У ролі сапсаванага тэлефона
«Пасярэднікі — гэта крывое люстэрка і сапсаваны тэлефон. Таму я ненавіджу пасярэдніцтва!» — катэгарычна заявіў Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв’ю Савіку Шустэру з нагоды ўкраінскіх падзеяў. Але выглядае на тое, што Аляксандр Рыгоравіч пагадзіўся пабыць у ролі «сапсаванага тэлефона».
Украінскія ўлады даволі балюча адрэагавалі на ранейшыя словы кіраўніка Беларусі, што «Крым — дэ-факта Расія». Непрыемнасцю (але наўрад ці нечаканасцю) стала і тое, што Беларусь падтрымала Расію ў ААН падчас галасавання па статусе Крыма. У выніку, і адмысловае інтэрв’ю праграме «Шустэр live», і сустрэча з выконваючым абавязкі прэзідэнта Украіны Аляксандрам Турчынавым — усё было скіравана на тое, каб «змякчыць» ноту канфлікту паміж Беларуссю і паўднёвай суседкай.
Праграма «Шустэр live» прайшла пад адным дэвізам: ва ўсім вінаватыя мінулыя ўлады Украіны і сродкі масавай інфармацыі. Таксама варта зазначыць, што падчас сустрэчы ў Гомельскай вобласці Аляксандр Рыгоравіч некалькі разоў назваў Турчынава прэзідэнтам, хаця той — усяго толькі «выконваючы абавязкі». З аднаго боку, гэта імкненне завысіць статус перамоўшчыка, неяк усцешыўшы яго, з іншага — спроба патлумачыць папярэднія выказванні. Маўляў, калі «Крым — дэ-факта Расія», то і Турчынаў — дэ-факта прэзідэнт.
Згодна з даволі сціслымі паведамленнямі з сустрэчы двух кіраўнікоў у Ляскавічах, Лукашэнка даў украінскаму боку гарантыі таго, што беларускія войскі не будуць удзельнічаць у актах агрэсіі супраць Украіны, і Беларусь не стане той тэрыторыяй, з якой магчымы напад на нашу суседку «трэціх краінаў». Гэта галоўны вынік сустрэчы Лукашэнкі з Турчынавым для ўкраінскага боку. А вынік для беларускага боку? Акрамя таго, што Лукашэнка «лепей зразумеў сітуацыю», яго, пэўна, і не было.
Больш падрабязна пра Расію Лукашэнка расказаў у «Шустэр live». Па словах беларускага кіраўніка, падчас крызісу ва Украіне ён размаўляў з Пуціным не тое што амаль штодзённа, але іншым разам і два разы на дзень. І, калі анексію Крыма беларускі правадыр «прашляпіў», то зараз «адказна» заявіў Шустэру: «Прэзідэнт Пуцін не мае намераў ісці далей».
Усё гэта азначае, што, карыстаючыся тэрміналогіяй Лукашэнкі, дэ-факта ён, пры ўсёй нянавісці да пасярэдніцтва, стаў пасярэднікам у расійска-ўкраінскім канфлікце. Наўрад ці ён мог даць гарантыі ненападу на Украіну з беларускай мяжы аднаасобна: інакш навошта тады АДКБ? Такія гарантыі можна даваць толькі тады, калі ў краінах — сябрах ваеннага блоку (АДКБ, ізноў жа дэ-факта, ім і з’яўляецца) выпрацаваны нейкі механізм дзеянняў у адносінах да «верагоднага суперніка». І відавочна, такія гарантыі можна даць у тым выпадку, калі «Пуцін вырашыў спыніцца».
Увогуле, размаўляць ад імя Пуціна — справа, канешне, няўдзячная. Тым не менш, красамоўна тое, што словы Лукашэнкі расійскі бок не аспрэчваў. Так, Пуцін не мог заявіць у адказ: «Я вырашыў не спыняцца», але, калі б кіраўнік Беларусі такім чынам «сваявольнічаў», то Крэмль бы вуснамі якога-небудзь прэс-сакратара абавязкова што-небудзь сказаў бы пра «прыватнае меркаванне Аляксандра Рыгоравіча». Але зараз — маўчок.
Варта пагадзіцца з тым, што калі Аляксандр Лукашэнка — гэта «сапсаваны тэлефон» паміж уладамі Расіі і Украіны, то лепшага «сапсаванага тэлефона» знайсці цяжка. Спроба «ўладкавацца на двух крэслах» паміж Расіяй і Украінай у «крымскім канфлікце», падтрымліваючы адначасова і адзін, і другі бок, скончылася тым, што Лукашэнка стаўся самым аб’ектыўным і вартым даверу перамоўшчыкам. Нават далёкія ад гэтага канфлікту кітайцы і японцы не маглі б быць лепшымі пасярэднікамі, бо яны маюць тэрытарыяльныя прэтэнзіі да Расіі, якія зараз, у выніку анексіі Крыму, таксама могуць вырашаць «дэ-факта».
Баланс перамоўшчыка падтрымліваецца і эканамічнымі інтарэсамі. Вядома, што Беларусь моцна залежыць ад Расіі. Але і добрыя адносіны з Украінай не менш істотныя. Тут важна нават не тое, што таваразварот у мінулым годзе склаў 6,25 мільярда долараў, а тое, што сальда ў гэтым таваразвароце — на нашу карысць. Беларускі экспарт ва Украіну перавысіў імпарт з яе на 2,14 мільярда долараў, а такімі грашыма не раскідваюцца.
Сціслыя паведамленні з сустрэчы Лукашэнкі з Турчынавым, хутчэй за ўсё, засталіся такімі, таму што Аляксандр Рыгоравіч перадаваў украінскаму калегу нейкія прапазіцыі Расіі. Па вядомых прычынах, украінскае і расійскае кіраўніцтва не можа іх вырашыць сам-насам, а праблемаў багата. Найгалоўнейшыя з іх — газавыя і нафтавыя кантракты, а таксама праблема расійскай уласнасці ва Украіне (адзін мабільны аператар МТС чаго варты), і такая ж праблема ўкраінскай уласнасці ў Расіі.
Пасярэдніцтва ў расійска-ўкраінскім канфлікце можа шмат чаго даць Беларусі. Па-першае, канешне, паралельна вырашацца і свае пытанні — таго ж гандлю і таваразвароту. І па-другое, такія «пасярэдніцкія дзеянні», як спадзяецца Лукашэнка, ёсць і нейкай кароткатэрміновай гарантыяй бяспекі Беларусі.
Гаворачы ў «Шустэр live» пра сваё дыктатарства, беларускі правадыр агаварыўся: для таго, каб быць дыктатарам, трэба быць Сталіным, мець СССР і ядзерную зброю. «Тады можна дыктаваць, і дыктат камусьці навязваць. Але мы сваё месца выдатна ведаем пад сонцам Беларусі. Нам не да дыктоўкі, нам бы сваё не аддаць, абараніць», — сказаў ён.
На прыкладзе Крыму Лукашэнка заклапаціўся тым, каб «сваё абараніць». І пакуль разлік на тое, што «перамоўшчыкаў не б’юць».