Агучваць прыпынкі па-беларуску? Аршанскі аўтапарк выказаў гатоўнасць да супрацы

Пад электроннай петыцыяй з патрабаваннем агучваць прыпынкі ў грамадскім транспарце Воршы на беларускай мове падпісалася больш за 400 чалавек. Аршанскі райвыканкам у адказ на зварот паведаміў, што аўтапарк гатовы супрацоўнічаць па гэтым пытанні і чакае ад актывістаў ужо гатовых аўдыёфайлаў.

a4b386613794e4c7cd10e5b37246fd64_xl.jpg


“Філіял “Аўтобусны парк №3 г. Воршы” ААТ “Віцебскаблаўтатранс” гатовы супрацоўнічаць па пытанні агучвання назваў прыпыначных пунктаў у салонах аўтобусаў г. Ворша на беларускай мове, але матэрыялы з перакладзенымі і агучанымі на беларускай мове назвамі прыпыначных пунктаў да гэтага часу на адрас філіялу “Аўтобусны парк №3 г. Воршы” ад Вас не паступалі”, – гаворыцца ў адказе першага намесніка старшыні Аршанскага райвыканкаму Сяргея Паца.

orsza_adkaz.jpg


Прапанова да актывістаў самастойна і на добраахвотнай аснове перакласці назвы прыпынкаў на беларускую мову і перадаць матэрыялы транспартнікам гучала ад кіраўніцтва аршанскага аўтапарку яшчэ ў 2015 годзе. Але тады супрацоўніцтва так і не атрымалася, хаця ахвотныя зрабіць такі пераклад былі. Ці дойдзе да справы зараз?
Нагадаем, раней аршанскія актывісты атрымалі адмоўны адказ на сваю прапанову ад намесніка генеральнага дырэктара ААТ “Віцебскаблаўтатранс” Сяргея Залескага. “У цяперашні час прыпынкі абвяшчаюцца на адной з дзяржаўных моваў – на расейскай, і гэта не супярэчыць заканадаўству Рэспублікі Беларусь», – пісаў Залескі.
Зміцер Міраш, vitebskspring.org