Тыдзень супраць смяротнага пакарання

Ад 5 да 10 кастрычніка беларускія праваабаронцы ладзяць Тыдзень супраць смяротнага пакарання. Сёлета мерапрыемствы адбываюцца не толькі ў Беларусі, але таксама ва Украіне (Кіеў і Харкаў), у Казахстане (Алматы), Польшчы (Варшава) і Літве (Вільнюс). У Мінску імпрэза прайшла 9 кастрычніка.



На ёй прысутнічалі не толькі прадстаўнікі праваабарончых арганізацыяў, але замежныя дыпламаты, журналісты. Была і маці расстралянага ў сакавіку 2012 года абвінавачанага ў саўдзеле ў тэракце ў Мінскім метро 11 красавіка 2011 года Уладзіслава Кавалёва Любоў Іванаўна.

Каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” Андрэй Палуда нагадаў, што сёлета ўжо вынесены адзін расстрэльны вырак. Тым часам, у судах і ў пракуратурах знаходзяцца яшчэ некалькі справаў, якія могуць скончыцца смяротным пакараннем. Па словах Палуды, праваабаронцы імкнуцца маніторыць такія справы, але гэта вельмі цяжка, бо судовыя разгляды праходзяць у атмасферы павышанай сакрэтнасці.

Адзіная на кантыненце

Юрыст Валянцін Стэфановіч прывёў выкладкі праваабарончай арганізацыі “Міжнародная амністыя”, якая зафіксавала зніжэнне колькасці смяротных пакаранняў у свеце ў 2014 годзе на 22 адсоткі ў параўнанні з 2013 годам. Намеснік старшыні Праваабарончага цэнтра “Вясна” звярнуў увагу, што яшчэ ў 2009 годзе амаль усе краіны постсавецкае прасторы альбо адмянілі смяротнае пакаранне на заканадаўчым узроўні, альбо увялі мараторый на яго прымяненне (Расія, Таджыкістан і Казахстан).

20151009_111328.jpg

І толькі Беларусь застаецца адзінай краінай на тэрыторыі былога СССР, дзе дагэтуль расстрэльваюць людзей. Таму яна (адзіная на кантыненце) і не з’яўляецца чальцом Савета Еўропы.

Зацікаўленасць уладаў

У сваю чаргу, кіраўнік юрыдычнай камісіі Беларускага Хельсінскага камітэта (БХК) Гары Паганяйла выказаў меркаванне, чаму кіроўны рэжым трымаецца за такую меру пакарання, як расстрэл. “Я хачу нагадаць выпадкі гвалтоўных знікненняў нашых палітыкаў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, камерсанта і бізнэсмена, сябра апазіцыі, які фінансаваў і дапамагаў ёй, Анатоля Красоўскага, а таксама вядомага журналіста Дзімы Завадскага. Дык вось, мы ўпэўнены ў тым, што дзяржава ў дачыненні да гэтых асобаў здзейсніла пазасудовыя пакаранні. І адна з прычын, чаму дзяржава так моцна трымаецца за смяротнае пакаранне, — гэта таму, што, як мне падаецца, гэта служыць для іх апраўданнем, што яны могуць забіваць сваіх грамадзянаў. Як па судзе, па дзеючым законе, так і па-за межамі закона,  адзначыў Гары Паганяйла.

20151009_115729.jpg

Новая кніга

Падчас імпрэзы праваабаронцы прэзентавалі новую кнігу “Смяротнае пакаранне ў Беларусі”. Укладальніцай кнігі з’яўляецца Паліна Сцепаненка, прадслоўе напісаў кіраўнік “Вясны” былы палітвязень Алесь Бяляцкі. Выданне ўтрымлівае інфармацыю пра смяротныя пакаранні ў Беларусі з 1998 да 2015 года. Па словах Паліны Сцепаненкі, менавіта ў 1998 годзе да парваабаронцаў звярнулася маці Івана Фаміна, які быў расстраляны за чужую віну.

Адметнасцю выдання з’яўляецца гістарычны агляд “Гісторыя смяротнага пакарання ў Беларусі”, падрыхтаваны Дзянісам Марціновічам, а таксама вялікае інтэрв’ю з былым начальнікам СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Мінску, дзе адбываюцца расстрэлы, Алегам Алкаевым. Дарэчы, пад яго кіраўніцтвам былі прыведзеныя ў выкананне каля 150 смяротных выракаў. Па словах укладальнікаў і аўтараў, выданне скіравана не толькі на праваабаронцаў, але і на студэнтаў права, выкладчыкаў ды ўсіх зацікаўленых асобаў.

Арганізатары імпрэзы заклікалі далучацца да петыцыі супраць смротнага пакарання, размешчанай на сайце”Вясны” — spring96.org.