Пазбавіцца ад комплексу тутэйшасці

Толькі здзейсніўшы паўнавартаснае вывучэнне ўсіх аспектаў свайго мінулага мы, беларусы, нарэшце, зможам скончыць працэс фармавання сваёй нацыянальнай самасвядомасці і адмовімся ад адвечнага комплексу «тутэйшасці».



img_9798.jpg

У пачатку 1990-х гадоў я ўпершыню наведаў замак Радзівілаў у Нясвіжы. Тады ні я, ні мае бацькі не ведалі гісторыю гэтага знакамітага гістарычнага месца.

Безумоўна, усе мы чыталі гістарычныя раманы Уладзіміра Караткевіча, але мала хто звязваў падзеі, якія адбываліся ў гэтых творах з беларускай зямлёй. Мы ж прывыклі бачыць Беларусь вясковую, сярмяжную, а тут замкі, рыцары, князі.

У школьных гістарычных падручніках маім бацькам распавядалі аб “цяжкай долі беларускага сялянства, пра “векавую барацьбу беларусаў за ўз’яднанне з усходнім суседам, пра “польскіх і літоўскіх паноў-прыгнятальнікаў і, самае галоўнае, пра тое, што “у нашых продкаў не было традыцыі дзяржаўнасці а  “Беларусь стварылі празорлівыя бальшавікі.

Але часы змяняліся, і на змену “савецкай трактоўцы гісторыі прыйшла нацыянальная беларуская. Менавіта тады беларусы ўпершыню за доўгія дзесяцігоддзі даведаліся пра тое, што былі ў нас і свае замкі, і свае рыцары і свае князі і графы, а вытокі беларускай дзяржаўнасці былі закладзены задоўга да з’яўлення БССР у 1919 годзе.

З першых жа дзён незалежнасці ў навукова-гістарычным асяроддзі Беларусі разгарнуліся спрэчкі па пытанні: “Хто мы і адкуль?. На змену савецкай канцэпцыі разгляду гістарычнага мінулага Беларусі прыйшла нацыянальная. Вярталіся з нябыту раней не вядомыя гістарычныя сюжэты. Людзі, раптам даведаліся, што Беларусь са старажытных часоў была часткай еўрапейскай цывілізацыі.

У асяроддзі гісторыкаў тады ішлі моцныя спрэчкі. Хтосьці працягваў адстойваць ідэю аб тым, што протапластам Рэспублікі Беларусь з’яўляецца БССР, а ўсё, што было да 1917 года, гэта не актуальна. Іншыя сцвярджалі, што традыцыі дзяржаўнасці варта шукаць у сярэднявечным Вялікім Княстве Літоўскім і Беларускай Народнай Рэспублікі. Важным было тое, што ў гэтай гістарычнай дыскусіі нараджалася ісціна.

У сярэдзіне 1990-х у сувязі з вядомымі палітычнымі падзеямі сітуацыя цалкам змяніліся. У гістарычнай навуцы адбыўся зварот да савецкіх пастулатаў, а нацыянальныя матывы сталі паступова выкараняцца. З гэтага моманту гістарычнае мінулае Беларусі нібы падзялілі на заўгодную і непажаданую гісторыю. Усё гэта ўплывала на фарміраванне ў беларускага грамадства комплексу гістарычнай непаўнавартасці і запавольвала працэс фарміравання нацыянальнай самасвядомасці.

Пакуль літоўцы абгрунтоўвалі сваё права на спадчыну Вялікага Княства Літоўскага, палякі аднаўлялі памяць аб Першай і Другой Рэчы Паспалітай, украінцы адраджалі традыцыі сваёй казацкай дзяржаўнасці, беларусы працягвалі «настальгіраваць» па савецкай імперыі.

У гэтым “падвешаным стане беларускае грамадства ступіла ў XXI стагоддзе. Сёння гістарычнае навука ў Беларусі знаходзіцца пад асаблівым кантролем дзяржавы. Сталі значна больш жорсткімі падыходы да ацэнкі кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый. Многія працы “зарубаюцца. Усё гэта вядзе да таго, што на замену выкладчыкам старой генерацыі прыйсці проста няма каму. Калі браць усе вобласці навукі, то сёння ў рэспубліцы 60% дактароў навук — гэта людзі старэйшыя за 65 гадоў, а 40% кандыдатаў навук дасягнулі пенсійнага ўзросту.

Іншай праблемай з’яўляецца тэматыка даследаванняў. У адным са сваіх выступаў у лютым гэтага года Аляксандр Лукашэнка заявіў: «Гуманітарыі не спраўляюцца з задачай сур’ёзнага навуковага суправаджэння ідэалогіі і працы з насельніцтвам. Нашыя апаненты, перш за ўсё, на Захадзе, выкарыстоўваюць усё больш выдасканаленыя паліттэхнолагі, а навукоўцы не ў стане прапанаваць эфектыўныя метады супрацьстаяння ім. У навуковым асяроддзі не спыняюцца спробы аддаць забыццю славянскія карані беларускага народа, растварыць наша мінулае ў гісторыі, як Польшчы, так і Літвы.

