Тысячы беларусаў не могуць атрымаць візы краінаў ЕС

Палітыкі тлумачаць, у чым справа.

wiza_d.jpg

Дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка заявіў, што сітуацыя з выдачай віз у краіны Еўразвяза застаецца складанай. Па ягоных словах, тысячы людзей падаюць заяўкі, але не могуць атрымаць візы. А некаторыя краіны, такія як Літва і Эстонія, перасталі выдаваць візы беларусам. У чым справа?
— Нам зараз прыходзіць вельмі вялікая колькасць запытаў пра візы. Што не выдаюць, трэба доўга чакаць. Мы спрабуем гэта вырашаць, але сітуацыя сапраўды крытычная, таму што тысячы хочуць выехаць, — заявіў Франак Вячорка. — Тысячы і тысячы падаюцца на візы, а консульствы не здольныя столькі заявак апрацаваць. Гаварылі і з літоўцамі, і з латышамі, і з эстонцамі, і з чэхамі, і з палякамі. Пыталіся таксама ў Германіі і Францыі, каб нейкім чынам палепшыць і павялічыць колькасць выдаваемых віз. Але гэта вельмі складана. Гэта не звязана з дыскрымінацыяй беларусаў. Гэта звязана з вялікай перагрузкай сістэмы. Яшчэ пасля 2020 года штат супрацоўнікаў, якія працуюць у консульскіх аддзелах, істотна скараціўся. І зараз, бывае, што ў консульстве ці амбасадзе працуе толькі адзін чалавек, які займаецца візамі. Мы вядзем перамовы і спрабуем зрабіць, што можам, са свайго боку.
Між тым, амбасадар ЕС у Беларусі Дырк Шрубель у інтэрв'ю DW таксама пракаментаваў сітуацыю, наконт віз. У тым ліку і тое, што некаторыя краіны перасталі выдаваць візы беларусам.
— Гэта кампетэнцыя кожнай асобнай дзяржавы-члена. ЕС гэта не вырашае. Але гэта можа быць і пытаннем недахопу персанала. Напрыклад, у Мінску ў пасольствах Літвы і Латвіі практычна нікога не засталося. Іх усіх выслалі, акрамя аднаго чалавека, які, так бы мовіць, прыглядае за будынкам, — заявіў Шрубель. — Улічваючы гэта, я не думаю, што іх можна папракаць, што яны не могуць выдаваць столькі віз, як раней. І ў іншых пасольствах, магчыма, сітуацыя падобная, у іх таксама быў скарочаны персанал. Мы не ведаем усіх падрабязнасцяў. Гэта, на жаль, да гэтага часу пытанне кожнай дзяржавы — члена ЕС. І таму мы не можам уплываць. Але мы як ЕС аддалі б перавагу, каб было выдадзена як мага больш віз для дапамогі тым, хто мае патрэбу. У тым ліку, каб не страчваць сувязь з насельніцтвам Беларусі.