У Гомелі збіраюць подпісы супраць будаўніцтва новага падземнага перахода

УУС гомельскага аблвыканкама нядаўна апублікавала планы па будаўніцтве на скрыжаванні вул. Інтэрнацыянальнай і пр-та Леніна новага падземнага пераходу. Разам з некаторымі іншымі зменамі дадзеная ідэя накіравана на рашэнне транспартных праблем абласнога цэнтра. Але з такім меркаваннем згодны далёка не ўсе гараджане і яны пачалі дзейнічаць.

possible_view_internacyjanalnaja_street_homel.jpg

Актывісты урбаністычнай ініцыятывы «Smart Homel» стварылі петыцыю на анлайн-платформе Petitions.by, дзе заклікаюць падпісацца супраць будаўніцтва новага падземнага пераходу.

Сярод прычын, па якіх гораду не варта зараз будаваць новы падземны пераход аўтары вылучылі наступныя:

• Вялізны кошт. У свой час дырэктар прадпрыемства «Упраўленне капітальнага будаўніцтва горада Гомеля» Уладзімір Сенажэнскі (інтэрв'ю газеце «Гомельская праўда» ў 2015 г.), каментуючы кошт будаўніцтва падземных пераходаў у нашым горадзе адзначыў, што «пераход на Барыкіна абышоўся ў суму каля 12 мільярдаў рублёў. Але гэты цэннік можа дасягаць і 100 мільярдаў у выпадку, калі пад зямлёй у тым месцы схаваны складаныя камунікацыі». Гэта па курсе таго часу адпавядае суме ад 700 тыс. да 5,8 мільёнаў даляраў.

• Лакальнае рашэнне глабальных праблем. Так праскочыўшы дадзены скрыжаванне аўтатранспарт у выніку будзе прастойваць на іншых, а будаваць падземныя пераходы ўсюды — пагібельная для горада практыка

• падкрэсліць азначаную ў апошнія гады тэндэнцыю з боку гарадскіх уладаў ажыццяўляць большасць змяненняў у першую чаргу дзеля інтарэсаў аўтамабілістаў за кошт іншых груп мабільнасці (пешаходы, веласіпедысты і т.п.). Такі падыход у выніку вядзе толькі да паніжэння ўзроўню даверу і адабрэння дзеянняў нашых уладаў

• абмяжуе і пагоршыць мабільнасць веласіпедыстаў праз цэнтр горада

• створыць вялікія цяжкасці для перасячэння вуліцы маламабільным групам гараджан (людзі з абмежаванымі магчымасцямі, пажылыя людзі, мамы з каляскамі і інш.)

• пагоршыць турыстычную прывабнасць цэнтра Гомеля. Госці абласнога цэнтра наўрад ці ацэняць магчымасць «прыемнай» прагулкі па яго цэнтральных вуліцах, на якіх ім давядзецца спускацца ў падземны пераход.

Актывісты лічаць, што «улічваючы недастатковасць прапрацоўкі альтэрнатыўных рашэнняў, слабы ўзровень абгрунтавання неабходнасці падземнага пераходу ў дадзеным месцы, а таксама вялікую колькасць негатыўных наступстваў, да якіх прывядзе яго будаўніцтва, лічыць яго ўзвядзенне заўчасным і шкодным для горада».

Кіраўнік урбаністычнай ініцыятывы «Smart Homel» Яўген Меркіс пракаментаваў дадзеную петыцыю і патлумачыў пазіцыю аўтараў:

«Атрымліваецца, што дадзены падземны пераход патрэбен у першую чаргу аўтамабілістам і будаўнікам, якія змогуць асвоіць досыць сур'ёзную суму бюджэтных сродкаў. Транспартныя праблемы ад гэтага нікуды не знікнуць, паколькі іх ужо даўно варта вырашаць больш комплексна, а не шукаць лёгкіх спосабаў расставіўшы па горадзе новыя падземныя пераходы. Пры гэтым гораду важна памяняць прыярытэты транспартнай мабільнасці ў цэлым, бо калі мы будзем і далей змяняць наш горад за вялікія грошы толькі дзеля аўтамабілістаў, тады і знаходзіцца ў ім будзе камфортна толькі за стырном. Таму зараз уладам варта сесці і больш дэталёва разгледзець усе альтэрнатывы па дадзенаму ўчастку і свой падыход да развіцця руху ў горадзе ў цэлым».

Падрабязны разбор усіх довадаў за і супраць дадзенага падземнага пераходу можна ўбачыць і ў відэа Яўгена Меркіса.



Пакінуць сваё меркаванне грамадзяне могуць на афіцыйным сайце УУС Гомельскага аблвыканкама з 15 па 25 студзеня 2019 года, а таксама даслаўшы ліст на паштовую скрыню УДАІ УУС Гомельскага аблвыканкама.
Паводле прэс-рэліза