У Смаргоні нехта павесіў на ліхтарныя слупы БЧБ-шарыкі. Судзілі 13 чалавек
У Смаргонскім раённым судзе днямі разглядалі грамадзянскую справу аб «парушэнні малых архітэктурных формаў». Адказчыкі — 13 мясцовых жыхароў, пазоўшчык — смаргонская ЖКГ, якой у лістападзе «была нанесеная шкода» ў памеры 95 рублёў 61 капейка.
Работнікам прадпрыемства прыйшлося здымаць паветраныя шарыкі са слупоў у свой выходны дзень, а самі шарыкі, згодна з пазовам, «парушалі малыя архітэктурныя формы ў горадзе», піша «Наша ніва» са спасылкай на TUT.BY.
Пазоў ЖКГ падтрымала пракуратура Смаргонскага раёна. Ніхто з адказчыкаў віны не прызнаў. Судовыя пасяджэнні па справе ішлі тры дні. У выніку ў дачыненні да 11 чалавек ЖКГ справу выйграла, у дачыненні да адной дзяўчыны — прайграла, у дачыненні да яшчэ аднаго смаргонца пазоў быў адкліканы пракурорам.
У справе разбіраўся суддзя Дзмітрый Дамарад.
— Суддзя, дарэчы, вельмі старанна разбіраўся, нам падалося, запытваў нейкія дадатковыя звесткі. Таксама на судовых пасяджэннях прысутнічаў пракурор Андрэй Клышэвіч, які склаў пазоў, і прадстаўнікі пазоўшчыка — юрысконсульт ЖКГ (на папярэднім слуханні) і вядучы эканаміст (на асноўных пасяджэннях). Прыходзілі і проста гараджане — распавядаюць мясцовыя.
Па іх словах, сутнасць справы такая: у нядзелю, 8 лістапада 2020 года, у Смаргоні праходзіла акцыя салідарнасці — людзі выйшлі ў горад з белымі і чырвонымі шарамі. Потым хтосьці развесіў іх высока на слупах уздоўж дарогі. Для таго, каб усё гэта зняць, работнікі ЖКГ, маўляў, былі вымушаныя выехаць у нядзелю, выходны дзень, на вуліцы Савецкую і Леніна. На прадпрыемстве палічылі, што гэтым ім нанесена шкода.
— Чаму адказчыкамі выступалі менавіта гэтыя людзі? Бо ў якасці доказаў была прыведзеная відэаздымка з акцыі, а яшчэ на людзей складалі адміністрацыйныя пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Вось так і атрымаліся грамадзянскія адказчыкі, — кажуць мясцовыя.
Людзі тлумачаць: у грамадзянска-працэсуальным кодэксе — яны гэта ўжо ведаюць — ёсць такое паняцце, як прэзумпцыя вінаватасці.
— Гэта значыць, што павінен даказваць сваю невінаватасць адказчык, а любая дэталь — прамая або ўскосная, якая ўказвае на вінаватасць, — з’яўляецца доказам віны. У гэтай справе ў якасці такога доказу і быў відэазапіс. Гэта значыць — людзі былі ў горадзе з шарыкамі, значыць, на гэтай падставе можна рабіць выснову, што яны гэтыя шарыкі і развесілі, — распавядаюць мясцовыя жыхары.
У выніку пракурор патрабаваў пакрыццё шкоды, якую нанеслі людзі развешваннем шарыкаў ЖКГ: яго ацанілі ў 95 рублёў 61 капейку. Сюды ўваходзяць праца ў выходны дзень супрацоўнікаў прадпрыемства, адлічэнні ў сацыяльны фонд, страхавыя адлічэнні, праца аўтапад'ёмніка, таксама быў налічаны ПДВ.
— Але ў выніку адказчыкам неабходна сумарна выплаціць ЖКГ 70 рублёў. Аказалася, што пракурор у пазове прыраўняў працу супрацоўнікаў да шкоды, але яны абкладаюцца падаткам па-рознаму. У выніку сума была меншай, — тлумачаць удзельнікі працэсу. — ЖКГ выйграла справу ў 11 чалавек, у адной дзяўчыны прайграла — яе падчас акцыі не было ў горадзе — у дачыненні да аднаго чалавека пракурор зняў пазоў. У якасці доказу, дарэчы, пракурор у пазове прыводзіў той факт, што ў дачыненні да гэтых людзей былі складзеныя адміністрацыйныя пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемства.
Таксама мясцовыя жыхары кажуць, што ў судзе ні пракурор, ні прадстаўнікі ЖКГ так і не змаглі распавесці, як у той дзень у Смаргоні былі парушаныя малыя архітэктурныя формы і што гэта наогул такое.
— Пракурор прапанаваў адказчыкам знайсці вызначэнне ў заканадаўчых актах самастойна, а суддзя ўдакладніў, што аб вызначэнні «малыя архітэктурныя формы» ўсё яшчэ спрачаюцца спецыялісты, — распавядаюць смаргонцы. — У судзе апыталі таксама электраманцёра ЖКГ.
Ён растлумачыў, што шарыкі віселі на ізаляванай металаканструкцыі — і дратам або нейкім іншым элементам шкоду не маглі нанесці, метал на ліхтарах не быў пашкоджаны.
Увогуле, нічога наогул не здарылася — шарыкі проста павіселі. У судзе так і не высветлілі яшчэ, хто прыняў рашэнне ўсё ж здымаць гэтыя шарыкі. Высветлілася толькі, што ў ЖКГ паступіла паведамленне з мясцовага РАУС, а туды нібыта тэлефанавалі нейкія жыхары з нагоды белых і чырвоных шароў на слупах. Адзін з адказчыкаў заўважыў: «Чаму хтосьці прыняў рашэнне здымаць гэтыя шарыкі, а плаціць павінен я?»
Смаргонцы збіраюцца падаваць апеляцыі.
— Справа хоць і невялікая, але адняла ва ўсіх шмат часу і сіл. І галоўнае: людзі не лічаць сябе вінаватымі, — кажуць мясцовыя жыхары.