У Омску «пазычылі» традыцыю з Горадні, але без сэнсу. Вось чаму яна не падыходзіць Расіі

Міністр МНС Расіі прызнаўся, што падчас паездкі ў Беларусь яго ўразіла традыцыя на гарадзенскай пажарнай каланчы: апрануты ў старадаўнюю пажарную форму трубач штодзень паднімаецца на вежу і грае аўтэнтычныя мелодыі для гараджан. Не разабраўшыся з сэнсам, упадабаная ідэя была транспартавана ў Омск.

vokladka_127.jpg

На адной з самых вядомых славутасцяў Омска, пажарнай каланчы, цяпер гучыць вядомая ў расійскім супольстве мелодыя з песні Любові Ермалаевай «Омскія вуліцы». Як расказалі ў прэс-службе рэгіянальнага МНС Расіі, гэта новая традыцыя, ініцыятарам якой стаў кіраўнік МНС Расіі Аляксандр Куранкоў. 

— Падчас рабочай паездкі ў горад Горадня ў Рэспубліцы Беларусь я звярнуў увагу, што з мясцовай пажарнай каланчы гучыць мелодыя. Прапаную ўвасобіць гэтую ідэю ў нас, — прызнаўся ў траўні кіраўнік федэральнага ведамства.

 Гарадзенская пажарная каланча

 Гарадзенская пажарная каланча

Куранкоў прыязджаў у каралеўскі горад мінулай восенню: на пасяджэнне, ключавой мэтай якога было забеспячэнне эфектыўнага супрацоўніцтва ў пытаннях папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару. У сустрэчы акрамя Куранкова прымалі ўдзел міністр МНС Беларусі Вадзім Сяняўскі і яго казахстанскі калега Бауыржан Сыздыкаў. Сярод іншага яны дзяліліся вопытам прымянення беспілотных лятальных апаратаў, а таксама правядзення аварыйна-выратавальных работ на прадпрыемствах па вытворчасці і захоўванні выбуховых рэчываў. Пасля Куранкова правялі па шэрагу звязаных з МНС устаноў, у прыватнасці, пазнаёмілі і з гарадзенскай пажарнай каланчой. 

Каланча з'яўляецца ўнікальным у сваім родзе помнікам архітэктуры і адной з візітовак Горадні. Штодня за дзве хвіліны да апоўдня ля вежы збіраюцца турыстычныя групы і звычайныя мінакі, каб пачуць паўдзённую фанфару, якую іграе пажарны трубач на назіральнай пляцоўцы каланчы. Кожнаму дню тыдня адпавядае пэўная мелодыя — гэтая гістарычная традыцыя, якая існавала ў беларускіх пажарных яшчэ ў ХIX стагоддзі, была адроджана пасля рэстаўрацыі будынка ў 2009 годзе.

Варта звярнуць увагу на тое, што ў адрозненне ад Горадні, дзе з каланчы грае класічная музыка, мясцовыя Z-выданні паведамляюць, што ў Омску апоўдні будуць «раздавацца гукі патрыятычных кампазіцый». Shaman, ты?

Пажарная каланча ў Омску

Пажарная каланча ў Омску

Чаму Омску не падыходзіць гарадзенская традыцыя?

Кожная прыкметная традыцыя (асабліва калі гэта тычыцца «культавых» сфераў дзейнасці накшталт ратавальнікаў, арміі і авіяцыі), абавязкова мае асэнсаванне, напісанае альбо кроўю, альбо досведам. У ХIX стагоддзі мелодыя грала, вядома, не з забаўляльнымі мэтамі. З’яўленне трубача на пажарнай каланчы азначала спакойнае ды ціхае становішча ў горадзе: адсутнасць надзвычайных здарэнняў, катаклізмаў, пажараў, ваеннай пагрозы. Гараджане такім чынам былі ўпэўнены, што сёння ім нічога не пагражае, таму трубача празвалі Сімвалам бяспекі Горадні.

Расійцы ж гэтую дэталь альбо прапусцілі, альбо вырашылі заплюшчыць вочы.

