У Горадні можа знікнуць квартал колішніх царскіх казармаў
Будынкі адсяляюць ды выстаўляюць на продаж, пры гэтым ніводзін з іх не з’яўляецца помнікам.
![polskija_kazarmy_u_zonie_adczuzennia_15.jpg polskija_kazarmy_u_zonie_adczuzennia_15.jpg](/img/v1/userfiles/images/polskija_kazarmy_u_zonie_adczuzennia_15.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Квартал казармаў на вул. Чырвонаармейскай і Шчорса паўстаў яшчэ ў 1880-х як горад у горадзе. Фактычна, гэта была частка агромністага вайсковага комплексу, які цягнуўся ад сучаснай Азёрскай шашы ажно да праваслаўных могілак і Нёмну. Такім быў размах армейскага будаўніцтва ў часы Імперыі.
![Казармы Вяцкага палку Казармы Вяцкага палку](/img/v1/userfiles/images/kazarmy_viackaha_palku_768x571.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Казармы Вяцкага палку
Пры цары тут месціўся Вяцкі пяхотны полк, пасля – мабільны шпіталь, у міжваенны перыяд — «легіянерскія казармы», замацаваныя за 71-м Лідскім пяхотным палком імя Нарбута. Трагічнымі сталіся ваенныя старонкі гісторыі казармаў: немцы арганізавалі тут 324-ы лагер для палонных чырвонаармейцаў.
За савецкім часам усё вярнулася «на кругі свая»: комплекс зноў занялі вайскоўцы.
«Вы яшчэ не бачылі дрэнных умоваў…»
Зараз будынкі расцярушаныя і не ўяўляюць сабой адзінага арганізму. Частка так і засталася за Міністэрствам абароны, частка пустуе, а недзе — жывуць людзі, казармы пераробленыя ў вялізны інтэрнат.
![Казармы-інтэрнат па вуліцы Шчорса Казармы-інтэрнат па вуліцы Шчорса](/img/v1/userfiles/images/kazarmy_internat_na_szczorsa_14.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Казармы-інтэрнат па вуліцы Шчорса
У будынку па вул.Шчорса, 4, напрыклад, дагэтуль жыве 100 чалавек. Дзе-нідзе ля вокнаў прымацаваныя спадарожнікавыя антэны, унутры чутно пахі з агульнай кухні, у канцы даўжэзнага калідору — прыбіральні з дзіркамі ў падлозе. Жыццё тут захавалася толькі ў адным крыле, іншае пустуе.
Троху раней жыхароў перасялілі сюды з будынку насупраць, які адносіцца да вуліцы Чырвонаармейскай і зараз стаіць з забітымі дзвярыма — ён і выстаўлены на продаж. Размовы пра канчатковае высяленне, са словаў жыхароў, цягнуцца ўжо 15 год. Аднак выязджаць гатовыя не ўсе.
![kazarmy_internat_na_szczorsa_2.jpg kazarmy_internat_na_szczorsa_2.jpg](/img/v1/userfiles/images/kazarmy_internat_na_szczorsa_2.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
«Дрэнныя ўмовы?», — здзіўляецца кораткастрыжаны мужчына з цыгарэтай на ганку. — «Дык вы яшчэ не бачылі дрэнных умоваў. Тут зручна — цэнтр усё ж такі. А на будынкі ўжо заглядаўся Сямашка, уладальнік гасцініцы. Паглядзім, што з гэтага будзе».
![kazarmy_internat_na_szczorsa_19.jpg kazarmy_internat_na_szczorsa_19.jpg](/img/v1/userfiles/images/kazarmy_internat_na_szczorsa_19.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
У міжваенных казармах абжыліся бамжы
Калі падняцца па вуліцы Шчорса крыху вышэй і завярнуць направа, трапляеш нібы ў «зону адчужэння» з каркасамі вайсковых гаражоў ды травой у чалавечы рост. Тут жа — некалькі двухпавярховых будынкаў у стылі канструктывізму. Патынкаваныя, але з выразнымі цаглянымі элементамі, адпаведна модзе міжваеннай эпохі. За польскім часам тут стаяў 7-ы танкавы батальён, пра што сведчаць архіўныя здымкі.
