У Берасці пачалі кампанію за ліквідацыю «Табакерак»

Берасцейцы пачалі кампанію за ліквідацыю гандлёвых павільёнаў «Табакерка», якія цягам апошніх месяцаў з’явіліся на прыпынках грамадскага транспарту горада. Анлайн-петыцыю з адпаведным патрабаваннем на сайце change.org размясціла некамерцыйная ўстанова «За свой горад».

tabakerka_1.jpg

На думку аўтараў петыцыі, з’яўленне павільёнаў “Табакерка” парушае адно з рашэнняў абласнога Савета дэпутатаў. Датычна яно рэкамендацыяў па “забароне размяшчэння спецыялізаваных пунктаў па рэалізацыі тытунёвых вырабаў на адлегласці 500 метраў ад установаў адукацыі, аховы здароўя, культуры і спорта”.
Кажа кіраўнік “За свой горад” Ігар Маслоўскі:
– Калі нехта з мясцовых органаў улады не можа зрабіць заўвагі, то мы не баімся і будзем спрыяць таму, каб у краіне сапраўды быў парадак, каб выконвалася тое заканадаўства, якое ёсць. І такіх рэчаў больш не адбывалася.
Мясцовыя і рэспубліканскія СМІ ўжо паведамлялі пра факты пашкоджання павільёнаў “Табакерка” у Берасці, якія яшчэ афіцыйна не запрацавалі. На некаторых шапіках было выбіта шкло, з’явіліся расейскамоўныя надпісы “Ларёк смерти” і іншыя.
“Не адбылося і без кур’ёзных выпадкаў, такіх як размяшчэнне адной з “Табакерак” наўпрост на веласцежцы”, – падсумаваў Ігар Маслоўскі. Петыцыя сабрала ўжо каля 1000 подпісаў.
Паводле racyja.com