У беларускі ўніверсітэт можна паступіць на бюджэт, набраўшы 71 бал з 400
Апошні дзень прыёму дакументаў на бюджэт — 15 ліпеня — паказаў, што не ўсім беларускім ВНУ хапіла студэнтаў. Універсітэты вымушаныя браць нават тых, хто набірае менш за 100 балаў з 400. Асабліва нізкія прахадныя балы ў рэгіянальных ВНУ.
Naviny.by падвялі папярэднія вынікі паступлення на бюджэт па дадзеных на 15:00 15 ліпеня. Пасля гэтай гадзіны інфармацыя пра ход падачы заяў не абнаўляецца. А 18:00 прыёмныя камісіі спыняць выдаваць дакументы для падачы на іншую спецыяльнасць, але працягнуць прымаць у абітурыентаў, якія паспелі зайсці ў будынак ВНУ.
Нацыянальныя ўніверсітэты план, хутчэй за ўсё, выканаюць
Біялагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта запоўніць бюджэтныя месцы, будуць студэнты і на платным аддзяленні. Да 15 гадзін было пададзена 203 заявы, а набраць плануецца 156 чалавек на бюджэт і 126 на платную форму. Мяркуючы па тым, як складваецца конкурс, стаць студэнтам гэтага факультэта можна, набраўшы не менш за 245 балаў.
Нагадаем, максімальны бал — 400, які складаецца з сумы трох сертыфікатаў ЦТ (максімум 100 кожны) і сярэдняга бала атэстата, памножанага на 10.
Набярэ бюджэтнікаў і гістарычны факультэт — ужо пададзена 124 заявы, а на бюджэце 90 месцаў. Самыя высокія балы ў трох абітурыентаў — ад 371 да 380, самыя нізкія — ад 131 да 140.
Механіка-матэматычны факультэт, хутчэй за ўсё, запоўніць усе месцы — і платныя, і бясплатныя: на 200 бюджэтных і 10 платных месцаў прэтэндуе 253 абітурыенты. Мяркуючы па ўсім, непрахаднымі стануць балы ніжэй 160.
Амаль такая ж сітуацыя на факультэтах прыкладной матэматыкі і інфарматыкі, радыёфізікі і камп'ютэрных тэхналогій.
Самыя высокія балы ў БДУ ў абітурыентаў, якія падалі дакументы на факультэт міжнародных адносін. У чатырох балы вышэйшыя за 391. На гэтым факультэце будуць запоўненыя бюджэтныя месцы, але платныя, хутчэй за ўсё, не ўсе. Напрыклад, на спецыяльнасць «міжнародныя адносіны, міжнароднае права» ёсць 24 бюджэтных і 124 платных месцы, а заяў толькі 64.
Сярод прыродазнаўчых спецыяльнасцяў самыя высокія балы ў абітурыентаў на хімічным факультэце — трое набралі вышэй за 391 бал. Столькі ж у аднаго абітурыента на факультэт прыкладной матэматыкі. Яшчэ адзін абітурыент, які паступае на бюджэт, і мае балы вышэйшыя за 391 на факультэт журналістыкі.
Уражваюць балы абітурыентаў, якія паступаюць у Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт. У двух балы вышэйшыя за 391, у 21 — ад 381 да 390, у 35 — ад 371 да 380, у 61 — ад 361 да 370. Мяркуючы па дынаміцы падачы дакументаў, будуць запоўненыя і бюджэтныя, і платныя месцы.
У БДУІР запоўненыя практычна ўсе бюджэтныя месцы, самы высокі прахадны бал сфармаваўся на спецыяльнасці «эканоміка электроннага бізнэсу» (364) і «праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій» (360).
Узровень базавай падрыхтоўкі будучых педагогаў катастрафічна падае
Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт зноў прымае на некаторыя спецыяльнасці (14 з 28) без уступных выпрабаванняў абітурыентаў, якія скончылі школу з залатым або сярэбраным медалём, а таксама тых, хто скончыў ССНУ з адзнакай.
