Трохгадовы закладнік
Маленькі Данік Саннікаў стаў вядомы ўсяму свету. Еўрапарламент у рэзалюцыі па Беларусі выказаў заклапочанасць лёсам трохгадовага хлопчыка, бацькі якога знаходзяцца за кратамі па палітычных
прычынах.
«Я гэта ўспрыняла як рэакцыю нармальных людзей на ненармальную сітуацыю», — сказала яго бабуля Люцына Бельзацкая.
Маленькі Данік Саннікаў стаў вядомы ўсяму свету. Еўрапарламент у рэзалюцыі па Беларусі выказаў заклапочанасць лёсам трохгадовага хлопчыка, бацькі якога знаходзяцца за кратамі па палітычных
прычынах.
«Я гэта ўспрыняла як рэакцыю нармальных людзей на ненармальную сітуацыю», — сказала яго бабуля Люцына Бельзацкая.
Акурат у дзень прыняцця рэзалюцыі раённая адміністрацыя выдала ёй дакумент на апякунства ўнука. Як адзначыла Люцына Бельзацкая, гэта было зроблена «імгненна». «Я званіла ў
аддзел народнай адукацыі. Яны мне сказалі, што рашэнне будзе прымацца да канца месяца. А назаўтра мне тэлефануюць, што ўжо ўсё, рашэнне прынятае», — паведаміла яна.
Органы апекі «зацікавіліся» Данікам пасля арышту 19 снежня яго бацькоў, журналісткі Ірыны Халіп і кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава. Разам з трыма дзясяткамі іншых палітыкаў і
актывістаў іх абвінавацілі ў «масавых беспарадках» — за акцыю пратэсту пасля выбараў. Еўрапейскія палітыкі выказалі «заклапочанасць спробамі ўладаў Беларусі ўзяць
пад апеку» трохгадовага сына палітзняволеных.
Як адзначыла Люцына Бельзацкая, выпрабаванне з унукам для яе было самым цяжкім у гэтай сітуацыі: «Хацелі націснуць, напужаць, я не ведаю, што хацелі. Потым вырашылі даць апякунства, каб менш
гаварылі на гэту тэму. Менавіта лёс гэтага маленькага дзіцяці ўсхваляваў людзей вакол. Бо трохгадовае дзіця становіцца закладнікам».
Публікацыі «на гэтую тэму», як кажа бабуля, пастаянна з’яўляюцца ў замежных СМІ. У «Нью-Йорк Таймс» быў вялікі артыкул. Але даведваецца пра іх яна ад
іншых. «Я наогул нічога не чытаю, у нас адабралі ўсе кампутары, мы ў блакадзе, у вакууме існуем. Беларускае тэлебачанне я, натуральна, не ўключаю».
Люцына Бельзацкая і яе муж перажылі два ператрусы. І першым, і другім разам абшуквалі і іх кватэру, і кватэру дачкі. А іх унук быў сведкам гэтых падзей. Жонка палітзняволенага Зміцера Бандарэнкі,
Вольга, згадвае, як паводзіў сябе Данік падчас першага ператрусу: «Сядзеў нерухома, як саляны слупок. Хаця гэта было чатыры з паловай гадзіны, але нават не зварухнуўся». А яшчэ ў
кватэру Халіп і Саннікава спрабавалі пранікнуць міліцыянты. «У іх жа ключы былі, напэўна, Ірыны і Андрэя. Яны думалі, што там нікога няма, і маглі ўсё, што заўгодна там зрабіць. Муж адчыніў
дзверы. Яны абеглі ўсе пакоі, паадчынялі шафы. Быццам кагосьці шукалі», — распавяла Люцына Бельзацкая.
Яе муж, кінасцэнарыст Уладзімір Халіп, зараз пасля бальніцы. Ён трапіў туды пасля арышту дачкі. Уладзімір Халіп страціў зрок на правае вока, і яго тройчы прааперавалі. «Вельмі
складаная і цяжкая аперацыя, нельга было ў адзін прысест зрабіць. Усё гэта звязана з нервовым стрэсам», — адзначыла жонка.
