруман, грамадзянін Ізраіля, праводзіць уласнае расследаванне пасля збіцця і затрымання падчас пратэстаў 2020 года на вуліцах Мінска. Цяпер у «спісе Фрумана» — дзевяць чалавек, датычных да яго катаванняў, супрацоўнікаў Савецкага РУУС, АМАПу і Следчага камітэта Ленінскага раёна. Пра поспехі расследавання ён распавёў «Нямецкай хвалі».

Аляксандр Фруман пакідае запіску ля Сцяны Плачу ў Ерусаліме: «Госпадзе, зрабі Лукашэнку тое, што яго карнікі зрабілі са мной». Фота: Privat

Аляксандр Фруман пакідае запіску ля Сцяны Плачу ў Ерусаліме: «Госпадзе, зрабі Лукашэнку тое, што яго карнікі зрабілі са мной». Фота: Privat

Грамадзянін Ізраіля Аляксандр Фруман у жніўні 2020-га прыехаў у Беларусь — і апынуўся сярод затрыманых, трое сутак ён правёў у нечалавечых умовах у турме. Ён вярнуўся дадому — і пачаў уласнае расследаванне, каб высветліць, хто яго катаваў. 

Аляксандр распавёў «Нямецкай хвалі», як супрацоўнікі міліцыі далі яму звесткі на сваіх жа калегаў і чаму нават праз тры гады ён не згодны перагарнуць старонку.

Аляксандр Фруман нарадзіўся ў Беларусі, але ў 1998 годзе рэпатрыяваўся ў Ізраіль і стаў грамадзянінам гэтай краіны. З тых часоў прыязджаў на радзіму пабачыць блізкіх. 

10 жніўня ён разам з жонкай ішоў па праспекце Незалежнасці ў Мінску і сфатаграфаваў аўтобус, у якім знаходзіліся сілавікі. Яго адразу ж сілай завалаклі ў аўтобус. Далей пагражалі і білі ў Савецкім РУУС, а потым павезлі ў жодзінскую турму. Праз 78 гадзін адпусцілі без тлумачэнняў і дакументаў. 

Аляксандр Фруман на стадыёне з украінскім і польскім сцягамі. Фота: Privat

Аляксандр Фруман на стадыёне з украінскім і польскім сцягамі. Фота: Privat

Аляксандр кажа, што хутка зразумеў: трэба фіксаваць доказы. У «спісе Фрумана» дзевяць чалавек, гэта супрацоўнікі Савецкага РУУС, АМАП і Следчага камітэта Ленінскага раёна.

— Аляксандр, раскажыце, чаму вы вырашылі пайсці на прынцып: пачалі ўласнае расследаванне?

— У мяне ў галаве не ўкладаецца, што можна чалавека, які ідзе па вуліцы ў Еўропе, калісьці міралюбнай краіне, схапіць, збіць, кінуць у турму, — і ніхто не вінаваты, «трэба перагарнуць старонку», як сказаў Лукашэнка. У мяне такі характар, што я не магу прайсці міма несправядлівасці.

— А калі пачулі ад Лукашэнкі, што трэба перагарнуць старонку, што адчулі?

— Спачатку падумаў, што ён хоча проста закрыць тэму ў размове з прапагандысткай Сіманьян, гэта значыць не прымаў на свой адрас. Але калі ён сказаў, што цяпер «не да законаў», прычым гэта прагучала на сустрэчы з пракурорамі, я зразумеў, што яны паспрабуюць замяць праблему. І вырашыў: калі вам «не да законаў», я паспрабую сваім расследаваннем замясціць вашы органы.


Глядзіце таксама

— Як сілавікі ставіліся да вас, даведаўшыся, што вы замежны грамадзянін?

— Я мог сабе дазволіць крыху больш. Пры першай жа магчымасці заяўляў, што я — ізраільцянін. Калі адмовіўся падпісаць пратакол, мяне не білі, хоць астатнім за такое прылятала. Калі нас выгружалі ў жодзінскую турму, амапаўцы абыходзіліся са мной больш далікатна. Акрамя таго, мяне не судзілі, а проста пратрымалі трое сутак, як і майго сукамерніка Каспера Сеніцкага, грамадзяніна Польшчы.

