У Магілёве спыніліся на адпачынак 250 дзікіх гусей, сярод іх – рэдкая чорная казарка

Некалькі дзён таму на ўскрайку Магілёва сябра грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» Андрэй Чараднічэнка адзначыў вялікую чараду дзікіх гусей. Больш за 250 белалобых гусей і гусей-гуменніц спынілася тут, каб адпачыць і падсілкавацца перад тым, як працягваць дарогу на поўнач.

Фота Аляксандра Вінчэўскага

Фота Аляксандра Вінчэўскага

Андрэй Чараднічэнка назірае гусей проста побач са сваім домам ужо не першы год: «Тут у нас недалёка ферма, і побач знаходзяцца палі для выпасу кароваў. Яны не апрацоўваюцца, на іх ёсць некалькі лужын, і тут пастаянна на міграцыі спыняюцца гусі. Гэта было і летась, і цяпер. Тут яны застаюцца надоўга. Раніцай у суботу я выйшаў чарговым разам, каб паназіраць за гусямі, паглядзець, ці ёсць нейкія змены ў іх колькасці. Падчас назіранняў заўважыў невялікую гусь, якая адрознівалася ад белалобай гусі і гусі-гуменніцы. Паглядзеў па вызначальніку, што яна падобная да чорнай казаркі, потым сфатаграфаваў і ўжо дакладна вызначыў, што гэта яна».

czornaja_kazarka.jpg

Чорная казарка. Фота Аляксандра Вінчэўскага

Чорная казарка – від, які ў Беларусі сустракаецца падчас транзітных міграцый надзвычай рэдка, бо ніколі не адлятае далёка ад мора. Зімуюць гэтыя птушкі ў Паўночнай Германіі і Нідэрландах, а гняздуюцца на Таймыры і далей на ўсход у прыморскай тундры.
Андрэй Чараднічэнка птушкамі зацікавіўся яшчэ школьнікам. Ён наведваў арніталагічны гурток па кіраўніцтвам Аляксандра Мар’янавіча Ясевіча ў Смаргоні, але пасля заканчэння школы паступіў у медычны ўніверсітэт і закінуў гэты занятак, бо не было ні часу, ні аднадумцаў побач. Праз амаль 15 гадоў ён вярнууся да свайго хобі.
«Мяне цікавіць захаванне дзікай прыроды і назіранне за ёй, — кажа Андрэй. — Нават назіраючы за звычайнымі відамі, кожны дзень можна ўбачыць нешта цікавае».
Адметна, што гусі спяць і кормяцца побач з людзьмі: гэта найвышэйшая ступень даверу. Зона, дзе спыніліся гусі, закрытая для палявання, гэта практычна горад, і гараджане таксама не турбуюць птушак. У краінах, дзе няма вясновага палявання — у Польшчы і Літве — чароды дзікіх гусей можна сустрэць амаль паўсюль.

Фота Аляксандра Вінчэўскага

Аляксандр Вінчэўскі, дырэктар АПБ: «Гусі — вельмі мудрыя птушкі, яны хутка засвойваюць месцы, дзе іх не будуць страляць. На жаль, у Беларусі ўвесну такіх месцаў няшмат. Птушкам патрэбна адпачыць і падсілкавацца, бо калі ў чэрвені яны прыляцяць у тундру, там яшчэ ляжыць снег. Я здзівіўся, калі ўбачыў, што яны, практычна не звяртаючы ўвагі на мяне, бесперапынку шчыпалі траву. Магілёўцам пашанцавала. Птушкі могуць сядзець тутака да сярэдзіны траўня».
Паводле прэс-рэлізу