«Трэба, каб яны разумелі, хто застанецца ў гісторыі вялікім, а ў каго ў Вікіпедыі пакажуць лічбы палітвязняў»

Дзіўная справа: рэжым хацеў адпомсціць Алексіевіч, а ў выніку сам жа сябе і падставіў.

alex08.jpg


Кнігі Нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч прыбралі са школьнай праграмы па рускай літаратуры для 11 класаў. Яе творы зараз не згадваюцца нават у аглядных тэмах і спісах для дадатковага чытання.

У чым прычына такога рашэння, можна толькі здагадвацца, піша «Салідарнасць». Пісьменніца, вымушаная пакінуць краіну неўзабаве пасля прэзідэнцкіх выбараў, не раз выклікала абурэнне ўладаў. Таму факт, што ў школьнай праграме больш няма яе кніг, цалкам заканамерная з’ява. Дробязнасць і помслівасць рэжыму не прымусілі сябе чакаць.

Зрэшты, у гэтым выпадку «пакаранне» мае абсалютна адваротны эфект і б’е якраз па тым, хто хацеў зрабіць дрэнна іншым.

Прыбраць кнігі Алексіевіч з праграмы — гэта як распісацца ва ўласным невуцтве, ды яшчэ і без ценю сумневу абвясціць пра гэта на ўвесь свет. І самае пацешнае, што людзі, якія прынялі гэтае рашэнне, нават не разумеюць, як гэта выглядае збоку.

Цікава, якога эфекту яны чакаюць? Што беларусы стануць менш чытаць і любіць Алексіевіч? Не ўпэўненая. Рэзка ацэняць творы Мікалая Чаргінца — кіраўніка праўладнага Саюза пісьменнікаў, — якімі замянілі кнігу нобелеўскай лаўрэаткі? Без каментароў.

Улады напрацягу двух дзясяткаў гадоў вычышчалі са школьнай праграмы непажаданых пісьменнікаў: Барадуліна, Бураўкіна, Быкава, Някляева і многіх іншых. Але, каб зразумець эфектыўнасць гэтай працы, нават не трэба размоў аб беларускай літаратуры — дастаткова было проста параўнаць асобы маладых людзей, якія выйшлі год таму на вуліцы Мінска, з асобамі тых, хто прымаў рашэнні аб забаронах за ўсё і ўся, каб дагадзіць аднаму чалавеку.

Хоць наўрад ці там, наверсе, змогуць правесці паралелі паміж гэтымі фактамі.

Але трэба, каб яны разумелі, хто застанецца ў гісторыі краіны вялікім, а ў каго на старонцы ў Вікіпедыі побач з прозвішчам будуць значыцца толькі лічбы аб рэкорднай колькасці палітвязняў, колькасці затрыманых і збітых, вынікі самых правальных выбараў… І, вядома, факт пра тое, як кнігі прызнанага ва ўсім свеце Нобелеўскага лаўрэата выкінулі са школьных падручнікаў краіны.