У Вільні выйшла кніга «Ля вытокаў беларускай палітычнай навукі»

У Вільні пры падтрымцы прадстаўніцтва Фундацыі імя Конрада Адэнаўэра па Беларусі сумесна з Еўрапейскім гуманітарным універсітэтам выдадзена кніга «Ля вытокаў беларускай палітычнай навукі» / «At the origins of Belarusian political science» пад рэдакцыяй дацэнтаў Уладзіслава Іванова і Андрэя Сцяпанава.

img_2794.jpg

Кніга ўвасабляе сабой зборнік працаў палітолагаў і паліталагіняў, якія стаялі ля вытокаў сучаснай беларускай палітычнай навукі і якія звязаныя з ЕГУ ў розныя перыяды яго існавання. Маюцца на ўвазе тэксты такіх палітолагаў, як Сяргей Панькоўскі («Беларуская палітычная мадэль»), Ірына Бугрова («Ідэнтычнасць Беларусі: з досведу інтэрпрэтацыйнай паліталогіі»), Святлана Навумава («Сучасны беларускі палітычны дыскурс»), Віктар Чарноў («Эканамічны падмурак беларускага неасавецкага аўтарытарызму (2008-2011)») і Уладзімір Роўда («Посткамуністычная мафіёзная дзяржава: прыклад Беларусі»). Гэта своесасаблівая даніна памяці піянер-к-ам беларускай палітычнай навукі, якія, на жаль, заўчасна пакінулі нас.

Прадмову да кнігі напісаў палітолаг Валер Карбалевіч, які асабіста ведаў аўтараў-ак і які сам належыць да пакалення пачынальнікаў і ўжо класікаў сучаснай беларускай палітычнай навукі.

Прадстаўленыя ў зборніку тэксты прапануюць паліталагічны аналіз сацыяльнай мадэлі, палітычнай сістэмы, рэжыму, які з’явіўся ў Беларусі пасля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі. Каштоўнасць тэкстаў таксама ў тым, што ў іх прысутнічае смелая і крытычная ацэнка грамадскіх і гістарычных працэсаў, масавай свядомасці, якія ўплывалі і спрычыніліся да фармавання новай палітычнай сістэмы ў краіне. Да ўсяго, дадзеныя тэксты дапамагаюць лепш зразумець, якой была Беларусь трыццаць год таму і як сфармавалася цяперашняя беларуская дыктатура.

Зборнік прадстаўлены ў дзвюх моўных версіях (беларускай і англійскай) — «Ля вытокаў беларускай палітычнай навукі» і «At the origins of Belarusian political science», а таксама даступны ў электронным фармаце. Кніга будзе цікавая і карысная шырокаму колу чытацтва: не толькі палітолагам, але ўсім спецыяліст-к-ам у сацыяльных навуках, а таксама тым, хто займаецца і цікавіцца беларусікай.