У дапаможніках не прапісана

Ужо на наступным тыдні распачнецца датэрміновае галасаванне на парламенцкіх выбарах. Пакуль доўгатэрміновыя назіральнікі заклапочаныя цэнзураваннем выступаў кандыдатаў у дэпутаты, але ў хуткім часе паўстане стабільная, як сама Беларусь, праблема электаральнага працэсу — доступ назіральнікаў да падліку галасоў.
 

Да слова, на гэтым тыдні старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына заявіла, што назіральнікі будуць мець магчымасць свабодна глядзець за падлікам галасоў. Праўда, тое не прапісана ў дапаможніках. Кіраўніца ЦВК распавяла, што цяпер у выбарчых камісіях праходзяць ролевыя гульні, падчас якіх асаблівая ўвага надаецца ролі назіральніка пры падліку галасоў.
Цэнтрвыбаркам распрацаваў адмысловыя дапаможнікі для акруговых і ўчастковых выбарчых камісій, у якіх «у гульнявым варыянце проста даецца адказ на пытанне», цытуе Ярмошыну БелаПАН. У той жа час, адказваючы на пытанне, ці змогуць назіральнікі бачыць пры падліку галасоў, за якое прозвішча прагаласаваў выбаршчык, Ярмошына адзначыла: «У дапаможніках мы такое ніколі не пішам — гэта занадта суб’ектыўна».
У дапаможніку для сябраў участковых камісій указана, што «назіральнікі, якія прысутнічаюць пры падліку галасоў, займаюць месцы, што дазваляюць ім назіраць за дзеяннямі сябраў участковай камісіі, але так, каб не ствараць пры гэтым перашкод іх працы». Акрамя таго, там апісваецца сітуацыя з удзелам назіральніка: «Назіральнік заявіў, што знаходзіцца далёка ад стала, на якім падлічваюцца бюлетэні, не бачыць працэсу падліку, таму заняў месца бліжэй да стала. Старшыня вярнуў назіральніка на ранейшае месца і папярэдзіў, што выдаліць з памяшкання для галасавання, калі ён будзе падыходзіць бліжэй. Назіральнікі маюць права не толькі прысутнічаць пры падліку галасоў, але мець рэальную магчымасць назіраць працэдуру падліку. Таму старшыня камісіі не мае права ігнараваць такую просьбу: ён павінен указаць назіральнікам месца іх размяшчэння, якое дазваляе аглядаць падлік».
Раней прадстаўнікі ЦВК абяцалі забяспечыць магчымасць назірання за працэдурай падліку галасоў. «У ЦВК нас запэўнілі, што нашы назіральнікі змогуць свабодна назіраць за падлікам галасоў», — паведаміў БелаПАН кіраўнік доўгатэрміновай місіі Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ Антоніа Мілашоскі.
Да слова, свой «Дапаможнік па маніторынгу выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 2012 года для кароткатэрміновых і доўгатэрміновых назіральнікаў» падрыхтавалі і адмыслоўцы кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары». У выданні дэталёва і даступна аналізуюцца дзеянні назіральнікаў падчас кожнага этапу выбарчай кампаніі, пададзеныя ўзоры заяваў і справаздач, неабходныя для працы назіральнікаў. З дапаможнікамі можна азнаёміцца на сайце spring96.org.
Доступ назіральнікаў да падліку галасоў і на адкрытых участках заўсёды выклікае пытанні — звычайна назіральнікаў размяшчаюць на адлегласці ў некалькі метраў, а члены камісій закрываюць стол з бюлетэнямі сваімі спінамі. Надта актыўныя назіральнікі, як уздумаюць пратэставаць, рызыкуюць апынуцца за дзвярыма па рашэнню старшыні камісіі.
Але ёсць участкі для галасавання, куды назіральнікі фактычна ніколі і не трапляюць — так званыя закрытыя ўчасткі. Сёлета ЦВК сфарміраваў 6 344 участкаў для галасавання. З іх 268 знаходзяцца ў санаторыях, прафілакторыях, дамах адпачынку, бальніцах ды іншых стацыянарных лячэбна-прафілактычных установах, 39 — у воінскіх частках.
Прадстаўнік кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Валянцін Стэфановіч гаворыць, што за шматгадовую практыку назірання яму нават цяжка ўзгадаць прыклады, калі на такія ўчасткі атрымалася патрапіць. «Вядома, што ў воінскіх частках фактычна ўсё галасаванне адбываецца ў датэрміновы перыяд. У бальніцах, санаторыях людзі больш вольныя, і тут ужо самі вырашаюць, калі ім апусціць бюлетэнь у скрынку. Але я звяртаю ўвагу, што правы выбарцаў на закрытых участках нічым не адрозніваюцца ад агульных правоў выбарцаў. Увогуле, такія ўчасткі складаюць невялікі адсотак ад агульнай колькасці, таму нас цяпер найперш цікавіць назіранне за працэсам датэрміновага галасавання», — зазначыў Валянцін Стэфановіч.
На апошніх прэзідэнцкіх выбарах, па інфармацыі ЦВК, яўка на закрытых участках склала 99,1%. За дзейнага кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнку там аддалі свае галасы 89,1% выбарцаў. Вось як выглядаюць узорна-паказальныя ўчасткі, на якія мусяць раўняцца астатнія.