У 2014 годзе такой магчымасцю скарысталіся і падалі дакументы 79 медалістаў і выдатнікаў. Гэта ў чатыры разы больш, чым у 2013-м. У гэтым годзе хочуць стаць педагогамі 117 медалістаў, але без экзаменаў пакуль толькі каля 60.
Мяркуючы па актыўнасці абітурыентаў, бюджэтныя месцы будуць запоўненыя, але пры гэтым балы абітурыентаў часам засмучаюць. Напрыклад, на 125 бюджэтных месцаў фізіка-матэматычнага факультэта пададзена 106 заяў, з якіх у аднаго абітурыента менш за 100 балаў, у шасці — 111—120, у 12 — 121—130. Толькі адзін абітурыент, які паступае на гэты факультэт, можа пахваліцца прыстойнай сумай балаў — 361—370.
На факультэт пачатковай адукацыі падалі дакументы 172 чалавекі на 105 бюджэтных месцаў, з якіх толькі 35 чалавек набралі больш за 200 балаў.
На спецыяльнасць «лагапедыя, алігафрэнапедагогіка, сурдапедагогіка, тыфлапедагогіка» высокія балы (331—340) толькі ў аднаго абітурыента. Яшчэ двое абітурыентаў гістарычнага факультэта набралі 321—330 балаў.
У рэгіёнах стаць студэнтам яшчэ прасцей
Абітурыенты, якія паступаюць у рэгіянальныя ВНУ, дэманструюць вельмі нізкі ўзровень падрыхтоўкі.
Так, у Баранавіцкім універсітэце на інжынерным факультэце на спецыяльнасць «інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі» пададзена больш заяў, чым ёсць бюджэтных месцаў (59 супраць 36). Пры гэтым, мяркуючы па балах, студэнтам можна стаць, набраўшы 145 балаў, а на спецыяльнасць «эканоміка і арганізацыя вытворчасці (машынабудаванне)» досыць 120 балаў.
Самыя нізкія балы ў абітурыентаў інжынерна-педагагічнага факультэта Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта, студэнтамі якога могуць стаць два абітурыенты, якія набралі 71—80 балаў, пяць — 81—90, шэсць — 91—100, два — 101—110 балаў. Тут на 30 бюджэтных месцаў на спецыяльнасці «прафесійнае навучанне (будаўніцтва)» і «прафесійнае навучанне (аграінжынер)» пададзена 18 заяў. Так што калі прыйдзе абітурыент з яшчэ меншымі баламі, яго з радасцю прымуць.
Акрамя таго, ва ўніверсітэце засталіся тры месцы на бюджэт на «матэматыку і інфарматыку», а таксама адно месца на «рускую мову і літаратуру».
У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце на ўсе факультэты, за выключэннем фізіка-тэхнічнага, колькасць пададзеных заяваў большая, чым бюджэтных месцаў.
Безумоўна, гэтыя вынікі толькі папярэднія.
Як адзначыў у каментары для Naviny.by намеснік адказнага сакратара прыёмнай камісіі БДУ Вячаслаў Малафееў, на запатрабаваныя факультэты ў апошнюю гадзіну прыёму дакументаў можа прыйсці хлопчык ці дзяўчынка з баламі каля 400 і збіць конкурс. У выніку тыя, хто яшчэ тры гадзіны таму праходзіў на бюджэт, акажуцца платнікамі.
Магчыма, абітурыентам было б прасцей выбіраць спецыялізацыю, калі б ім дазволілі здаваць не тры, як цяпер, а чатыры прадмета на цэнтралізаваным тэставанні. Пра такую магчымасць гаварыў міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў, падводзячы папярэднія вынікі ЦТ.
Вячаслаў Малафееў лічыць, што гэта было б добра для абітурыентаў — здаўшы яшчэ адзін прадмет, яны б пашырылі спіс спецыяльнасцяў, на якія маглі б паступаць. А для ўніверсітэтаў знізілася б вастрыня праблемы недабору студэнтаў.