Тры псіхічныя хваробы з трох гарадоў

Звычайна псіхічныя хваробы не выбіраюць сабе гарадоў. Але ёсць і выняткі. Фларэнційскі сіндром, Іерусалімскі сіндром, Парыжскі сіндром, — што гэта такое і што вас чакае ў мастацкай галерэі і на вузкай парыжскай вулачцы?

eiffel_tower_1784212_1280.jpg

Ілюстрацыйнае фота, pixabay.comФларэнційскі сіндром больш вядомы, як сіндром Стэндаля. Французскі пісьменнік апісаў яго ў сваёй кнізе 1817 года, дзе распавёў пра свае ўражанні ад Фларэнцыі: «Я быў ахоплены нейкай натхнёнасцю ад адной толькі думкі, што знаходжуся ў Фларэнцыі […] Калі я выходзіў з касцёлу Святога Крыжа, забілася мне сэрца, падалося мне, што знікла крыніца жыцця, і я ішоў, баючыся зваліцца на зямлю […] Я бачыў шэдэўры мастацтва, народжаныя энергіяй жарсцяў — пасля чаго ўсё здалося бессэнсоўным, маленькім, абмежаваным».
Фларэнційскі сіндром, прафесійна даследаваны псіхіятаркай Грызэльдай Магерыні, суправаджаецца сэрцабіццём, моташнасцю, моцнымі афектамі — жахам ці эйфарыяй, дэзарыентацыяй, а часам сапраўднымі галюцынацыямі, калі наведвальнік мастацкае галерэі быццам трапляе ўнутр карціны. Ахоплены сіндромам Стэндаля можа крычаць, згубіць прытомнасць, кінуцца на мастацкі твор. Сіндром доўжыцца ад колькі гадзінаў да васьмі дзён.
Псіхічную экзальтацыю выклікаюць творы мастацтва неверагоднае прыгажосці, сабраныя ў адным месцы. Паколькі ў Фларэнцыі так і ёсць, супрацоўнікі галерэі Уфіцы папярэджаныя пра небяспечны сіндром, які можа напаткаць наведвальнікаў.
Для італьянцаў, якія жывуць у гэтае прыгажосці, сіндром Стэндаля не характэрны. Не чулыя на яго турысты з Паўночнай Амерыкі ці Азіі, для якіх Фларэнцыя толькі экзотыка. А вось іншыя еўрапейцы, асабліва самотныя, звычайна, адукаваныя, з багатым эмацыйным жыццём, якія вызнаюць мастацтва Рэнесансу роднай і недасягальнай вяршыняй — трапляюць у групу рызыкі.
Падобны да Фларэнтыйскага сіндрому сіндром Іерусалімскі. Ахвярай становяцца паломнікі і турысты — пераважна хрысціяне, таксама іудзеі, а часам, і мусульмане. Ахвяра Іерусалімскага сіндрому пачынае ўяўляць сябе персанажам свяшчэннай гісторыі.
Тыповы Іерусалімскі сіндром пачынаецца з непакою і ўсхваляванасці. Турыст імкнецца аддзяліцца ад групы ці сям’і, назойліва клапоціцца пра цялеснае ачышчэнне, нарэшце, апранае белую тогу, звычайна скручаную з гатэльнай бялізны — і ідзе прапаведаваць. Калі яго не спынілі, то адбываецца ўрачысты марш да аднаго са святых месцаў у Іерусаліме — і казань на гэтым месцы.
Ахвяры Іерусалімскага сіндрому адчуваюць сябе прарокамі, увасабленнем Яна Хрысціцеля, Хрыста, Дзевай Марыяй, Марыяй Магдаленай, Самсонам ці царом Давідам. У Іерусаліме здараюцца тры-чатыры выпадкі сіндрому штомесяц. У 1969 годзе аўстраліец Дэніс Роман, які на Святой Зямлі пераканаўся, што выбраны Богам, падпаліў мячэць Аль-Аксу — і выклікаў у горадзе масавыя беспарадкі.
Калі на Іерусалімскі сіндром могуць пакутаваць людзі з самых розных краін, то Парыжскім сіндромам хварэюць японцы. Некаторых жыхароў краіны Узыходнага Сонца Парыж настолькі шакуе брудам, няветлівасцю — і няздзейсненымі чаканнямі, што яны адчуваюць трывогу, дэзарыентацыю і нават галюцынацыі, як і ў выпадку з сіндромам Стэндаля.
Мінск не мае сваёй псіхіятрычнай хваробы. Мне таксама невядомы выпадкі, каб жыхары Беларусі пакутавалі на падобныя сіндромы. Але ўсё калісьці пачынаецца.