Сімвал бяспекі Горадні

Сімвал бяспекі Горадні

Найбольш іранічнай дэталлю з’яўляецца тое, што Куранкоў прапанаваў омскім ратавальнікам пазычыць традыцыю «спакою» ўвесну, калі наведаў Омск падчас жорсткай паводкі.

Як паведамляла мясцовае ўпраўленне МНС, па стане на 11 траўня ўзровень вады ў Іртышы падняўся амаль на 9 метраў, а ў некаторых з вёсак — да 16 метраў. Толькі з пачаткам паводкі ў Омску і Омскай вобласці былі затоплены 317 жылых дамоў і 467 прысядзібных участкаў. Праз размыццё пяці аўтамабільных дарог адрэзанымі засталіся 19 населеных пунктаў, праезд у якія ажыццяўляўся пры дапамозе тэхнікі высокай праходнасці.

 Зыходзячы са звестак МНС, такі ўзровень вады ў рэгіёне пратрымаўся як мінімум да 30 траўня, пасля чаго пачаў падаць. Па словах ратавальнікаў, зоны затаплення былі падрыхтаваны загадзя. Так выглядаюць наступствы падрыхтоўкі да паводкі ў «звышдзяржаве».

Улетку лайфстайл Омска спакайнейшым не стаў — да горада, які знаходзіцца больш чым 2500 км ад Украіны, пачалі даносіцца водгаласкі «спецаперацыі».

Так, 26 жніўня на адным з найбуйнейшых нафтаперапрацоўчых заводаў РФ «Газпрамнафта-ОНПЗ» прагрымеў магутны выбух. Пажар ахапіў тэхналагічнае абсталяванне на плошчы каля 1000 квадратных метраў. Паводле інфармацыі з расійскіх неафіцыйных крыніц, выбух адбыўся на ўстаноўцы першаснай перапрацоўкі нафты АВТ-11. Reuters паведаміла, што Расія не прызнала прычыны выбуху, але ў гэтую ж ноч украінскімі беспілотнікамі быў атакаваны шэраг іншых прадпрыемстваў унутры тэрыторыі РФ. 

На омскім НПЗ з 2008 года вялася маштабная мадэрнізацыя, першая чарга якой была скончана летась. Удасканаленне завода ацэньвалася ў 77,2 мільёны долараў.

Выбух на «Газпрамнафта-ОНПЗ»

Выбух на «Газпрамнафта-ОНПЗ»

І нарэшце, пасля таго, як скрадзеная з беларускай Горадні еўрапейская традыцыя «прыжылася» ў краіне-агрэсарке, 12 верасня ў Омску пыхнуў адзіны ў РФ завод па вытворчасці гусеніц для цяжкай бронетэхнікі. У прыватнасці, прадпрыемства займаецца вырабам цяжкіх агнямётных сістэм «Санцапёк». Як патлумачыў губернатар Віталь Хацэнка, падчас рамонту нібыта загарэўся дах аднаго з цэхаў Омскага завода транспартнага машынабудавання.

«Омсктрансмаш» выконвае заказы ў ваеннай сферы і знаходзіцца пад санкцыямі ўсіх краін Еўрасаюза, ЗША, Японіі, Канады і Швейцарыі. 19 кастрычніка 2022 года кампанія таксама была ўключана ў санкцыйны спіс Украіны як абароннае прадпрыемства, якое вырабляе танкі і іншую вайсковую тэхніку.

Пажар на «Омсктрансмаш»

Пажар на «Омсктрансмаш»

Учора, 23 верасня, на тэрыторыі вайсковай часткі ў Омску быў спалены верталёт Мі-8. Расійскія прапагандысты паведамляюць, што двое школьнікаў нібыта ўварваліся на тэрыторыю вайсковай часткі ў Омску і спалілі лятальны сродак. Паводле сілавікоў, невядомыя абяцалі падлеткам грашовую ўзнагароду, аднак пазней яны перасталі выходзіць на сувязь, і хлопцаў затрымала ФСБ.

Спалены ў Омску верталёт

Спалены ў Омску верталёт

Кожнае са здарэнняў не стала нагодай для турбавання — бо стоўп дыму на гарызонце, гудзенне беспілотнікаў і пылаючыя прадпрыемствы становяцца спакоем нават за дзве з паловай тысячы кіламетраў ад Украіны.