Уцякачка з Данбаса просіць вярнуць у Беларусь абраз Маці Божай

Уцякачка з Данецка (Украіна), 46-гадовая Ганна Каласкова просіць вярнуць у Беларусь абраз “Каранавання Маці Божай”, пра што яна распавяла Ніне Багінскай.



baginskaya.jpg

Ніна Багінская

Гісторыю гэтай святыні спадарыня Ганна распавяла ў Кіеве ветэрану беларускага нацыянальнага адраджэння Ніне Багінскай падчас сустрэчы з беларускімі дэмакратычнымі актывістамі, якія 25 сакавіка ў Дзень Волі правялі ў сталіцы Украіны шэсце, прысвечанае 97-м угодкам Беларускай Народнай Рэспублікі і ініцыяванае аргкамітэтам па стварэнні руху салідарнасці “Разам”. Праз Ніну Багінскую Ганна Каласкова звярнулася да беларускіх журналістаў і патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі, мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Паўла з просьбай паспрыяць вяртанню святыні на Бацькаўшчыну. Вось што распавяла Ніне Багінскай Ганна Каласкова:

Вялікі цудатворны абраз “Каранавання Маці Божай”, што быў напісаны на палатне і знаходзіўся ў Магілёўскім кафедральным саборы Трох Свяціцеляў, у 1943 годзе быў выратаваны маёй бабуляй Марыяй Паўлаўнай Гапановіч падчас бамбёжкі горада пры ягоным вызваленні ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Мая любая бабуля нарадзілася ў Магілёве 12 сакавіка 1911 года. У гады Другой сусветнай вайны з праваслаўных храмаў горада яна выратавала шмат абразоў, якія пасля вызвалення Магілёва зноў занялі сваё пачэснае месца ў мясцовых цэрквах. Паколькі пашкоджаны цудатворны абраз “Каранавання Маці Божай” адмовіліся прыняць на ягонае ранейшае месца, знайшоўшы зручную прычыну, бабуля пакінула ікону ў сябе. А калі Марыя Гапановіч з’ехала на Украіну, дык з бласлаўлення мясцовага праваслаўнага ўладыкі — архіепіскапа Магілёўскага і Мсціслаўскага перадала святыню данецкаму архіепіскапу Антонію. Зараз абраз “Каранавання Маці Божай” знаходзіцца ў храме Міколы Цудатворцы ў Данецку.

Маці Божая блаславіла маю маці, мастачку Валянціну Каласкову падрыхтаваць для напісання спісу абраза адпаведнае ільняное палатно, дзеля чаго неабходна цягам 20–30 гадоў утрымліваць тканіну ў спецыфічных умовах — у сухім і цёмным месцы. Шмат гадоў маці ашчадна зберагала гэтае палатно, калацілася над ім і перад сваім сыходам у лепшы свет прасіла мяне давесці да канца задуманае — перадаць тканіну ў надзейныя рукі, каб напісалі копію абраза для храма Міколы Цудатворцы ў Данецку, а арыгінал святыні адрэстаўравалі і вярнулі ў Магілёўскі кафедральны сабор Трох Свяціцеляў. Прычым матуля завяшчала зрабіць гэта ўрачыста ў адпаведнасці з хрысціянскімі традыцыямі.

Заклікаю сваіх беларускіх сясцёр і братоў зрабіць усё неабходнае для таго, каб гэта абавязкова адбылося, бо ў Данецку зараз вядуць рэй бандыты і святыня, якой мая бабуля і маці прысвяцілі значную частку свайго жыцця, можа знікнуць незваротна і бясследна”.

Да звароту Ганны Каласковай трэба дадаць, што сярод яе продкаў — беларусы, украінцы, грэкі, грузіны і армяне. Аднак яна сябе лічыць беларускай, бо галоўную ролю ў яе выхаванні і сталенні адыграла менавіта бабуля-беларуска Марыя Паўлаўна Гапановіч — самы любы, родны і найлепшы ў свеце для спадарыні Ганны чалавек.