У Магілёве ўкамплектаванасць урачамі складае 66%

У Магілёве ў сярэднім укамплектаванасць урачамі складае 66%. Як паведаміў 30 студзеня на прэс-канферэнцыі галоўны ўрач Магілёўскай цэнтральнай паліклінікі Аляксандр Старавойтаў, у залежнасці ад спецыяльнасці медыка працэнт укамплектаванасці вагаецца ад 56 да 80%.



mied.jpg

"Гэта сярэдняя ўкамплектаванасць па краіне. Па стацыянарных установах укамплектаванасць крыху большая, па паліклінічных — трохі меншая", — сказаў ён.


Цяпер у Магілёве праходзіць эксперымент, у ходзе якога асноўны ўпор у аказанні медыцынскіх паслуг робіцца на поліклінічную дапамогу. Сутнасць эксперыменту: не траціць сродкі, а перанакіраваць іх на першачарговыя патрэбы, паведаміў галоўны ўрач. "Рэфармаванне сістэмы аховы здароўя для таго, каб нашы пацыенты маглі атрымаць поўнае неабходнае абследаванне або пры неабходнасці лячэнне ў амбулаторна-поліклінічных установах", — сказаў Старавойтаў.


Ён паведаміў, што сёння кошт лячэння ў звычайным стацыянары каштуе каля 320 тыс. рублёў у суткі, а ў дзённым стацыянары каля 48 тыс. рублёў у суткі. "Таму сутнасць у тым, каб тыя, каму неабходна, лячыліся на ложках, а каму не трэба стацыянарнае лячэнне, атрымліваў лячэнне ў паліклініцы, якая знаходзіцца побач з яго месцам жыхарства, а харчаванне і пражыванне меў у дамашніх умовах", — сказаў медык.


Паводле звестак гарвыканкама, у 2012 годзе ў Магілёве памерла 4445 чалавек, у 2011-м — 5033. У сваю чаргу, некалькі вырасла нараджальнасць, таму натуральны прырост, паводле слоў Старавойтава, склаў 1 праміле.


У 2012 годзе ў горадзе выяўленне анкахворых з запушчанай стадыяй хваробы склала 13,1% (у 2011-м — 15,36%). Узровень дыягностыкі анкалагічных захворванняў на ранніх стадыях (I-II стадыі) склаў 70,7% пры нарматыве 70%.


У структуры агульнай смяротнасці на першым месцы па-ранейшаму хваробы сістэмы кровазвароту — 54,3%, на другім — новаўтварэнні (16,7%), на трэцім — няшчасныя выпадкі, якія складаюць 9,9%.

Уладзімір Лапцэвіч, БелаПАН