У найлепшага камбайнера краіны будуць вылічваць з заробку за салярку

Перадавік-камбайнер намалаціў 2500 тон збожжа і атрымаў рахунак за 3 тоны перарасходу саляркі.

9909fb4b91f978655494664f60bec5cb.jpeg


Пад дэвізам «Больш намалоцяць — больш заплацяць» прайшло жніво-2017 у РУП «Беларуснафта-Асобіна», паведаміў onliner.by адзін з найлепшых паводле вынікаў працы камбайнераў Дзмітрый Чэбурахін і прыклаў разліковы лісток за жнівень. Замест чаканых тысяч ён атрымаў 500 рублёў. І яшчэ застаўся вінным у кошт будучага заробку.
— Ужо сем гадоў тут працую, — распавядае 28-гадовы трактарыст, які ў жніво працуе на камбайне. — Раней у нас была норма на мота-гадзіну — 33,6 літра саляркі. Гэтага было дастаткова. Былі і раней «пераборы» — яны неяк спісваліся. Улічвалі намалот, пройдзеную адлегласць, яшчэ нешта. Зразумейце, я не матэматык, не ведаю, як яно вылічваецца.
А цяпер, кажа Зміцер, стала 27,7 літра.
— Эканамісты зрэзалі, палічыўшы, што дастаткова. Нават рэкамендавалі 25 літраў за мота-гадзіну ўкласціся... Але атрымліваецца, што мне прасцей было ў кустах адседзецца, а потым прадаць паліва, чым стаць лідарам намалоту.
З першага ж заробку паводле вынікаў жніва з мяне ўтрымалі 1685 рублёў. Усяго ў мяне перарасходу налічылі 3 тоны — 3920 рублёў. Гэта значыць, за верасень я застаюся вінаватым сваёй арганізацыі яшчэ больш за 2 тысячы рублёў. Атрымліваецца, што працую і плачу за гэта?
Дзмітрый распавёў, што да моманту заканчэння жніва намалаціў 2500 тон збожжа — найлепшы вынік на ўчастку. Адкуль узяўся перарасход, ён паняцця не мае.
— Камбайн — гэта не машына, на якой можна ехаць 90 км/г з адным расходам, а 120 — з іншым. У яго ёсць прапускная здольнасць — 12 кг збожжа за секунду. Калі ўраджайнасць ніжэйшая за сярэднюю, я магу ехаць хутчэй. Тэхніка ні пры чым — я ўпэўнены ў паліўнай апаратуры свайго камбайна. Вы самі разумееце, я б не біўся ў адкрытую за свой заробак, калі б быў вінаваты.
Дзмітрый кажа, што ўсяго 7 чалавек атрымалі паперы з пералікам за лішні выдатак паліва. Двое пагадзіліся на вылікі з заробку.
— Іх напалохалі. А я далей у жніве ўдзельнічаць не буду і не хачу больш тут працаваць. Які ў гэтым сэнс?
У сувязі з канфліктам на «Беларуснафта-Асобіна» пачалася службовая праверка. Пра гэта распавяла намесніца дырэктара ў эканоміцы і фінансах РУП.
— Нормы на паліва сёлета не мяняліся, яны дзейнічаюць з 2015 года. Адна мота-гадзіна — 27,7 літра (гэта не астранамічная гадзіна, а ўмоўная адзінка, якая адпавядае пэўнай нагрузцы на рухавік), адна машына-гадзіна (час працы рухавіка) — 33,6 літра.
У нас існуюць два сельскагаспадарчыя ўчасткі ў Буда-Кашалёўскім участку. Так вось перарасход здарыўся ў большасці камбайнераў аднаго з участкаў. На ім жа — большасць нашых перадавікоў.
Кіраўніцтва прадпрыемства дапускае, што адной з прычын магло стаць парушэнне тэхналогіі жніва.
— Не мне, як эканамісту, гэта тлумачыць, але калі тэхналагічная хуткасць руху не выконваецца, то ехаць можна хутчэй і збожжа можна сабраць больш, але з дадатковай нагрузкай на рухавік. Пры гэтым не толькі расход паліва павялічваецца, але і страты збожжа.
Дырэктар прызначыў службовае расследаванне. Будуць вывучаныя вынікі ўсіх устаноўленых на камбайне датчыкаў. Калі яго вынікі пацвердзяць парушэнне тэхналагічнага рэжыму, то грошы з работнікаў будуць утрыманыя. Калі выявіцца, што справа ў наладах рухавіка — тады будзе ўсё вызначацца інакш. Цяпер на гэтых жа камбайнах падчас жніва кукурузы будуць працаваць іншыя механізатары. Паглядзім, што пакажа гэты эксперымент.
Паводле «Хартыі-97»