Аляксандр прымае ўдзел у акцыі пратэсту ля пасольства Беларусі ў Ізраілі (люты 2021 года)

Аляксандр прымае ўдзел у акцыі пратэсту ля пасольства Беларусі ў Ізраілі (люты 2021 года)

— Але ў сваіх заявах вы паказвалі, што сутыкнуліся з антысемітызмам.

— Было два моманты. Калі мяне змясцілі ў аўтобус, я сказаў, што ізраільцянін і запатрабаваў паведаміць пра затрыманне ў амбасаду. На гэта адзін з амапаўцаў выгукнуў, маўляў, зараз мы табе зробім яшчэ раз абразанне. Гэта канкрэтны акт антысемітызму: супрацоўнік выкарыстаў маю нацыянальнасць, пагражаў мне гвалтам. Другі момант адбыўся ва ўнутраным дворыку Савецкага РУУС, начальнік крычаў на нас: «Колькі вам плацяць?», а потым вырашыў падысці да кожнага з крыкам: «Галаву ніжэй». І вось калі ён дайшоў да мяне, я і яму сказаў, што грамадзянін Ізраіля, што яны абавязаны звязацца з пасольствам. Міліцыянт на імгненне задумаўся, а потым ударыў мяне дубінкай па жываце са словамі: «Бач мне, Ізраіль тут».


Глядзіце таксама

— У вашым спісе — дзевяць прозвішчаў. Гэта праўда, што збіраць звесткі дапамагалі ў тым ліку дзейныя супрацоўнікі міліцыі?

— Ананімны супрацоўнік Савецкага РУУС даў мне інфармацыю на сваю калегу па маім апісанні. Пазней гэтую жанчыну пазналі і іншыя затрыманыя. Я вырашыў даведацца, як яна можа растлумачыць свае дзеянні. Але на званок адказала яе мама. І першая яе фраза была: «Ды вас наогул усіх трэба было пазабіваць, мала вам далі». Я зразумеў, што бессэнсоўна гаварыць. Таксама з інфармацыяй мне дапамагалі былыя сілавікі, кіберпартызаны.

Аляксандр Фруман на сустрэчы са Святланай Ціханоўскай у Вільні, жнівень 2022 

Аляксандр Фруман на сустрэчы са Святланай Ціханоўскай у Вільні, жнівень 2022 

— Ці былі сярод сілавікоў спробы ўстанавіць вінаватых па вашай заяве?

— Мяне апытвала следчы, як і дзе я атрымаў траўмы. Гэта дало надзею, што ў Следчым камітэт ёсць людзі, якія хаця б спрабуюць на будучыню зрабіць зачын. Калі наступяць перамены, яны змогуць сказаць, што мы хоць бы спрабавалі, але спыніла начальства. Упэўнены: пакуль ва ўладзе Лукашэнка, расследаванняў не будзе. Таму я быў гатовы да адмовы. Праз дзевяць месяцаў мне сказалі, што ў дзеяннях супрацоўнікаў праваахоўных органаў няма складу злачынства.

— А якая была рэакцыя ізраільскіх уладаў?

— Я падаў заяву ў ізраільскую паліцыю, там былі вельмі здзіўлены, пачуўшы мой аповед пра выкраданне і катаванні. Мне адмовілі, як я разумею, з прагматычнага пункту гледжання. У Ізраілі калі паліцыянты разумеюць, што справа можа падвіснуць, часта адмаўляюць у расследаванні. І гэта якраз той выпадак: наўрад ці беларусы пагадзіліся б супрацоўнічаць, у лепшым выпадкі даслалі б адпіску. Я падаў заяву па ўніверсальнай юрысдыкцыі і ў Літве, але да суда пакуль так і не дайшло.

— Праз тры гады ніводзін сілавік так і не прыцягнуты да адказнасці. Але вы ўсё яшчэ верыце ў справядлівасць?

— Упэўнены, што ўрэшце будзе сапраўднае расследаванне, таму трэба рыхтавацца да гэтага. У мяне душа баліць за Беларусь. Колькі ў Ізраіль прыехала народу, усе з захапленнем кажуць пра Радзіму, а мне сорамна згадваць, адкуль я родам. Украінцы з такім захапленнем кажуць пра сваю краіну, якая яна моцная і свабодная. І я хачу ганарыцца Беларуссю, таму не магу супакоіцца і перагарнуць гэтую старонку.