У Беларусі ўзгадалі пра «дармаедаў»

Для працаздольных, але беспрацоўных беларусаў гарачая вада падаражэла ў 5 разоў, з траўня падаражэюць газ і ацяпленне. Пры гэтым абаронай для "дармаедаў" можа стаць каронавірус. Рэпартаж DW з Гомеля.

52912593_303.jpg


Атрымаўшы рахунак за камунальныя паслугі, хатняя гаспадыня з Гомеля Марыя Тарасенка здзівілася: у плацёжках за студзень і люты адразу ў 5,5 разы падаражэла гарачая вада. З 1 траўня для такіх, як яна, у Беларусі падаражэюць яшчэ і газ і ацяпленне.
Прычына — жанчына не працуе і падпадае пад дэкрэт кіраўніка краіны "Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва". Гэтая новая рэдакцыя скандальнага дэкрэта Лукашэнкі "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства", празванага ў народзе "дармаедскім", была спешна прынятая ў 2018 годзе. Першапачаткова беспрацоўных хацелі прымусіць плаціць адмысловы — высокі па беларускіх мерках — збор. Але пасля хвалі масавых пратэстаў па ўсёй Беларусі "садзейнічаць занятасці насельніцтва" ўлады вырашылі павышэннем тарыфаў ЖКГ для беспрацоўных. Дзейнічаць гэты парадак пачаў толькі цяпер.

Як хатняя гаспадыня з Гомеля стала "дармаедкай"


Хатняй гаспадыняй Марыя Тарасенка стала каля 10 гадоў таму. Да гэтага жанчына працавала швачкай, а затым — брыгадзірам і майстрам на адной з гомельскіх фабрык. Умовы былі настолькі цяжкімі, распавядае Марыя, што яны з мужам вырашылі: ім хопіць і яго заробку.

Марыя Тарасенка

Марыя Тарасенка


Цяпер жа непрацуючую жанчыну ўнеслі ў базу "працаздольных грамадзян, якія не занятыя ў эканоміцы". Марыя лічыць, што тым самым былі парушаныя яе правы, гарантаваныя канстытуцыяй: "Дзяржава ўмяшалася ў мае асабістае жыццё, прымушае мяне да працы і дыскрымінуе па прыкмеце сацыяльнага статусу".
Хлусіць уладам пра "цяжкую жыццёвую сітуацыі" і рэгістравацца ў якасці фэйкавага прадпрымальніка, як рабілі некаторыя беспрацоўныя беларусы, каб іх выдалілі з базы, жанчына не стала прынцыпова. Яна вырашыла дамагацца права заставацца хатняй гаспадыняй праз суд.

Тарыфы ЖКГ для беспрацоўных беларусаў


Камунальныя плацяжы за стандартную двухпакаёвую кватэру абыходзяцца сярэднестатыстычнаму гамельчуку прыкладна ў 40 беларускіх рублёў (каля 16 еўра). У гэтую суму ўваходзяць усе жыллёва-камунальныя паслугі: ад водазабеспячэння да вывазу смецця.
Марыя Тарасенка ж павінна цяпер плаціць у два разы больш. Такім чынам, лічыць яна, дзяржава хоча ўтрымаць грамадзян на нізкааплатных працоўных месцах. Паўмільённы Гомель — другі па велічыні горад Беларусі, але заробкі тут зусім невялікія. Многія вымушаны працаваць за "мінімалку" ў 375 рублёў (каля 135 еўра). Каб іншым не было спакусы звольніцца, беспрацоўным паказальна выставілі залімітавыя рахункі, перакананая жанчына.
Так званы "ліст шчасця" — папярэджанне раённай адміністрацыі, што з другога квартала 2020 года камунальныя паслугі будуць налічваць па падвышаным тарыфе, атрымаў і гомельскі блогер Максім Філіповіч. 22 сакавіка ён апублікаваў яго на сваім канале ў YouTube. Каб пазбегнуць гэтага лёсу, мужчына павінен прадаставіць чыноўнікам "звесткі, якія пацвярджаюць занятасць".

Квітанцыя за люты, якую атрымала Марыя Тарасенка: агульная сума вырасла ў два разы

Квітанцыя за люты, якую атрымала Марыя Тарасенка: агульная сума вырасла ў два разы


Колькі ўсяго людзей павінны будуць плаціць за камуналку па новых тарыфах — сказаць складана. На просьбу DW удакладніць іх лік у камісіі па садзейнічанні занятасці насельніцтва Чыгуначнага раёна Гомеля, дзе пражывае Марыя Тарасенка, адказалі, што "па гэтым пытанні ніякіх каментароў для СМІ мы не даем". Але яшчэ год таму тут агучвалі лічбу ў 170 чалавек. Можна меркаваць, што ва ўсім Гомелі іх каля тысячы.
Праваабаронца Леанід Судаленка адзначае, што пакуль улады вырашылі ўдарыць не па ўсіх беспрацоўным, а толькі па ўласнікам жылля. Менавіта яны павінны будуць аплачваць частку камуналкі, як паказана ў прэзідэнцкім дэкрэце, па "цэнах, якія забяспечваюць поўнае пакрыццё эканамічна абгрунтаваных затрат на іх аказанне (паслуг ЖКГ. — Рэд.)".

Каронавірус — выратаванне для беларускіх "дармаедаў"?


Але што рабіць такім людзям, задаецца пытаннем юрыст, як адзін з яго падапечных? Беларусу, які працуе ў Падмаскоўі, таксама прыйшўш "ліст шчасця". Але вярнуцца дадому, каб разабрацца з выраслай камуналкай, ён не можа з-за карантыну — нават калі яму ўдасца ўехаць у Беларусь, назад у Расію шлях яму будзе закрыты. Ва ўмовах пандэміі каронавіруса сітуацыя падвісла, паціскае плячыма Судаленка, ніякага рашэння няма.
Рэгіянальны прадстаўнік незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасці Андрэй Стрыжак адзначае, што "дармаедскі" дэкрэт запрацаваў у самы няўдалы момант: курс беларускага рубля за апошні тыдзень рэзка ўпаў, і так невысокія зарплаты абясцэньваюцца. Найбуйнейшае прадпрыемства горада "Гомсельмаш" яшчэ да крызісу, распавядае ён, скарачала штат супрацоўнікаў. Тыя, у сваю чаргу, шукалі працу ў Польшчы і Расіі — адпаведна, у Беларусі іх таксама могуць прылічыць да "дармаедаўі". Але цяпер межы закрытыя, і сітуацыя выглядае патавай. "Абсурдны па сваёй сутнасці дэкрэт сёння выглядае яшчэ больш абсурдна", — лічыць Андрэй Стрыжак.
З іншага боку, кажа ён, каронавірус можа стаць для людзей шчылінай — цяпер усе могуць паспрабаваць заявіць пра "цяжкую жыццёвую сітуацыю" ў сувязі з пандэміяй і дамагчыся — праўда, толькі на час — выключэння з спісаў "дармаедаў".
Што ж тычыцца Марыі Тарасенка, то яна аднесла ў Гомельскі гарвыканкам заяву з патрабаваннем праверыць палажэнні дэкрэта Лукашэнкі на канстытуцыйнасць і выключыць яе з базы "ня занятых у эканоміцы". Пакуль гэта спроба дасудовага вырашэння праблемы. Далей яна мае намер адстойваць свае правы з дапамогай цяжбы. Яе мэта — дамагчыся поўнай адмены "дармаедскага" дэкрэта.