![Былыя польскія казармы ў «зоне адчужэння» Былыя польскія казармы ў «зоне адчужэння»](/img/v1/userfiles/images/polskija_kazarmy_u_zonie_adczuzennia_16.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Былыя польскія казармы ў «зоне адчужэння»
Зараз будынкі пустуюць. Недзе марадзёры ўжо паздымалі паркет, іншыя пакоі аблюбавалі бамжы: паўсюдна раскладзеная вопратка, колам састаўленыя крэслы, пасярэдзіне – сталы. Там-сям ляжаць кавалкі вайсковых мапаў ды плакатаў — сведкі савецкай вайсковай моцы.
![polskija_kazarmy_u_zonie_adczuzennia_10.jpg polskija_kazarmy_u_zonie_adczuzennia_10.jpg](/img/v1/userfiles/images/polskija_kazarmy_u_zonie_adczuzennia_10.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
З боку праспекту Касманаўтаў да «зоны адчужэння», якая была яшчэ нядаўна вайсковым гарадком, ужо падабраліся шматпавярховыя навабуды, таму лёс «сумнеўнага» кварталу, найхутчэй, ужо перадвызначаны.
«Варта зрабіць з казармаў ахоўную зону»
На думку гісторыка Андрэя Чарнякевіча, казармы на Шчорса напаткаў лёс усёй постсавецкай вайсковай сістэмы, якая прайшла праз масавыя спісанні і знішчэнні маёмасці. Пры гэтым гісторыка-культурніцкае значэнне раёну для гораду цяжка пераацаніць.
«Варта было б падыйсці комплексна і зрабіць з усіх казармаў ахоўную зону», — лічыць Чарнякевіч. — «Але ў нас нават могілкі старыя, унікальныя для Беларусі, у спіс помнікаў не ўнесеныя, а вы кажаце пра казармы. Для мяне дзіўна, што вайскоўцы тут трымаюць дыстанцыю, бо гэта аб’ект найперш вайсковай гісторыі».
![polskija_kazarmy_u_zonie_adczuzennia_12.jpg polskija_kazarmy_u_zonie_adczuzennia_12.jpg](/img/v1/userfiles/images/polskija_kazarmy_u_zonie_adczuzennia_12.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Паводле гісторыка, вельмі верагодна, што казармы на Шчорса паўтораць лёс аналагічнага комплексу на праспекце Янкі Купалы. У 2013-м тыя будынкі таксама былі прададзеныя з аўкцыёну без абавязальніцтваў, а новы ўласнік наўпрост зачысціў тэрыторыю, збудаваўшы гіпермаркет.
Чаму пашчасціла казармам на Дзяржынскага?
Пры гэтым, у Горадні існуе і пазітыўны прыклад стаўлення да вайсковай гісторыі, упісанай у архітэктуру. Казармы 101-га Пермскага палку на вуліцы Дзяржынскага, дзе зараз месціцца вайсковы шпіталь, маюць статус гісторыка-культурніцкага помніку і ахоўваюцца дзяржавай.
![polskija_kazarmy_u_zonie_adczuzennia_4.jpg polskija_kazarmy_u_zonie_adczuzennia_4.jpg](/img/v1/userfiles/images/polskija_kazarmy_u_zonie_adczuzennia_4.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
На думку Чарнякевіча, так сталася таму, што будынкі на Дзяржынскага больш навідавоку, бо знаходзяцца ў цэнтры гораду. Ды і шпіталь адтуль нікуды не выязджаў, таму стан аб’ектыўна лепшы. Такім чынам, горад у бліжэйшай перспектыве можа страціць каштоўныя помнікі, якім не пашчасціла з месцазнаходжаннем ды гаспадарамі.
Паводле belsat.eu