Варта, аднак, разумець, што гісторыя Вялікага Княства Літоўскага — гэта не столькі літоўская, колькі беларуская гісторыя. Менавіта беларускія землі называліся “гістарычнай Літвой, а наш народ аж да ўваходжання ў склад Расійскай Імперыі называўся “ліцьвінамі. І толькі ў XIX стагоддзі з’явілася назва “беларусы. Неабходна таксама разумець, што Першая Рэч Паспалітая была па сутнасці дуалістычнай манархіяй, якая складалася з этнічна польскіх земляў “Кароны, і «Княства» — беларуска-літоўскіх земляў ВКЛ. Таму гісторыя гэтай, некалі магутнай еўрапейскай дзяржавы, не чужая для беларусаў.

Акрамя гэтага, нельга забываць, што ў складзе міжваеннай Польшчы (1918–1939 гг.) знаходзіліся заходне-беларускія тэрыторыі, вывучэнне гісторыі якіх не можа зводзіцца толькі да даследавання аспектаў камуністычнай падпольнай барацьбы супраць польскай адміністрацыі і падзей т.зв. “Вызваленчага паходу 17 верасня 1939 года. Гісторыя жыцця беларусаў у складзе Другой Рэчы Паспалітай — гэта вялікі і, на жаль, слаба вывучаны беларускімі даследчыкамі перыяд нашай нацыянальнай гісторыі. Беларускае грамадства толькі зараз пачынае пазнаваць праўду пра тыя падзеі. Дарэчы, аналіз гэтага эпізоду нашай нацыянальнай гісторыі дапаможа даць адказы на многія надзённыя пытанні сучаснасці.

Штучны падзел тэм гістарычных даследаванняў на пажаданыя і непажаданыя прыводзіць да адмоўных для навукі наступстваў. Непрыемны інцыдэнт са звальненнем выкладчыка Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта ім. Янкі Купалы Андрэя Чарнякевіч яскравы таму прыклад. «Яблыкам разладу» у дадзеным выпадку стаў выдадзены ва Ўроцлаве (Польшча) на беларускай мове падручнік “Гродназнаўства. Гісторыя еўрапейскага горада, адным з аўтараў якога і з’яўляўся Чарнякевіч. У кнізе ў даходлівай і зразумелай звычайнаму абывацелю форме выкладзены факты з гісторыі Гродна. Варта адзначыць, што такіх свабодных ад ідэалагічных штампаў гістарычных прац не хапае ў Беларусі.

Афіцыйнай падставай звальнення Андрэя Чарнякевіча стаў факт сістэматычнага парушэння працоўнай дысцыпліны. На самой справе, падставай стаў удзел гісторыка ў напісанні вышэй адзначанай кнігі. На жаль, такія выданні не ўпісваюцца ў прынятыя ў Беларусі каноны дзяржаўнай гістарыяграфіі. Да таго ж звольнены гродзенскі гісторык мае актыўную грамадзянскую пазіцыю і не раз уступаў у палеміку з гродзенскай вертыкаллю ўлады за захаванне гісторыка-культурнай спадчыны гэтага заходне-беларускага горада.

Дарэчы, у «Гродназнаўстве» прыводзяцца факты таго, як у горадзе над Нёманам знішчаюцца гісторыка-культурныя помнікі (с. 248). Апісанне гісторыі горада ў кнізе завяршаецца на падзеях атрымання Беларуссю незалежнасці ў 1991 г. і прыняцці дзяржаўнай сімволікі: герба “Пагоня і “бел-чырвона-белага сцяга (с. 318). Аб сучаснай гісторыі Гродна (з 1991 г.) аўтары вырашылі не пісаць, палічыўшы, што такога роду даследаванне хутчэй набліжана да сферы палітыкі, чым гісторыі. І гэтага хапіла, каб “запісаць падручнік у непажаданыя выданні, а аднаго з яго аўтараў пазбавіць працы.

Вось толькі некаторыя выклікі, на якія прыходзіцца шукаць адказ тым, хто сёння працуе ў сферы гістарычнай навукі ў Беларусі. На маю думку, галоўная задача, якая стаіць перад беларускімі гісторыкамі сёння, заключаецца ў тым, каб, не гледзячы ні на што данесці беларускаму грамадству праўду аб гістарычным мінулым іх краіны. Пры гэтым вялікую ролю ў гэтым адыгрывае Інтэрнэт. У сваю чаргу, беларускай вертыкалі ўлады варта зразумець, што гісторыя Беларусі цэласная. У ёй не можа быць дазволеных, ці не дазволеных тэм і сюжэтаў. Толькі здзейсніўшы паўнавартаснае вывучэнне ўсіх аспектаў свайго мінулага мы, беларусы, нарэшце, зможам скончыць працэс фарміравання сваёй нацыянальнай самасвядомасці і адмовімся ад свайго адвечнага комплексу «тутэйшасці».