Сяргей Навумчык: Беларусь уступіла ў самы чорны перыяд сваёй гісторыі

Беларусы цяпер пад такім праімперскім і прарасійскім ціскам, пад якім не былі з моманту здушэння паўстання 1863 года, піша журналіст і палітык Сяргей Навумчык.

marsz_adzinstva_6__9__log__logo.jpg

— У 2020-м у адказ на словы пра «нацыянальны прарыў» і «змену ўзроўню нацыянальнай свядомасці» я раіў не спяшацца з высновамі. 

700 тысяч, якія 16 жніўня 2020 года выйшлі пад бел-чырвона-белымі сцягамі — гэта тая самая лічба, як і колькасць (афіцыйна) тых, хто ў 1994-м прагаласаваў за Пазняка. 

Так, палітычная актыўнасць у 2020-м была большая, гэта ясна. Але кожны, хто ў 1994-м галасаваў за лідара БНФ, рабіў цалкам асэнсаваны, нацыянальны, абсалютна не-прарасійскі выбар (Расія — галоўная праблема Беларусі апошнія 200 з гакам гадоў). Тыя, хто галасаваў за Пазняка пасля артыкула «О русском империализме и его опасности», палажэнні якога сёння, здаецца, не аспрэчваюцца.

Несумненна, кожны, хто выйшаў у 2020-м, быў супраць Лукашэнкі. Але вось ці кожны быў настроены не прарасійскі? 


Глядзіце таксама

Я сам чуў у чэрвені 2020-га, і не аднойчы: «Скорее бы Путин убрал Лукашенку и взял нас в Россию». Ну а пра «Мы не ставим целью изменить геополитический выбор» лідары пратэсту казалі неаднойчы, бо «паліттэхнолагі» (назавём іх так) лічылі гэта тэзісам, які прыцягне большасць.  

Гэтай большасці не было як змяніцца: 200 з гакам гадоў ім убівалі ў галаву, што кірунак адзін — разам з Расіяй, і толькі на кароткі час з 1990-га па 1995-ты тытульная апазіцыя мела абмежаваную магчымасць даносіць іншае (у 1995 годзе БНФ быў адсунуты ад лідарства, на першы план у апазіцыі выйшлі сілы, якія падтрымлівалі інтэграцыю з РФ). 

Цяпер насельніцтва Беларусі пад такім праімперскім і прарасійскім ціскам, пад якім не было з моманту здушэння паўстання 1863 года. 

У 1930-х за адну толькі беларускую мову не рэпрэсіравалі, рэпрэсіравалі за нешта «не тое», сказанае па-беларуску; сёння за беларускае слова сілавікі могуць збіць — і на волі, і ў турме.

Глядзіце таксама

Беларусь уступіла ў самы чорны перыяд сваёй гісторыі, ва ўсякім разе, на памяці цяперашніх пакаленняў. Скончыцца ён можа толькі пад уздзеяннем нейкіх знешніх падзей, і ніяк інакш. Бо ў самой Беларусі ўсё прыдушана і прыгнечана — і палітычная, і грамадзянская, і культурніцкая нацыянальная актыўнасць. Наўрад ці зменіць гэта і смерць Лукашэнкі: т. зв. эліта надзейна кантралюецца Масквой, пераемнік будзе прызначаны ёй, і тут не варта мець ілюзій. 

«Акно магчымасцей» можа прыадчыніцца толькі ў выпадку крушэння (распаду) Расійскай імперыі (што зусім не тоесна адно толькі падзенню Пуціна). Ці зацікаўлены ў такім распадзе Захад, ці гатовы ён да гэтага? У 1991-м у крушэнні СССР быў не зацікаўлены, не гатовы і ўпусціў гістарычны шанец. 

Што ж застаецца рабіць? Тое, што пры ўсіх абставінах непазбежна: беларускамоўныя школы, беларускі кнігадрук (асаблівая ўвага — выданням па гісторыі), беларускае мастацтва (нацыянальны тэатр у тым ліку, і было б цудоўна, каб і кіно не на «великом и могучем»). 

У Беларусі ўмовы для гэтага практычна знішчаны — тым большая адказнасць дыяспары, пра што цяпер гаворыцца шмат, і гаворыцца слушна. Магчыма, гэта адзіны спосаб зберагчы нацыянальную ідэнтычнасць, калі адбудзецца самае горшае — анексія Беларусі і страта Незалежнасці — і сітуацыя замарозіцца на дзесяцігоддзе.

Глядзіце таксама