У Беларусі абвясцілі глушца птушкай 2020 года

Грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» абвясціла птушку 2020 года, якая стане наступніцай сёлетнега крылатага сімвала — вялікага арляца.

hluhar_v_kozlovskij_010_.jpg

Птушку наступнага года абвясцілі на Дзікай лекцыі АПБ падчас фестывалю IBB JubiläumsFest, прысвечанага 25-годдзю Мінскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра імя Ёханэса Рау (IBB Мінск). Сустракайце глушца!
Глушэц — гняздуючы аселы від з атраду курападобныя. Распаўсюджаны вельмі нераўнамерна па ўсёй тэрыторыі Беларусі, але часцей сустракаецца ў паўночных раёнах і на ўсходзе. Старыя ацэнкі колькасці 8000 - 9000 асобін. Гэта таёжны, паўночны від і ў сувязі са зменай клімату ён паступова паўсюль па Беларусі знікае. Асабліва катастрафічнае становішча цяпер на захадзе і поўдні краіны – у Белавежскай пушчы сто гадоў назад жылі сотні глушцоў, а цяпер ён тут амаль знік.
У Беларусі жывуць два падвіды глушца: заходнееўрапейскі і сярэднярускі. У песні заходнееўрапейскага падвіду ёсць характэрны элемент «корак» (“пробка”), таксама чорнае бруха амаль не мае белых плям, і ён больш буйны, чым усходняя раса. На жаль, колькасць заходнееўрапейскага падвіду нізкая: не перавышае 500 асобін.
У Беларусі на глушцоў дазволена паляванне. Паляўнічыя і далі калісьці назву птушцы – падчас вясенней песні глушэц нічога не чуе і дае магчымасць людзям падысці на адлегласць трапнага стрэлу.
Самец глушца памерам з хатняга індыка і лёгка адрозніваецца ад іншых курыных буйнымі памерамі. Самцы добра адрозніваюцца ад самак бліскучай чорна-зялёнай расфарбоўкай. Самка меншага памеру і афарбаваная пад колер лісцяў і зямлі. Такая афарбоўка асабліва патрэбная ёй для маскіроўкі падчас наседжвання яек.Глушэц – патрыёт, амаль усё жыццё можа пражыць у адным лесе. Гэтыя птушкі жывуць і гняздуюцца ў хвойных лясах паблізу мохавых балотаў. Увесну і ўлетку глушэц есць парасткі, кветкі, пупышкі, лісце, лясныя ягады, насенне і насякомых. Увосень птушкі кормяцца лісцем асін, ягадамі журавін, зімой - хваёвай ігліцай, пупышкамі. Птушанятам патрэбен бялок, таму ядуць у асноўным казурак і павукоў.
Сямён Левы, спецыяліст АПБ па прыродаахоўных пытаннях:
 “У большасці месцаў рассялення ў нас глушэц — рэдкі від. Галоўныя пагрозы яму — знікненне месцаў пражывання праз высечкі лесу на месцах такавання птушак, падсочка (здабыча) жывіцы на таках і каля іх, турбаванне ў гнездавы перыяд, паляванне на самцоў на невялікіх такавішчах, прэсінг з боку драпежнікаў (у тым ліку інтрадукаванага янотападобнага сабакі) і канкурэнцыя капытных жывёл”.
Нацыянальную кампанію “Птушка года” АПБ праводзіць з 2000 года, каб прыцягнуць увагу людзей да дзікіх птушак Беларусі іх праблемаў і неабходнасці захавання тых месцаў, дзе яны жывуць. Увесь наступны год будуць праходзіць мерапрыемствы, прысвечаныя глушцу, да якіх змогуць далучыцца дарослыя і дзеці. Калі ў вас ёсць карысныя ідэі і прапановы, якія можна ажыццявіць у межах кампаніі, дасылайце іх, калі ласка, на паштовую скрыню каардынатара ptushki.org@gmail.com.
У мінулыя гады сімваламі Беларусі былі: белы бусел, белая пліска, авяльга, дамавы верабей, гарадская ластаўка, барадатая кугакаўка, кнігаўка, салавей, вялікая белая чапля, шэрая гусь, сокал-пустальга, вялікі кулён, чорны свіргуль, удод, звычайная зязюля, вушатая сава, жаўрук-смяцюх, шчыгел, вялікі арлец.
Цікава ведаць. Птушку года з трох кандыдатаў абіраюць сябры АПБ. Каб паўплываць на выбар крылатага сімвала, трэба далучыцца да арганізацыі і паўдзельнічаць у галасаванні на штогадовым з’ездзе. Ужо ў пачатку наступнага года сябры АПБ змогуць аддаць галасы за птушку 2021 года.