Турыстаў, якія прыедуць у Мінск на Еўрагульні, правераць на наяўнасць інфекцый
Турыстаў, якія прыедуць у Мінск на II Еўрапейскія гульні, у аэрапорце будуць сканаваць з дапамогай медыцынскага цеплавізара. Людзей, у якіх тэмпература павышаная, спецыялісты будуць апытваць. Калі ў чалавека ёсць сімптомы інфекцый, яму прапануюць лячэнне.
Напярэдадні II Еўрапейскіх гульняў спецыялісты прааналізавалі, ці ёсць рызыка, што турысты, якія прыедуць у Беларусь, завязуць у краіну інфекцыі.
— Даследаванні паказалі: рызыка завозу кішачных інфекцый — высокая. Гэты фактар ўлічылі, — распавёў Дзмітрый Галоцік, загадчык супрацьэпідэмічнага аддзялення Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя. — На базе буйных бальніц створаны шпітальныя базы, дзе людзям будуць аказваць спецыялізаваную дапамогу. На ўзроўні рэспубліканскага і тэрытарыяльных цэнтраў створаны эпідбрыгады.
Ёсць выпадкі, распавёў Дзмітрый Галоцік, калі інфекцыя выяўляецца яшчэ ў самалёце. Чалавеку становіцца дрэнна, і бортправаднік або камандзір экіпажа, паведамляе аб такім пасажыру; спецыялістам санітарна-каранціннага кантролю аэрапорта.
Але ў кагосьці інфекцыя выяўляецца не адразу. Выяўляць такіх хворых спецыялістам будзе дапамагаць медыцынскі цеплавізар.
— Такія відэакамеры ёсць у вялікай колькасці аэрапортаў, — тлумачыць суразмоўца. — Відэакамера дазваляе, напрыклад, падчас рэгістрацыі, сканаваць вялікую колькасць людзей і вылучаць тых, у каго тэмпература падвышаная. Магчыма, потым спецыяліст санітарна-каранціннага пункта аэрапорта апытае такога турыста. Спытае пра яго самаадчуванне, дасць вымераць тэмпературу. Ёсць сімптомы інфекцый, якія можна заўважыць на першых этапах.
Спецыяліст тлумачыць: важна, каб турыстаў, інфекцыі ў якіх, напрыклад, перадаюцца паветрана-кропельным шляхам, адразу адпраўлялі на лячэнне.
— Гэта не значыць, што чалавека арыштуюць або вышлюць з краіны, але ў дачыненні да яго будуць прымяняцца мерапрыемствы, — растлумачыў Дзмітрый Галоцік.
— Чалавек зможа адмовіцца ад дапамогі? — удакладнілі журналісты.
— Ці шмат нармальных людзей адмаўляюцца ад дапамогі? — Пытаннем на пытанне адказаў спецыяліст.
Нагадаем, у Мінскім гарадскім цэнтры гігіены і эпідэміялогіі распавялі, што цяпер у многіх краінах захоўваецца напружаная эпідэмічная сітуацыя па адзёру. А значыць, падчас II Еўрапейскіх гульняў ёсць верагоднасць множных заносаў вірусаў на тэрыторыю Мінска. Вірусы могуць распаўсюдзіцца сярод адчувальных асоб. Гэта значыць, сярод тых, хто не прышчэплены супраць адзёру і раней на яго не хварэў.
Спецыялісты папярэджваюць: у людзей, якія ўдзельнічаюць у абслугоўванні гасцей і ўдзельнікаў II Еўрапейскіх гульняў і не абароненыя ад адзёру, высокая рызыка падхапіць інфекцыю. Сюды адносяцца супрацоўнікі аб'ектаў пражывання, харчавання, правядзення трэніровак, спаборніцтваў. Таму напярэдадні спаборніцтваў у іх збіралі дадзеныя аб тым, ці прышчэпленыя яны ад адзёру.
tut.by