Да іх часта наведваюцца журналісты. «Калі даеш інтэрв’ю, то стараешся, каб Данік быў хаця б у іншым пакоі», — кажа бабуля. Хлопчыку сказалі, што яго бацькі паехалі
далёка. І ў іх сапсаваліся тэлефоны. «Мы ўвесь час яму кажам, што цябе ўсе любяць, і мы, і бацькі. І яны табе прысылаюць падарункі. Мы ад іх імя купляем яму падарункі», —
распавяла жанчына.
Калі Ірына і Андрэй сыходзілі на некалькі гадзін ці з’язджалі на два-тры дні, яны заўсёды казалі сыну, калі вернуцца. «А тут раптам наогул сышлі і няма, — гаворыць Люцына
Бельзацкая. — Вось нядаўна ён сказаў: «Мне так сумна». А дзядуля пытаецца ў яго: «Чаму табе, Данечка, сумна?» — «Таму што я вельмі сумую
без мамы і таты».
Дзіця ўсё роўна адчувае небяспеку. «А калі за мной прыйдзе чужы дзядзя і скажа: «Аддайце мне вашага хлопчыка Даню». Што вы скажыце?» — запытвае ён.
«Я кажу: «Данечка, ну хто за табой прыйдзе? Ніхто. Мы ўсіх выганім», — супакойвае яго бабуля.
«Ну добра, мне далі апякунства, — кажа яна. — Што, я магу замяніць бацькоў? Я маму магу замяніць? Ніколі ў жыцці. Дзіця ў такім узросце звязана з маці ніткамі, каторыя
немагчыма нават ірацыянальна зразумець. Ён адчувае яе на нейкім генным узроўні. Затое ён цяпер увесь час мне кажа: «Бабуля, я цябе так люблю». І тое ж самае дзядулі. «Як я
цябе люблю». Ён гэта ж казаў Іры. Вось яму дасылалі запрашэнні на навагоднія прадстаўленні. «З кім ты пойдзеш?» — запытвае яго другая бабуля. Ён кажа: «Я
хацеў бы з мамай, але цяпер жа бабуля замест мамы».
Ірыну Халіп адвакат бачыў у апошні раз 30 снежня, калі ёй вынеслі абвінавачанне. З таго часу пра яе нічога не вядома. Як і пра яе мужа Андрэя Саннікава, з якім адвакат бачыўся 29 снежня. «Іх
трымаюць у вакууме. Я думаю, спецыяльна гэта ўсё робіцца. І спрабуюць штосьці накапаць», — мяркуе Люцына Бельзацкая.
А 17 студзеня ад Ірыны дайшоў ліст. Большая частка яго — пра Даньку. Чым ён займаецца, якія мульцікі глядзіць, як ён ясі, што яму сказалі пра яе. «Яна задавала такія пытанні,
каторыя, калі б яна атрымала мае лісты перад гэтым, яна б не запытвала. Вось канкрэтна пра Даньку я ёй пісала, што вы з’ехалі, што вернецеся, каб не хваляваўся. Што мама і тата пра яго
памятаюць. Не сумняваюся, што яна не атрымоўвала гэтых лістоў». Не сумняваецца маці Ірыны і ў тым, што і лісты ад дачкі не даходзяць па адрасе.
«Не турбуйцеся, я не ў палоне. Я проста набываю новы досвед», — гэтыя словы з ліста журналісткі сталі ўжо шырокавядомымі.
Люцыну Бельзацкую журналісты запытваюць, як яна ставіцца да сітуацыі, у якой зараз апынулася з-за арышту дачкі. «Я ганаруся сваёй дачкой, — адказваю я. — Хаця я хацела б
можа, каб усё было ціха, спакойна, каб яна, як напачатку, займалася тэатрам і кіно, але... Іншы характар. Я дакладна ведаю, што яна сумленная, прыстойная, смелая. Што яна ніколі не пакрывіць душой. Я
не ведаю, як на яе ціснуць. Але ў гэтых яе якасцях я перакананая».