У Курапатах новыя факты вандалізму, пашкоджаны крыж Вацлава Ластоўскага (фота)

Зноў апаганеныя крыжы – у тым ліку ў памяць Вацлава Ластоўскага і рэпрэсаваных палякаў.

4030549a12fbd462823688f433aa5b0e_xl.jpg

Мемарыяльны комплекс ва ўрочышчы Курапаты пад Мінскам 2 кастрычніка наведала група каталіцкіх вернікаў. Перад гадавінай «Ночы расстраляных паэтаў» — расправай сталінскага рэжыму над беларускай інтэлігенцыяй — яны прыйшлі сюды памаліцца за ахвяраў масавых расстрэлаў рэпрэсаваных і за тых, хто несправядліва пакутуе цяпер, за найхутчэйшае вырашэнне крызісу ў Беларусі, піша партал katolik.life.

Падчас наведвання гэтага месца масавых пахаванняў ахвяр сталінскіх рэпрэсій вернікі заўважылі новыя выпадкі вандалізму – абразлівымі надпісамі апаганеныя крыжы. У тым ліку —асвечаны крыж памяці Вацлава Ластоўскага, беларускага грамадска-палітычнага дзеяча, публіцыста, этнографа, які таксама быў расстраляны сталінскім рэжымам у 1938 годзе.

«На крыжы Ластоўскаму зноў з'явілася слова «упырь», а на крыжы ў памяць польскіх ахвяр савецкіх рэпрэсій напісана «Сидите в «Крэсах» ляхи! Припоминайте плахи…», — распавялі Katolik.life вернікі.

Крыж памяці Ластоўскага, які таксама з'яўляецца адным з заснавальнікаў беларускай дзяржаўнасці, апаганьваюць ужо не ўпершыню. А апошні раз пра апаганьванне крыжоў у Курапатах станавілася вядома ў траўні 2023 года. Пра пошук і пакаранне вінаватых у вандалізме на гэтым месцы памяці і смутку афіцыйныя ведамствы ні разу не паведамлялі.

Глядзіце таксама

Дарэчы, у Расіі з'явіліся факты знішчэння месцаў памяці ахвяр савецкіх рэпрэсій. У Варкуце знеслі крыж у гонар вязняў ГУЛАГа, у Якуцку знік мемарыял ссыльным католікам, паведамляў паблік «Хрысціянская Расія». А ў Цвярской вобласці на тэрыторыі мемарыяла рэпрэсаваным усталявалі бюст Сталіна – ініцыятара рэпрэсій, ахвярамі якіх сталі мільёны савецкіх грамадзян: яны былі расстраляныя, сасланыя ў лагеры, дзе многія загінулі з-за нечалавечых умоў.

Крыж памяці Ластоўскага быў усталяваны ў Курапатах у 2016 годзе. З таго часу вандалы неаднаразова апаганьвалі помнік.

Акты вандалізму ў Курапатах адбываюцца ўжо два дзесяцігоддзі, але яшчэ ні разу міліцыянты не пакаралі вандалаў. Нават тады, калі злачынцаў здолелі злавіць актывісты і перадаць іх міліцыі.

Курапа́ты — лясны масіў на паўночным ускрайку Мінска, дзе былі выяўленыя масавыя пахаванні людзей, расстраляных НКУС у 1937-1941 гадах. Колькасьць ахвяр на сённяшні дзень дакладна невядомая і, паводле розных ацэнак, можа складаць да 100 тысяч чалавек, ці нават больш.

З 1993 году ўрочышча Курапаты занесенае ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь як месца пахаванняў ахвяр палітычных рэпрэсій. Курапаты маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці першай катэгорыі, што паводле закону «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны» адпавядае катэгорыі «найбольш унікальных каштоўнасцяў, духоўныя, эстэтычныя і дакументальныя вартасці якіх уяўляюць міжнародную цікавасць».

З’яўляюцца найбольш вядомым сярод прынамсі васьмі месцаў масавых расстрэлаў, якія ажыццяўляў НКУС на тэрыторыі Мінска.