У каго? Навошта? Колькі?
Старшыня верхняй палаты Нацыянальнага сходу назваў Беларусь буфернай дзяржавай. Не было б нічога дзіўнага, каб такі вырак зрабілі сучасныя рускія нацыяналісты або бальшавікі ленінска-сталінскіх часоў. У вуснах галоўнага беларускага сенатара ён сведчыць пра яго поўную службовую неадпаведнасць.
Старшыня верхняй палаты Нацыянальнага сходу назваў Беларусь буфернай дзяржавай. Не было б нічога дзіўнага, каб такі вырак зрабілі сучасныя рускія нацыяналісты або бальшавікі
ленінска-сталінскіх часоў. У вуснах галоўнага беларускага сенатара ён сведчыць пра яго поўную службовую неадпаведнасць.
Тэрмін «буферная дзяржава» ўжываецца ў падручніках як паняцце для абазначэння выніку кампрамісу двух-трох ці больш моцных дзяржаў, прэтэнзіі якіх на абсалютнае панаванне на прасторы
сутыкнення сваіх дзяржаўных і нацыянальных інтарэсаў смяротна пагражаюць існаванню кожнай з іх. Таму яны па ўзаемнай дамоўленасці ствараюць у аспрэчваемым цэнтры інтарэсаў нейкую псеўдадзяржаву, з
правам для кожнага з бакоў заходзіць у яе адміністратыўную прастору настолькі, наколькі гэта дазваляюць інтарэсы палітычных апанентаў.
Пагрозы Беларусі зыходзяць, зразумела, у большасці, ад яе самой. Перш-наперш, ад людзей, якім выпаў шанец ачоліць беларускую дзяржаву. Відавочна, што гэты цяжар ім не па плячах. Пра гэта яскрава
сведчыць памкненне захаваць для сябе, можна сказаць, асалоду, якую дае палітычнае панаванне над шматмільённым народам. А сам народ трымаць у лейцах бясконцых абяцанак. Да гэтага часу кіраўніцтва не
выказалася дастаткова выразна наконт свайго стаўлення да дзяржаўнага суверэнітэту Беларусі. Мусіць, яно мяркуе, што такім чынам атрымае неразменны (вечны) рубель у сваю кішэню. У выніку народ,
грамадства, беларуская супольнасць марнуюць час і сілы на барацьбу з ветракамі.
Беларусь жа, не толькі грамадзянская супольнасць (увогуле, якая там супольнасць, калі да беларусаў звяртаюцца не інакш, як з удакладненнем — «Гражданин, пройдемте!» Куды?
Не інакш, як будаваць грамадзянскую супольнасць), патрабуе карпатлівага лекавання. Які курс будзе — лагодны тэрапеўтычны, або шокавы з ампутацыяй — ужо не прынцыпова.
Тым, што сёння ва ўладзе, магчыма, не хапае разумення сітуацыі. Той жа Лукашэнка, калі рабіць высновы з яго паводзінаў, відаць, лічыць, як схапіў аднаго разу Бога за бараду, так яе і не адпусціць. На
самай справе, усе больш сур’ёзна. Як і абсалютная бальшыня сучасных дзяржаў (не толькі еўрапейскіх), Беларусь узнікла ў выніку крушэння магутных імперый. Але ў такі час, калі ўжо здавалася,
што беларускаму народу ніколі не ўдасца набыць сваю дзяржаўнасць. Гэта здарылася не ў выніку відавочнай ваеннай паразы СССР, а ў той час, калі ён, як здавалася, падняўся на вяршыню сваёй моцы. Калі
валавыя паказчыкі вытворчасці дасягнулі свайго гістарычнага максімуму. Ад гэтага ўзнікла ілюзія, што ў Беларусі нічога не трэба прынцыпова змяняць. Дастаткова захаваць наяўны патэнцыял, і можна смела
крочыць на заваёву агромністай прасторы, на якой усталяваўся першабытны хаос. Пра тое, што гэта разбурэнне можа быць перадумовай будучага будаўніцтва, нават думкі не ўзнікала.
У выніку задача стварэння адпаведных выклікам часу новых рэальнасцяў, з якіх пачыналася незалежнае існаванне амаль усіх нашых суседзяў, у Беларусі нават не разглядалася. Прынамсі, трэба было мэтай
паставіць стварэнне эканомікі, якая б адпавядала рэсурсным магчымасцям краіны, а (галоўнае) мела б здольнасць да самаразвіцця. У такім разе яна б атрымала магчымасць доступу да рэсурснай базы іншых
краін на ўмовах узаемнай выгады.
Тады б і спадар Рубінаў не змог бы сцвярджаць, што Беларусь — буферная дзяржава па прычыне свайго геапалітычнага становішча. З Усходу штурхаюць, з Захаду піхаюць, а на Поўдні і Поўначы
назіраюць, калі надыдзе час дзяліць беларускага кабанчыка. Ці тое, што ад яго застанецца. Тыя, хто зараз кіруе, людзі канкрэтныя ў большай ступені, чым гэта трэба. Галоўная бяда ў іх страшэннай
блізасці да народа. Таму ў нас народная гаспадарка ёсць, а эканомікі няма. Бо мы згубілі сваё месца ў былым (агульнасаюзным) падзеле працы, а ў сусветным яго так і не знайшлі. Усё гаспадарчае жыццё
круціцца вакол двух НПЗ, з якімі звязваліся ўсе (сёння відавочна) марныя надзеі. А астатняя прамысловасць, якая павінна прыносіць здабыткі коштам рэалізацыі прадукцыі з вялікай дабаўленай вартасцю,
не здольная ўтрымоўваць нават саму сябе.
Гэта б можна было паказаць нават на (на самой справе жудасных!) лічбах афіцыйнай статыстыкі. Але ж яна складаецца ў асноўным не для нас, а для тых, хто прымае рашэнні.
А тыя не зважаюць. Раскрыўшы рот, слухаюць галоўнага гаспадарніка, які зноў цвердзіць, што грошы былі, ёсць і будуць.
Цікава, у каго, навошта і колькі?